Імперская мара і беларускія карані чалавека вайны

Па біяграфіі аднаго з кіраўнікоў сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, грамадзяніна Расіі Ігара Гіркіна (Стралкова) можна вывучаць гісторыю вайсковых канфліктаў канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў.



Асабіста я не знаёмы з гэтым чалавекам, хоць бачыў яго на адной з вайскова-гістарычных рэканструкцый, а таксама неаднаразова чытаў яго допісы на спецыялізаваных форумах па вайсковай гісторыі.
У мірны час «Стралок» (менавіта такую мянушку атрымаў гэты чалавек у асяроддзі аматараў вайсковай гісторыі) займаўся аднаўленнем вайсковай уніформы розных эпох і рэканструкцыямі гістарычных бітваў. Аднак гэта, як казаў Астап Бэндэр, першае жыццё Ігара Усеваладавіча вядома вельмі добра, а вось пра другое жыццё чалавека, які не можа жыць без вайны, варта расказаць больш падрабязна.

Прыднястроўе, Балканы, Чачня


«Правадыр рускай вясны на Данбасе» нарадзіўся ў 1970 годзе ў Маскве ў сям’і афіцэра ўнутраных войскаў СССР. Як і большасць людзей, якія так ці інакш звязаны з рэканструкцыяй, Гіркін-Стралкоў з дзяцінства цікавіўся вайсковай гісторыяй, пры гэтым маючы педантычнае стаўленне да дэталяў, ён скрупулёзна даследаваў розныя аспекты тактыкі і стратэгіі.
У 1993 годзе «Стралок» скончыў Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут. Яшчэ падчас вучобы Ігар Гіркін ездзіў у Прыднястроўе і Боснію, дзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, якія адбываліся там. Пазней ім будзе напісаны так званы «Баснійскі дзённік», у якім ён распавядзе пра сваю барацьбу «за славянскі свет» на Балканах.
Пасля заканчэннэння вучобы Гіркін-Стралкоў праходзіў тэрміновую службу ў расійскім войску. У сакавіку-кастрыніку 1995 года яму давялося ўдзельнічаць у першай Чачэнскай кампаніі. Спачатку Ігара Гіркіна не бралі ў кантрактнікі, аднак яму ўсё ж удалося дамагчыся дазволу на выезд у гарачую кропку, дзе ён паўдзельнічаў у некалькіх вайсковых аперацыях.
Пасля Хасавюртаўскай мірнай дамовы 1996 года расійскія войскі вымушаны былі пакінуць Чачню. Такі вынік быў сапраўднай здрадай для патрыёта адзінай і непадзельнай Расіі Гіркіна-Стралкова.
У размовах з калегамі па рэканструктарскаму цэху Ігар неаднаразова выказваўся за аднаўленне «вялікай імперыі». Прычым, не важна якой, савецкай ці расійскай. Прадракаў ён і вайну з Украінай, якая, па меркаванні «Стралка», павінна вярнуцца ў склад Расіі. Тое ж самае і з Беларуссю, якая, паводле Гіркіна, з’яўляецца часткай «рускага свету». На яго думку, дзяржаўныя межы новай Расійскай імперыі пройдуць там, куды прасунецца «рускае воінства».

Рэканструктар


Гіркіна ніколі не цікавілі грошы ці кар’ерны рост. Разам з сям’ёй ён жыў у спальным раёне Масквы ў панэльным доме. Па розных дадзеных, з канца 1990-х гадоў Ігар Гіркін праходзіў службу у розных спецструктурах ФСБ Расіі. Па ўспамінах некаторых яго знаёмых, «Стралку» вельмі доўга прыйшлося чакаць афіцэрскіх пагон, якія, аднак, ён усё ж атрымаў. Пасля выхаду ў адстаўку, Стралкоў працаваў у розных камерцыйных структурах.
Адным з галоўных захапленняў Гіркіна стала вайскова-гістарычная рэканструкцыя. Калі звычайны рэканструктар займаецца гэтай справай, каб больш глыбока даследаваць гісторыю войска і яго ўніформы, дык Гіркін захапіўся «рыэнэктам» таму, што бачыў у рэканструкцыі працяг вайны. На такіх фестывалях, дзякуй Богу, нікога не забіваюць, але ёсць вайсковая дысцыпліна, зброя, стратэгія і нарэшце, самае галоўнае — ёсць бітвы.
Ігар Стралкоў узначаліў клуб «Зводная кулямётная каманда» і ўдзельнічаў у шматлікіх мерапрыемствах, прысвечаных Першай і Другой сусветным войнам. Яго можна было ўбачыць нават у латах ваяра Рымскай імперыі, аднак больш за ўсё «Стралка» цікавіла белагвардзейскае войска перыяду Грамадзянскай вайны. Гіркін напісаў некалькі навуковых прац пра баявыя дзеянні белых армій ва Украіне. Да таго ж гэты чалавек досыць добра ведае тактыку вядзення партызанскай вайны.

