«Гэта шоу»: Ксёндз Лашук адказаў на абвінавачанні ў сувязях з бізнесоўцам Зайцавым
«Ніхто нікому не дапамагае абыходзіць санкцыі, яны самі сябе абыходзяць», — заявіў ксёндз Лашук у адказ на абвінавачанні расследавальнікаў у тым, што спрыяў бізнесоўцу Зайцаву.
Днямі беларускія расследавальнікі апублікавалі аналіз пра бізнесоўца Аляксандра Зайцава, які нібыта аформіў частку свайго бізнесу на каталіцкага святара Ігара Лашука. Ксёндз гэтыя абвінавачанні адпрэчвае, піша «Св*бода».
Расследавальнікі звярнулі ўвагу, што «кашалёк Лукашэнкі», беларускі бізнесмен Аляксандр Зайцаў, стаў першым у гісторыі Беларусі чальцом ордэна Святога Рыгора Вялікага. Гэта найвышэйшая адзнака для свецкіх асоб, якой узнагароджвае Папа Рымскі. У расследаванні ставіліся пытанні пра тое, чым Зайцаў заслужыў такі гонар ад Ватыкана, як змешваюцца інтарэсы Касцёла і асабістая выгада некаторых святых айцоў і як за ўсё гэта даплочваюць беларускія падаткаплацельшчыкі.
У расследаванні звярталася ўвага, што ў верасні 2021 года Ігар Лашук, будучы ў сане каталіцкага ксяндза, заснаваў кампанію «АЛІС МА», на якую падсанкцыйныя ўладальнікі кампаніі «Брэміна груп» перапісалі частку сваёй маёмасці.
Навіна з абвінавачваннем пробашча каталіцкай парафіі ў Стоўбцах Ігара Лашука ў тым, што ён нібыта дапамагае беларускаму бізнесоўцу Аляксандру Зайцаву абыходзіць эканамічныя санкцыі Еўрасаюза, шмат каго з вернікаў збянтэжыла, піша Katolik.life.
Ксёндз Ігар Лашук адказаў на паведамленні, што ён заснаваў кампанію «АЛІС МА», на якую ўладальнікі кампаніі «Брэміна Груп» перапісалі частку маёмасці.
«Пішуць адразу абвінавачанні ў мой бок, а пры гэтым не ведаюць і не расследавалі нічога. Гэта шоу. Мяркую, што ніякага расследавання не было, проста загадзя было напісана, і трэба было патэлефанаваць і адрапартаваць, што справа зроблена».
Ігар Лашук свярджае, што на яго льецца хлусня:
«Зрабілі сенсацыю: святар дапамагае санкцыі абыходзіць, бо ён ведае вельмі добра спадара Аляксандра і добра пра яго гаворыць. А як я павінен гаварыць пра чалавека, які шчыра і ад сэрца дапамагае Каталіцкаму касцёлу? У нас такіх, як спадар Аляксандр, амаль няма. Я быў супраць санкцый у дачыненні да яго асабіста, бо ведаў, што ён робіць, і я супраць санкцый увогуле. Гэта няправільна. Цяпер я не здзіўляюся хлусні, якая беспадстаўна льецца на мяне і якая лілася на спадара Аляксандра».
Па словах ксяндза, праз кампанію «АЛІС МА» рэалізуюцца многія каталіцкія праекты:
«Мы шмат каталіцкіх праектаў рабілі і робім дзякуючы «крылам арханёла Міхаіла» «АЛІС МА». Калі-небудзь мы раскажам пра гэтыя справы.
Ніхто нікому не дапамагае абыходзіць санкцыі, яны самі сябе абыходзяць. Калі ты ведаеш і маеш зносіны з людзьмі, якіх «пазначылі санкцыямі», то разам з імі трапляеш туды? Дзіўна. Усе, хто займаецца бізнесам у Беларусі, ведаюць адзін аднаго. Дык што? Трэба думаць аб людзях, а не знішчаць — багатыя яны ці бедныя. Але ўсё, што ні робіцца, усё да лепшага. Малюся за ўсіх, хто на мяне па-рознаму піша і кажа — усе яны павінны выратавацца».
Варта згадаць, што год таму, у красавіку 2022 года, святара Ігара Лашука асудзілі да штрафу ў 960 рублёў за распаўсюджанне «экстрэмізму». У яго тады таксама на карысць дзяржавы забралі тэлефон як «зброю злачынства». «Я і не ведаў, што са «зброяй» хадзіў. Канешне, шкада некаторай інфармацыі, кантактаў, фота, больш нічога. Я малюся, за ўсіх, кожную Імшу, што горш пацярпелі», — напісаў тады ў сацсетках ксёндз наконт свайго прысуду.