Гэта злачынныя законы. За іх давядзецца адказваць і заканадаўцам — Гары Паганяйла пра «экстрэмізм»

За тое, што новыя законы пра «экстрэмізм» будуць прынятыя, давядзецца адказваць усім — дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Канстытуцыйнаму Суду.



37bc0aea_448b_47d1_b0a6_5b4f6d71cfce_w1200_r1_s.jpg

«Лукашэнка ўтрымлівае ўладу і імкнецца пашырыць спектр інструментарыю, звязанага з экстрэмісцкай дзейнасцю... Тое, што мы назіраем сёння — гэта паніка», — юрыст Гары Паганяйла пракаментаваў прапановы Генпракуратуры па ўзмацненні адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць «Белсату».
Праваабаронца звярнуў увагу, што сітуацыя ўскладняецца тым, што ў міжнародным праве няма выразных паняццяў, што такое экстрэмізм. І экстрэмізм, які маецца на ўвазе ў міжнародным праве, — гвалтоўнага характару. У Беларусі жа экстрэмізмам лічацца надпісы на асфальце «Не забудзем» і БЧБ-парасоны.
«Усё, што сёння ўлады могуць расцаніць як подых, варушэнне, звязанае з іншадумствам, грамадзянскай актыўнасцю, мірнымі пратэстамі, усё завязваецца ў паняцце экстрэмізму», — кажа Гары Паганяйла.
Да гэтага, падкрэслівае юрыст, дадаецца шырокае ўжыванне праўных норм. «Законы, як я разумею, будуць фармулявацца вельмі шырока, вельмі невыразна, расплывіста — значыць, кожны праваўжывальнік можа скарыстаць гэтыя нормы да шырыні свайго праўнага разумення, абсалютна недазволенага ў крымінальнай практыцы, у цэлым у цывілізаваным свеце», — лічыць праваабаронца.
Паводле Паганяйлы, сёння рэжым спрабуе неправавымі сродкамі ўтрымаць уладу, і «чыноўніцкае меркаванне — вось што будзе спадарожнічаць працэсу ацэнкі паводзін, выказванняў, дзеянняў кожнага чалавека, які будзе прызнаны іншадумцам, актывістам, палітычным».
«Праваўжывальная практыка паказвае, што ў Беларусі ніхто не лічыцца з законам. Мы будзем мець справу з тым чытаннем [закона], якое ў галовах у нашых пракурораў, следчых і суддзяў».
Асобнае пытанне, лічыць Паганяйла, — да тых, хто прымае гэтыя законы, большасць якіх рыхтуецца ў Адміністрацыі прэзідэнта.
Паводле юрыста, за гэтыя законы давядзецца адказваць усім — дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Канстытуцыйнаму Суду.
«Гэта злачынныя законы. За іх давядзецца адказваць. Не толькі суддзям, пракурорам, якія ўжывалі і няпраўна асуджалі па гэтых законах нашых грамадзян (па сутнасці, тэрарызавалі насельніцтва), але і заканадаўцам, якія такім вось чынам чынілі лёсы тысяч і тысяч нашых грамадзян, невінаватых ні ў чым», — лічыць праваабаронца.
«Фашысцкая Германія прымала таксама злачынныя законы», — кажа Паганяйла, падкрэсліваючы, што не ўсё тое, што называецца законам, на самой справе такім можа лічыцца.
belsat.eu