Дыверсант


Па дадзеных Службы бяспекі Украіны, 26 лютага 2014 года Ігар Гіркін прыляцеў з Масквы ў Сімферопаль. «Па выпадковаму збегу абставінаў» на наступны дзень на тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым з’явіліся «зяленыя чалавечкі», якія блакіравалі Вярхоўную Раду. Пра свой удзел у гэтай апераціі Стралкоў ускосна прызнаўся на адным з інтэрнэт-форумаў. СБУ таксама паведамляла, што «рэканструктар» быў памочнікам па сілавых пытаннях «прэм’ер-міністра» Крыма Сяргея Аксёнава.
У красавіку 2014 года «Стралок» вярнуўся ў Расію (у Растоў-на-Дану), а адтуль заехаў на тэрыторыю мацерыковай Украіны. Зусім хутка ля Славянска пачаліся напады на ўкраінскае войска і разгарнуліся поўнамаштабныя баявыя дзеянні, якія на Данеччыне і Луганшчыне працягваюцца да сённяшняга дня.
Судзячы па шматлікіх здымках, любоў да «белагвардзейскага руху» і рэканструктарскае мінулае ў «Стралка» да сённяшняга дня нагадвае пра сябе. Вельмі часта «міністра абароны Данецкай народнай рэспублікі» можна ўбачыць з перакінутай праз плячо, на манер «Маузера», драўлянай кабурой з пісталетам Сцечкіна. Дарэчы, менавіта АПСамі (аўтаматычны пісталет Сцечкіна), сярод іншага, «рэканструктар» узнагароджвае сваіх падначаленных, якія адзначыліся ў баях з украінскім войскам.

Георгіеўскія крыжы для тэрарыстаў


У адным з інтэрв’ю Гіркін-Стралкоў прызнаўся, што мае беларускія карані: «Каму цікава, можа знайсці маё прозвішча на сайце “Беларускія прозвішчы”. Мая сям’я родам з Воранава, што на самой мяжы Кастюковіцкага і Раслаўскага ўездаў. Зараз гэта Чарнобыльская зона. Калі выжыву, вярнуся і пастаўлю на рацэ Бесядзь сабе дом — на радыяцыю пляваць. Стралкоў — прозвішча па бабулі (па мужчынскай лініі). Мне ні свайго прозвішча, ні продкаў сароміцца не прыходзіцца. Сяляне, афіцэры, інжынеры».
Ёсць у гісторыі з данецкімі і луганскімі тэрарыстамі і яшчэ адна сувязь з Беларуссю. Не так даўно стала вядома, што сваіх падручных «Стралок» узнагароджвае «георгіеўскімі крыжамі», якія прадастаўлены расійскім магазінам «Лейбштандарт». Гэты салон спецыялізуецца на продажы вайсковага антыкварыята і прадметаў для вайскова-гістарычнай рэканструкцыі. Аказалася, што адным з яго заснавальнікаў і кіраўнікоў з’яўляецца былы мінчук Зміцер Бушмакаў. Менавіта ён разам з партнёрам у 2006 годзе арганізавалі гэтую краму. Пра ідэалагічную накіраванасць уладальнікаў «Лейбштандарту» сведчыць «георгіеўская стужка» на галоўнай старонцы сайту магазіна, якая з’явілася неўзабаве пасля «крымскіх падзей».
Чым скончыцца барацьба Стралкова-Гіркіна, будзе бачна ў бліжэйшы час. Аднак ужо зараз становіцца зразумелым, што «праект Наваросія», дзеля рэалізацыі якога рэканструктар паклаў сотні жыццяў, як украінскіх вайскоўцаў, так мірных жыхароў і сваіх прыспешнікаў, асуджаны на паразу.
Каму спатрэбіцца «Стралок», калі яму ўдасца жывым выйсці з «данецкага мяшка» і ці даруе гэты чалавек вайны паразу ва Украіне сваім гаспадарам? Адказы на гэтыя пытанні мы пачуем вельмі хутка.