Праваабаронцы — пад пераследам, але іх дзейнасць не спыняецца

Як працуе праваабарончы рух ва ўмовах татальнага пераследу і як можна ўплываць на сітуацыю — пра гэта Радыё Рацыя пагаварыла з «вясноўцамі».

Фота з сайта razam.ch

Фота з сайта razam.ch

У Беларусі з’явіліся новыя палітычныя вязні, сярод якіх — праваабаронцы з цэнтру “Вясна”.

“Кожны ў Беларусі, хто працуе ў грамадскім сектары, у тым ліку займаецца праваабарончай дзейнасцю, не можа адчуваць сябе ў бяспецы”, — лічыць юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка. Ён канстатуе, што рэпрэсіі могуць закрануць кожнага і ў любы дзень, хоць апошнім часам сярод рэпрэсаваных апынуліся менавіта праваабаронцы:

— 14 ліпеня “перавагу” аддалі менавіта “Вясне”. Але гэта толькі адзін дзень у шэрагу дзён гэтага году, калі мы жывём фактычна ў чаканні новых рэпрэсій. Учора чакалі праваабарончы, пазаўчора — журналісты, яшчэ раней — арганізацыі, якія прасоўваюць нацыянальныя ідэі. Гэта такі працэс, які праходзіць па вызначаным уладамі нейкім плане.

На сёння вельмі важна пашыраць інфармацыю пра рэпрэсіі ў Беларусі — кажа праваабаронца з цэнтру “Вясна” Наталля Сацункевіч. Яна мяркуе, што з цягам часу цікавасць еўрапейскай і міжнароднай супольнасці да беларускіх падзей можа спадаць, а таму неабходна пры кожнай магчымасці пра гэта нагадваць:

Адна з рэчаў, якую мы заўсёды патрабуем у заявах аб прызнанні палітвязнямі, гэта неадкладна вызваліць людзей, спыніць крымінальны пераслед, спыніць рэпрэсіі. Мы працуем над тым, каб гэтыя нашыя патрабаванні былі пачутыя і выкананыя. Ёсць розныя магчымасці і спосабы гэта зрабіць, адзін з іх — гэта распаўсюд інфармацыі. Мы бачым, як зараз улады спрабуюць знішчыць усе дэмакратычныя НДА у Беларусі, а таксама незалежныя СМІ. Гэта ўсё робіцца ў тым ліку для таго, каб спыніць распаўсюд інфармацыі.

Таксама важна падтрымліваць саміх палітычных вязняў ды іх сем’і, пісаць лісты ў месцы зняволення. Наталля Сацункевіч падкрэслівае, што праваабарончы цэнтр “Вясна” надалей працягвае сваю дзейнасць:

— Мы, тыя, хто на волі, працягваем сваю дзейнасць і будзем яе працягваць, пакуль ёсць магчымасць. Канешне, у нас зараз вялікі фокус на тое, каб дапамагчы менавіта нашым калегам і іх сем’ям, але таксама мы працягваем збіраць інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, публікаваць яе, дапамагаем кожнаму і кожнай, хто звяртаецца да нас.

Паводле Паўла Сапелкі, выхадам з палітычнага і грамадскага крызісу ў краіне можа стаць перадусім нацыянальны дыялог:

— Я ў першую чаргу прыхільнік таго, што беларусы, беларускі народ і ўлады Беларусі павінны знайсці нейкія кропкі сутыкнення адно з адным, зрабіць разрадку і пачаць нацыянальны дыялог. Я не ведаю, што да гэтага прывядзе, але гэтым усё павінна завяршацца. Нешта павінна ўрэшце падштурхнуць улады прыгадаць пра тое, што яны жывуць у гэтай жа краіне, што мы — такія самыя грамадзяне, як і яны.

Важна дадаць, што ўсе сацыяльныя сеткі цэнтру “Вясна” працягваюць працаваць, і ў разе патрэбы можна праз іх звяртацца па дапамогу. У арганізацыі заявілі, што не зважаючы на пераслед, працягваюць сваю праваабарончую дзейнасць.

Прыгадаем, што 14 ліпеня па ўсёй Беларусі пракацілася хваля беспрэцэдэнтных па сваіх маштабах ператрусаў і затрыманняў, мішэнню якіх стала праваабарончая супольнасць. Сёння, 16 ліпеня, рэпрэсіі працягваюцца, з раніцы сілавікі прыйшлі да шэрагу незалежных журналістаў.