«Гэта дробная подлая помста»: кіраўніка АГП пратрымалі 3 дні на Акрэсціна
«Мы так звыкліся да беззаконня, што ўжо пачынаем успрымаць як нармальнае», — распавёў старшыня АГП Мікалай Казлоў «Нашай Ніве», калі выйшаў з Акрэсціна.
Старшыня АГП Мікалай Казлоў быў затрыманы 1 сакавіка, калі прыехаў у міліцыю па павестцы.
На яго склалі ўжо трэці пратакол за адмову даваць подпіс аб неразгалошванні ў Следчым камітэце па справе Каардынацыйнай рады.
На той момант па першым пратаколе Казлоў ужо быў асуджаны на 15 сутак зняволення. Таму палітыка змясцілі на Акрэсціна. Тым не менш, ужо 2 сакавіка рашэнне пра 15 сутак зняволення было адменена. Але Казлова не выпусцілі на волю, а пратрымалі роўна трое сутак. Новыя суды пакуль так і не адбыліся.
Сваімі ўражаннямі спадар Казлоў падзяліўся з «НН»:
«Маё затрыманне — гэта дробная подлая помста, як і ўся гэтая сістэма. Усё ў нас арганічна: якая ў нас улада, такое і МУС. Трое сутак правёў на Акрэсціна ва ўмовах, блізкіх да катавання.
Толькі ў дачыненні да палітычных вязняў такія меры: ім не выдаюць матрацаў, падушак, бялізны, усе спяць на дошках, ніякіх прагулак. Пазбаўленыя ўсяго. Заводзілі да нас людзей з камер, дзе сядзяць дробныя хуліганы, дык у іх усё гэта ёсць.
Я заяўляў пра катаванні, але там ніхто не слухае нічога і не звяртае ўвагі. Я хачу напісаць кіраўніцтву МУС і ІЧУ, што гэта недапушчальна. Усё гэта робіцца са здзекам.
У камеры ў нас былі ўсе палітычныя. Напрыканцы заставаліся ўпяцёх, з іх трое затрыманыя па ініцыятыве ГУБАЗіКа. Гэта ўсё ж крымінальная міліцыя, крымінальны вышук, таму для мяне гэта асабліва брыдка і непрымальна. Калі яны бегалі з дубінкамі, то думаў, што большага дна не будзе, але няма мяжы дасканаласці.
Яны праводзяць ператрусы па сваім бачанні, фальсіфікуюць справы, прымушаюць тэрытарыяльныя РУУСы складаць пратаколы аб непадпарадкаванні і проста адпраўляюць на суткі. Нічога да іх не адчуваю, апроч пагарды.
Быў адзін хлопец, які нідзе не ўдзельнічаў, кажа, што нідзе не знаходзіўся фізічна, усё адно затрымалі, і цяпер ён на ІЧУ. Студэнта-гісторыка прыцягнулі былі.
Прысуд мне быў незаконны — гэта поўнае трызненне, я скарыстаўся сваім правам не даваць падпіску. У аўторак адмянілі рашэнне па першым пратаколе, але ўсё адно мяне пратрымалі да апошняй хвіліны.
Я патрабаваў сустрэчы з адвакатам, начальнікам ІЧУ, але яны нічога не чуюць. Ні паперы, ні ручкі — я не мог нават скаргу напісаць! Мяне пазбавілі маленькіх правоў, якія яшчэ маюць зняволеныя. Яны нічога не запісваюць, слухаюць са здзеклівай усмешкай і сыходзяць.
Пра адмену прысуду даведаўся, толькі калі выйшаў і мяне сустрэлі ля ізалятара. Мы так звыкліся да беззаконня, што ўжо пачынаем успрымаць як нармальнае. Суддзя, які асудзіў мяне на 15 сутак, ён жа нечым думае, яго ж не маглі пасадзіць у крэсла суддзі проста з ПТВ ці перавесці з атрада АМАПа».