Тэрмін пад вартай абвінавачаным па «справе Tut.by» працягнулі яшчэ на два месяцы

На гэты момант 15 супрацоўнікаў Tut.by або звязаных з кампаніяй асоб знаходзяцца ў следчых ізалятарах або пад хатнім арыштам, нагадвае «Свабода».

1721cdd9_7c3d_420e_bbf1_8a750262a7ac_w1023_r1_s.webp

Некаторым абвінавачаным па «справе Tut.by» уручылі пастанову аб працягу утрымання пад вартай да 18 верасня 2021 года.

Пра гэта паведамляе сайт zerkalo.io, створаны былымі супрацоўнікамі Tut.by.

18 чэрвеня ўлады Беларусі заблакавалі Tut.by: у траўні 2020 на сайце было зафіксавана 176 млн наведванняў за месяц — гэта агульнабеларускі рэкорд. 15 чалавек, звязаных з сайтам, уключна з яго кіраўніцтвам, арыштаваныя. 

Пра пераслед Tut.by

18 траўня офіс рэдакцыі быў заблакаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзідэнт Парку высокіх тэхналогій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.

У справе затрыманыя агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы персанал медыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генеральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасля затрымання пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпертанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.

Сам сайт Tut.by заблакаваны рашэннем Мінінфармацыі.

У снежні 2020 года Tut.by на патрабаванне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджанні да матэрыялаў аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, дзейнасці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.

18 чэрвеня стала вядома, што МУС звярнулася ў суд, каб матэрыялы Tut.by прызналі экстрэмісцкімі і заблакавалі ўсе люстэркі і акаўнты парталу ў сацсетках.

Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.

28 чэрвеня Tut.by падаў пазоў у Эканамічны суд Мінску супраць адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій, каб аспрэчыць выключэнне са спісу рэзідэнтаў ПВТ.

5 ліпеня галоўнага бухгальтара Tut.by Анжэлу Асад, менеджара Андрэя Аўдзеева і дырэктара стартапу RocketData Дар’ю Данілаву перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага