Былы кіраўнік КДБ Прыднястроўя стаў лідэрам данецкіх сепаратыстаў
Былы міністр дзяржбяспекі самаабвешчанага Прыднястроўя Уладзімір Анцюфееў пераехаў у Данецк і стаў адным з лідэраў самаабвешчанай ДНР.
Пра яго прызначэнні заявіў самаабвешчаны «прэм'ер» расіянін Аляксандр Барадай, паведамляе Коммерсант-Малдова.
Паводле яго слоў, ён будзе займацца сілавымі пытаннямі. Барадай удакладніў, што ў Анцюфеева расійскае грамадзянства.
Анцюфееў, у сваю чаргу, заявіў, што «усё жыццё прысвяціў барацьбе з
нацыянал-фашызмам у Латвіі, Малдове», а цяпер зоймецца гэтым і ва Украіне.
«Я запрошаны кіраўніцтвам ДНР для арганізацыі працы праваахоўных структур,
паколькі нацыянал-фашысты Украіны дэстабілізавалі працу гэтых структур», — сказаў Уладзімір Анцюфееў.
Паводле яго слоў, галоўнай задачай у яго працы стане аднаўленне «праваахоўных структур». Ён дадаў, што ў сферу яго кіравання ўвойдуць органы дзяржбяспекі, юстыцыі, МУС, а таксама
суды.
Анцюфееў нарадзіўся ў Новасібірску. У 1974 годзе скончыў Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі МУС СССР, а ў 1999 годзе Расійскую Акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце
РФ.
Ён таксама вядомы як Уладзімір Шаўцоў. У Латвіі ён заставаўся заўзятым прыхільнікам СССР. У выніку яго дзейнасці Латвійская пракуратура распачала крымінальную справу. З верасня 1991 з санкцыі
пракуратуры Латвіі знаходзіцца ў міжнародным вышуку.
Пасля гэтага ён збег у Прыднястроўе. З 1992 па 2012 год займаў пасаду «міністра дзяржбяспекі» самаабвешчанага Прыднястроўя, якое з'яўляецца аналагам КДБ.
Летам 2012 улады Прыднястроўя распачалі крымінальную справу на Анцюфеева па артыкуле «Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі», а таксама абвінавацілі ў крадзяжы і знішчэнні шэрагу крымінальных спраў.
Затрымаць яго, аднак, не ўдалося — Анцюфееў з'ехаў у
Маскву, дзе і знаходзіўся да пачатку актыўнай фазы крызісу ва Украіне.
Па дадзеных крыніц «Коммерсанта-MD», вясной гэтага года Анцюфееў разам з іншымі расійскімі сілавікамі прымаў актыўны ўдзел у
падзеях у Крыме, вынікам якіх стала далучэнне паўвострава да Расіі.
Анцюфееву забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС.
pravda.com.ua