Ганна Севярынец: Чаго нам не хапае да перамогі
«Мы павінны ўсведамляць, што тое, з чым мы змагаемся і што хочам перамагчы, пачалося не ў 1994 годзе. Яно пачалося нават не ў 1917», — піша Ганна Севярынец у сваім блогу на «Свабодзе».
Цяжка нам усім усведаміць напоўніцу той шлях, які прайшлі беларусы за апошнія пяць месяцаў.
Нам і потым гэта будзе няпроста, бо так хутка, так незваротна адбыліся з намі невераемныя змены: ад насельніцтва — да народу, ад аморфнай кармавой базы ўладаў — да палітычнай нацыі. Мне цяжка параўнаць хуткасць, якасць і незваротнасць гэтых працэсаў з якім-кольвек прыкладам у сусветнай гісторыі: калі ў іншых народаў на гэткія справы ішлі дзесяцігоддзі і нават вякі, мы ўправіліся за паўгода.
Аднак кропка яшчэ не пастаўлена. Здаецца, ніхто ўжо мае сумневаў у тым, што дыктатура будзе зрынутая. Але мы ўсе стаміліся чакаць: ну калі ўжо. Здаецца, аддадзеныя апошнія сілы, выплеснуты ўвесь крэатыў, выкарыстаныя ўсе магчымыя для нас сродкі. Мы гераічна ўтрымліваемся ад гвалту, наш працэс усё яшчэ мірны, і мы гатовыя трываць і трымацца, ведаць бы толькі — колькі ж яшчэ.
Мне здаецца, я ведаю, колькі.
Людзям, хаця б крыху знаёмым з праблематыкай гуманітарыстыкі, добра вядома: такія працэсы, што мы цяпер перажываем знутры і ў якіх з апошніх сіл удзельнічаем, ніколі не вымяраюцца насамрэч пяццю месяцамі. Гісторыя не спяшаецца нікуды і ніколі. Нам пашэнціла, што мы зараз стаім ля фінальнай мяжы, і чырвоная стужка, якую мы павінны разарваць стомленымі грудзьмі маратонцаў, ужо бачная. Але мы павінны ўсведамляць, што тое, з чым мы змагаемся і што хочам перамагчы, пачалося не ў 1994 годзе. Яно пачалося нават не ў 1917.
Мы цяпер завяршаем той велічэзны, агромністы гістарычны этап, калі патрыярхальная свядомасць дыктавала чалавеку скарацца перад навязаным аўтарытэтам (царом, камандзірам, бацькам), калі культ сілы і дзяржаўнай пасады патрабаваў ад іншых, што не валодаюць ані сілай, ані пасадай, безумоўнага падпарадкавання.
Мы змагаемся з рабскай псіхалогіяй і страхам, што нарадзіўся нават не ў 1937 — ён нарадзіўся яшчэ ў часы прыгоннага права. Мы абрынаем уладную вертыкаль, каб замест яе ўсталяваць гарызанталь сувязяў паміж мясцовымі суполкамі, грамадскімі ініцыятывамі, актыўнымі грамадзянамі і проста нашымі суседзямі. Мы хочам болей ніякіх паноў над сабой, як бы яны ні зваліся. Мы хочам самі абіраць і пераабіраць сабе наёмных менеджараў, што будуць усяго толькі кіраваць агульнай маёмасцю, сачыць за выкананнем законаў.
І мы павінны разумець, што пакуль не ўсвядомім тых злачынстваў, што рабіў з намі і нашымі продкамі векавы рэжым, пабудаваны на гвалце, мы не пераможам.
