«У маім пад’ездзе засталіся адны жанчыны. Мужчын затрымалі». Жабінку «зачысцілі» за папсаваныя партрэты Лукашэнкі

Яўгену Гараднічуку з Жабінкі 21 год. Ён малюе, фатаграфуе, піша вершы. Адразу пасля школы пайшоў працаваць. Трапляў пад затрыманні, адбыў «суткі». У траўні яго пабілі ў ІЧУ за тое, што ў Жабінцы нехта развесіў папсаваныя партрэты Лукашэнкі, піша «Свабода».

3030a17d_74a2_4323_af5e_765eeb76dd57_cx0_cy22_cw0_w1023_r1_s.webp

«Той травеньскі досвед у ІЧУ я буду памятаць доўга. 15 сутак раней у параўнанні з травеньскім затрыманнем – проста благі піянерскі лагер. Я і цяпер не магу спаць, усё цела свярбіць. Лекары кажуць, што гэта ад стрэсу», – кажа Яўген.

«Святлашумавыя гранаты, гумавыя кулі – і гэта ў нашай ціхай Жабінцы!»

«Я не быў прыхільнікам улады. Бо з боку ўлады было вечнае ўшчамленне правоў. Калі мы з сябрамі спрабавалі пачаць дробны бізнес, то натыкаліся на непрыемныя рэчы кшталту абмежаванняў, падаткаў і гэтак далей. У нас бізнес, калі ён «чысты», то добра, калі выйдзе ў нуль.

У жніўні выйшаў на пратэсты свядома. Не чакаў, што будзе менавіта так, як здарылася. Думаў, мо людзі пашумяць, як у 2010-м, іх «супакояць» і ўсё будзе, як раней. 9 жніўня ў Жабінцы сабралася шмат людзей, у асноўным была моладзь. Дачакаліся вынікаў «выбараў», паглядзелі на кардон вайскоўцаў з тэрміновай службы і разышліся. 

Акцыя пратэсту ў цэнтры Жабінкі ў жніўні 2020

Акцыя пратэсту ў цэнтры Жабінкі ў жніўні 2020

10 жніўня людзі мірна сабраліся на плошчы. Калі супраць людзей пачалі раптам ужываць святлашумавыя гранаты ды гумавыя кулі, мы проста ў шоку былі! Бо ў нашым горадзе такога век ніхто не бачыў. І 10-га, і 11 жніўня працягвалі хапаць людзей. Шмат маіх знаёмых пацярпелі і маральна, і фізічна.

У верасні людзей ужо «пакавалі» па рэшткавым прынцыпе – проста тых, хто на вочы трапляўся. Заявіліся міліцыянты і да мяне дахаты, правялі ператрус, мяне кінулі на 15 сутак. У Жабінцы ў нас тады падстаў для затрымання была процьма: ці белыя з чырвоным пальчаткі для агароду, ці біта на сцяне ў некага вісела, ці салетра была – нібыта тэарэтычна з яе можна зрабіць выбухоўку... У мяне знайшлі сцяг, ды і на той момант мы ў прынцыпе яшчэ не так хаваліся – тэлефоны тады яшчэ не прывучыліся чысціць.

Калі пачалі ўсіх трэсці, затрымліваць, людзі сцішыліся. Менш стала партызанскіх і дыверсійных акцый.

Яўген Гараднічук

Яўген Гараднічук

Раскажу адзін прыклад, як я страціў свайго сябра. Мы хадзілі разам у дзіцячы садок, потым у школу. Потым ён паступіў у Вайсковую акадэмію. Пад здымкамі ў інтэрнэце пра розныя акцыі ён пачаў пісаць: «Жывёлы, сукі, так ім і трэба!» – і гэта ў бок людзей! Карацей, больш я не маю сябра.

Узімку яшчэ мяне цягалі па судах, атрымліваў штрафы. Потым усё заціхла. Было вельмі ціха – люты, сакавік, красавік. А ў траўні пачалося».

