Генпракуратура ўзяла на кантроль праверку па скарзе Дзмітрыя Серады
Мінскі ўрач-педыятр Дзмітрый Серада атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры на скаргу на яго жорсткае збіццё падчас затрымання супрацоўнікамі АМАПу.
Абскарджваннем незаконных дзеянняў міліцыі Дзмітрый Серада займаецца
ўжо больш за год.
На гэты раз Генеральная пракуратура даручыла пракуратуры горада Мінска вывучыць матэрыялы папярэдняй праверкі, якая, у сваю чаргу, устанавіла, што праверка праведзеная не поўна, без высвятлення істотных абставінаў, якія ўплываюць на прыняцце законнага і абгрунтаванага рашэння.
Пракуратура горада Мінска пастанавіла: рашэнне следчага па АУС следчага ўпраўлення УСК Рэспублікі Беларусь па г. Мінску Супічэнка А. ад 17.07.2017 г аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС адмяніць, а матэрыялы для правядзення дадатковай праверкі накіраваць у следчае падраздзяленне.
«Ход правядзення праверкі знаходзіцца на кантролі ў кіраванні Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў лісце да Дзмітрыя Серады за подпісам пракурора В.А. Пільніка.
Сам жа Дзмітрый Серада падкрэслівае, што да гэтага Следчы камітэт па горадзе Мінску ўжо пяць разоў адмаўляў яму ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзілі яго грубае затрыманне, прычыніўшы сваімі дзеяннямі фізічную і маральную шкоду яму і яго сям'і.
Нагадаем, раніцай 4 жніўня ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконнай дзверы ў кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».
Неаднойчы на скаргі, падрыхтаваныя пры дапамозе праваабаронцаў "Вясны", заяўнік атрымоўваў адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобамі, якія праводзілі затрыманне. На пачатку студзеня 2017 года пракуратура ўсё ж узбудзіла крымінальную справу, аднак ніякіх зменаў гэта не прынесла — ніхто з супрацоўнікаў АМАПу не быў прыцягнуты да адказнасці.