Адкінем убок прыгоннае права: здаецца, сёння няма чалавека, які ўхваліў бы рабства і ўладаранне чалавека над чалавекам. Але нашая патаемная мара аб моцнай руцэ, нашае агульнае адмаўленне ад безумоўнага і бескампраміснага асуджэння сталіншчыны, нашае агульнае неразуменне злачынстваў СССР і камуністычнага рэжыму — урэшце, нашая абыякавасць да «лініяў Сталіна» проста пад Мінскам — усё гэта тармозіць нашу перамогу. Гісторыя дасць нам зваліцца назад у дыктатуру. І пакуль мы ўсе, актыўныя грамадзяне, якія прагнуць пераменаў, не вывучым яе ўрокаў — яна будзе трымаць нас за адзін крок ад новага жыцця.
Калі вы пачытаеце любое больш ці менш грунтоўнае даследаванне сталінскага тэрору, то абавязкова напаткаеце пералік ягоных асноўных асаблівасцяў.
· Першае. Прынцыповыя, то-бок спецыяльна ўсталяваныя і свядома выкарыстаныя, ірацыянальнасць і непрадказальнасць арыштаў і пераследу. У часы сталіншчыны спецыяльна рэпрэсавалі ўсіх, не клапоцячыся аб хоць якіх рэальных падставах. Мэта: замацаваць у кожным чалавеку адчуванне віны перад уладай. Нічога не нагадвае?
· Другое. Прынцыповая адсутнасць у самой працэдуры асуджэння магчымасцяў апраўдання. Адсутнасць адвакатаў падчас судовага працэсу. Адсутнасць працэдураў, якія прадугледжвалі б вызваленне ў залі суду. Неадкладнае, у тую самую секунду, выкананне судовага прысуду. Ну, цяпер ужо дакладна нагадвае.
· Трэцяе. Дазвол на фізічны гвалт і ўціск — ад збіцця і катаванняў да катавання адсутнасцю сну, ціск на сям’ю, шантаж дзецьмі. Адсутнасць пакарання для выканаўцаў. Усё маем сёння як на далоні.
Перш чым мы пераможам той рэжым, які мы трывалі апошнія дваццаць шэсць гадоў, мы павінны перамагчы ўнутры сябе той рэжым, які трывае ўжо болей за сотню гадоў. Перш чым дачакацца адстаўкі Караева, мы павінны ўнутры сабе адмовіцца ад любых апраўданняў сістэме НКВД. Перш чым мы пабачым сыход былога прэзідэнта, мы павінны ўнутры сябе абрынуць Сталіна.
І я маю свой тэст: калі ўжо да кожнага дойдзе, калі ўжо грамадства будзе гатовае перамагчы. Гэты тэст — рэстаран «Поедем поедим». Самае балючае ўражанне маё ад цяперашняй Курапацкай варты — калі міма нас едуць у машынах людзі з белымі бранзалетамі на руках.
Едуць у рэстаран на касцях — і шчыра паказваюць з вокнаў вікторыю абаронцам з бел-чырвона-белым сцягам. А нядаўна там было вялікае свята з бел-чырвона-белымі балёнікамі. Малады і маладая, нашы людзі, з якімі мы поплеч ходзім на маршы, адзначалі сваё вяселле проста ў Курапатах побач з крыжамі па забітых.
Пакуль мы вывучым урокаў сталіншчыны — яны будуць паўтарацца, як заўсёды паўтараюцца нявывучаныя ўрокі. Пакуль мы выгадуем унутры сябе павагу да загінулых тады, павагу да іхных пакутаў, памылак і да іх памяці — мы не забяспечым павагу і памяць сваім цяперашнім загінулым і расстраляным. Пакуль мы не зразумеем, што імя Сталіна і памяць пра яго павінна быць праклятая кожным з нас — мы не пераможам ягоных спадкаемцаў і нашчадкаў.
Як толькі ў рэстаран «Поедем поедим» перастануць ехаць і есці там людзі з белымі бранзалетамі на руцэ і бел-чырвона-белым сцягам у сэрцы, як толькі «лінія Сталіна» застанецца без наведнікаў, як толькі ўсе кнігі пра «бацьку-Сталіна» знікнуць з паліцаў нашых кнігарань — мы пераможам. Літаральна ў той самы дзень. Але не раней.