Новы дзень — новыя ператрусы. Сілавікі прыйшлі да журналістаў незалежных СМІ і не толькі

Раніца 16 ліпеня распачалася з ператрусаў у журналістаў тэлеканала «Белсат».

3_camera_1200.jpg

Сілавікі прыйшлі да Глеба Лабадзенкі — вядоўцы праграмы «Кожны з нас».

«Ператрус», — Лабадзенка напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Глеб Лабадзенка распачаў шматлікія культурніцкія праекты, заснаваў курсы вывучэння беларускай мовы «МоваНанова».

Пазней Глеба Лабадзенку сілавікі адпусцілі. «Дзякуй усім, хто хваляваўся. Я дома», — напісаў ён.

З ператрусам прыйшлі і да журналісткі Галіны Абакунчык. Яна таксама паспела паведаміць пра гэта ў Facebook. «За мной прыйшлі», — напісала яна.

Да журналіста «Белсата» Ігара Ільяша прыйшлі сілавікі, паведаміла «Еўрарадыё». Як пазней паведаміў «Белсат», Ігара Ільяша затрымалі ў сувязі з крымінальнымі справамі, але яго статус (сведка ці абвінавачаны) невядомы

Справы паводле артыкулаў «Масавыя беспарадкі» (293 КК РБ) і «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (342 КК РБ).

Ігара вазілі ў Следчы камітэт. Сілавікі груба абыходзяцца з журналістам, спрабуюць прынізіць, лаюцца.

Увечары 16 ліпеня стала вядома, што Ігара пасля допыту не вызвалілі. Цяпер яго вязуць у ізалятар.

Сваякі журналіста «Белсата» расказалі, што ён трымаецца бадзёра, у добрым фізічным і эмацыйным стане, «упэўнены ў сабе, як заўсёды». Фізічнага гвалту супраць яго не чынілі.

Ігар — муж журналісткі Кацярыны Андрэевай, якую асудзілі за стрым з «Плошчы Перамен» — з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Ён таксама суаўтар кнігі «Беларусі Данбас», якую улады прызналі «экстрэмісцкай».

Сілавікі звезлі журналіста Ігара Ільяша пасля ператрусу з кватэры, як мяркуецца, на допыт, — гэта паведаміў «Медыязоне» яго сябар.

Прыйшлі з ператрусам да журналіста Яўгена Меркіса з Гомеля. «Ператрус. Папярэдні быў у лютым сёлета. Усё будзе добра!» — напісаў Яўген.

Пасля ператрусу Яўгена затрымалі. Аднак у другой палове дня журналіста выпусцілі са Следчага камітэта. Зараз Яўген на волі, паведамляе БАЖ. Пры ператрусе канфіскавалі тэхніку, 2 ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, налепкі.

У гродзенскага журналіста Аляксея Кайрыса таксама ператрус.

Ператрус і ў журналісткі Хрысціны Чарняўскай, якая супрацоўнічае з «Белсатам».

Сілавікі прыйшлі да журналіста Паўла Мажэйкі.

Супрацоўнікі Брэсцкага крымінальнага вышуку прыходзілі ў Пінску да журналіста Віктара Ярашука, піша  @belsat. Вядома, што журналіст праходзіць сведкам у межах крымінальнай справы. Міліцыянты забралі кампʼютар і мабільны тэлефон. Віктар Ярашук на волі.

У бацькоў журналіста Алеся Ляўчука з Брэста прайшоў вобшук паводле ч.1 арт 342 за падзеі 13 верасня — «карагодная справа». Вобшук праводзіў ГУБАЗіК, нічога не забралі, адзначае  @belsat.

Сілавікі шукаюць кіраўніка гомельскай філіі БАЖ журналіста Міколу Бянько, хоць журналіст з сям'ёй нікуды не хаваецца. Сілавікі прыходзілі ў кватэру родных Міколы, а таксама на ранейшы адрас журналіста. Таксама Міколу тэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам АБЭПа.

Затрымалі былую журналістку «Свабоды» Інэсу Студзінскую, у яе кватэры быў ператрус, паведамляе яе сын, піша БАЖ.

Сілавікі прыйшлі з ператрусам і ў кватэру журналіста «Радыё Свабода» Валянціна Жданко.

У Ганны Галёта раніцай адбыўся ператрус. Яе затрымалі паводле 293 артыкула КК. Ганна Галёта вяла на «Белсаце» праграму-антыфэйк «Лукавыя навіны».

Цяпер адбываецца ператрус і ў фатографа-фрылансера з Гродна Аляксандра Саенкі.

Ператрусы сёння прайшлі таксама ў кватэрах пінскага журналіста Андрэя Якімуша і яго маці. Сам Андрэй цяпер не ў Беларусі, паведамляе БАЖ.

Выломваюць дзверы ў мінскім офісе «Радыё Свабода».

Затрымалі журналіста Алега Груздзіловіча (летась у яго забралі акрэдытацыю «Радыё Свабода») 

«Алега забралі ў кайданах. Было 9 чалавек Забралі ўсю тэхніку», — расказала яго жонка Мар'яна.

Ператрус у журналісткі Любові Лунёвай.

Адбыўся ператрус і ў журналісткі Марыны Харытонавай. Паведамляюць, што сілавікі выламалі дзверы, забралі стары ноўт, камеру, некалькі старых тэлефонаў і банкаўскі карткі.

У кватэры, дзе прапісаная журналістка Марыя Арцыбашава, выламалі дзверы. Яе ў гэты момант у кватэры не было.

Затрымалі журналіста з Івацэвічаў Сяргея Скулаўца. Ранкам да яго дамоў прыехаў мікрааўтобус — і Сяргея забралі, імаверна, супрацоўнікі міліцыі. Апошнія 5 гадзін сувязі з ім няма. Пасля абеду журналіста-фрылансера адпусцілі. Яго дапытваў ГУБАЗіК, забралі ўсю тэхніку.Ператрус адбыўся ў старшыні «Таварыства беларускай мовы» Алены Анісім. Пра гэта яна напісала ў Фэйсбуку: «Пакуль я была на працы, раніцай дома прайшоў вобшук. Мае хлопцы, хвалюючыся за мяне, паведамілі пра гэта падчас абеду. Забралі ноўтбук...»

Ператрус адбыўся і ў гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай. «Сябры, у мяне сёння быў ператрус і допыт у ГУБАЗіКу. Забралі тэхніку і мабільны тэлефон», — паведаміла яна. 

Ператрус ідзе і ў гомельскага журналіста-фрылансера Андрэя Толчына.

У журналісткі Любові Лунёвай прайшлі ператрусы дома і на лецішчы. Цяпер журналістка на волі.