«Акрэсціна таксама стане музеем». Святлана Ціханоўская ў Партугаліі наведала былую турму для палітвязняў
Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі сёння наведвае Партугалію. Сярод стасункаў з мясцовымі палітыкамі знайшлося месца і для візіту ў былую мясцовую турму для палітвязняў — аналаг беларускага Акрэсціна часоў дыктатара Салазара. Цяпер там музей.

Святлана Ціханоўская наведала музей «Алжубе» — былую турму для
партугальскіх палітвязняў, дзе за гады дыктатуры Салазара ўтрымліваліся да 50
000 чалавек. Партугалія стала перадапошняй краінай Еўропы, якая пазбавілася ад
дыктатуры. Беларусь — апошняя, адзначае прэс-служба палітыка.
Святлана Ціханоўская заявіла, што ў новай Беларусі ізалятар
на Акрэсціна, як і турма «Алжубе», таксама стане музеем — музеем супраціву і
свабоды. «Памяць пра палітвязняў, іх пакуты і ўсё, праз што яны прайшлі,
назаўжды застануцца ў гісторыі Беларусі».
Мэр Лісабона падарыў Святлане чырвоную гваздзічку — адзін з
сімвалаў партугальскай рэвалюцыі 1974 года. Жанчыны клалі гваздзікі ў рулі
аўтаматаў сілавікоў. Святлана сказала, што гэта вельмі падобна на гераічны
ўчынак беларусак, якія пасля катаванняў і страшнага гвалту над пратэстоўцамі ў
жніўні 2020-га выйшлі на вуліцы з кветкамі.