«Мае ныркі адчулі грубую мужчынскую сілу»

«Неяк жыццё пачало наладжвацца. Я збіраўся на заробкі ў Польшчу ехаць. І тут зноў прышлі. Ды не толькі па мяне. Мне здаецца, у тыя дні, 19-20 траўня, схапілі да 35 жыхароў Жабінкі. Калі я вярнуўся з ІЧУ, то ў маім пад’ездзе засталіся адны жанчыны. Усіх мужчын з пад’езду затрымалі. Да мяне прыйшоў АМАП і некалькі ў цывільным. Я зразумеў, што нічога вясёлага тут не будзе. У мяне якраз адпачываў таварыш з дзяржаўнай структуры. Ён пачаў задаваць пытанні – чаму, за што? Забралі і яго. Кватэру перавярнулі дагары нагамі, мяне павезлі з мехам на галаве і ў кайданках у Берасце, у ГУБАЗіК.

Потым мы даведаліся, што нехта развесіў па Жабінцы партрэты Лукашэнка ў г...не. Вось так шукалі вінаватых. Нават бралі аналіз калу.

Нас, затрыманых, завезлі ў Кобрынь, у ІЧУ. І там трохі памялі косці. Мае ныркі адчулі грубую мужчынскую сілу. Карацей, «выбівалі з нас дурыкі». У ІЧУ не было ні бялізны, ні матрацаў, і праз кожныя дзве гадзіны нас «правяралі» – выводзілі на калідор, «шманалі», лаяліся матам.

Яўген Гараднічук

Яўген Гараднічук

На трэці дзень у мяне быў допыт. Была нейкая следчая з Пінску і дзяржаўная адвакатка, якая не напружвалася. Па выніку пасьля допыту (яны хацелі ведаць, хто развесіў тыя партрэты) мяне адпусцілі. Але, як толькі вярнуўся дахаты, мне сказалі, што з панядзелка будуць браць усіх паўторна. Ды і следчая мне казала, што яшчэ будзе выклікаць і дапытваць.

Ранкам я паехаў на Маскву, адтуль – у Кіеў».

«Лёс паскорыў мой ад’езд»

«Я ўжо быў за межамі Беларусі, калі прыяцелі напісалі, што мяне шукае міліцыя. Потым пачалі цягаць у аддзел усіх, хто сябраваў ці кантактаваў са мной.

Я не аматар скардзіцца, але спаць я не мог нават у Кіеве. Пачую стук – і прачынаюся з думкай, што я ў ІЧУ, прыйшла праверка, а я сплю. Здаецца, тут я ў бяспецы, але мяне не адпускае. Свярбіць усё цела. Лекары кажуць, што ад стрэсу, і таму нічога нельга зрабіць, пакуль не пройдзе стрэс. Той травеньскі досвед даўся мне ў знакі.

Пакуль жыву ў Кіеве, але планую ехаць у Польшчу працаваць. Я яшчэ ў траўні збіраўся ды не сабраўся. А тут лёс паскорыў мой ад’езд.

Яўген Гараднічук

Яўген Гараднічук

Пакуль я не планую вяртацца. Нават калі ўлада зменіцца. Хачу застацца жывым, здаровым, і каб усё было добра з блізкімі і роднымі.

Я трымаю сувязь з Жабінкай і ведаю, што там абстаноўка дагэтуль гарачая – людзей затрымліваюць, вечарам па горадзе патрулі ходзяць. На мой погляд, наш горад нароўні з іншымі зрабіў вялікі ўнёсак у пратэсты, і гэта не мусіць забывацца. Веру ў сваіх землякоў, выказваю ім падзяку і падтрымку.

Я ўдзячны за падтрымку ад маёй маці, удзячны тату за выхаванне, хоць яго цяпер няма з намі. Але ён бы не застаўся ўбаку».