Ігар Гіркін — наступны прэзідэнт Расіі

У расійскім грамадстве ўсё больш папулярная думка пра тое, што лідар данецкіх сепаратыстаў Ігар Гіркін (Стралкоў) павінен кінуць выклік Уладзіміру Пуціну на наступных выбарах прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.



53b5668640954_image1.jpg

Не так даўно ў Валгаградзе адбыўся кур'ёзны выпадак. Валгаградскія адзінаросы на старце кампаніі ў муніцыпалітэт атрымалі сур'ёзны іміджавы ўдар ад сваіх жа аднапартыйцаў. Мэр горада — сябра "Адзінай Расіі", аказаўся няздольным прадухіліць адключэнне гарачай вады ў большай частцы мільённага горада. Незадаволенасць гараджан неэфектыўнасцю муніцыпальнай каманды адразу стала выкарыстоўваць апазіцыя.

Мясцовыя эксперты для выратавання іміджу партыі прапанавалі тэрмінова прызначыць антыкрызісным кіраўніком у Валгаград аднаго з ваенных камандзіраў Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Ігара Стралкова. «Пры ўсім неадназначным стаўленні да яго, Стралкоў паказаў, як трэба змагацца з марадзёрамі і злодзеямі — ставіць іх да сценкі. Можна спрачацца аб канкрэтных метадах, але сёння менавіта такі жорсткі і рашучы падыход патрэбен у Валгаградзе», — лічыць адзін з палітолагаў у горадзе на Волзе.

Смех смехам, аднак у рунэце з кожным днём усё больш прыхільнікаў Гіркіна. "Зараз у народа з'явіўся з ніадкуль, як гэта часта бывае ў нашай гісторыі, з самых глыбокіх, непрыкметных закуткаў Зямлі Рускай, маленькі чалавечак, які займаўся смешным і несур'ёзным для нашага капіталістычнага грамадства хобі, што адымае час і не прыносіць грошай, які за некалькі месяцаў стаў сімвалам Рускай Вясны, стаў лідарам грамадскай думкі без усялякіх адміністрацыйных рэсурсаў і піяр-кампаній. Яго пасланняў не з рэспектабельнага прэс-цэнтра, а з маргінальнага форуму рэканструктараў мільёны людзей чакаюць затаіўшы дыханне. Яго простыя і ясныя словы ўспрымаюцца як ісціна, без усялякіх сумневаў. Ён стаў раптам і адразу ўсюды, увайшоў у жыццё кожнага рускага, як быццам толькі яго і бракавала для таго каб рускі пазл склаўся. Ён стаў духоўным Лідэрам Адраджэння Рускага Народа", — напісаў адзін з фанатаў Гіркіна.

Пры гэтым «гіркінафілы» не абмяжоўваюцца каскадам кампліментаў. Яны ўсё часцей патрабуюць, каб палкоўнік Гіркін выступіў палітычным апанентам палкоўніка Пуціна на наступных выбарах прэзідэнта. Шансы Стралкова выглядаюць някепскімі не толькі з-за таго, што ён прапісаўся на ўсіх расійскіх медыя.

Пуцін сам дапусціў тактычную памылку, калі пасля таго, як занадта глыбока ўлез ва ўкраінскі крызіс, не рашыўся падтрымаць нефармальныя рэспублікі. «Пуцінская авантура ва Украіне можа каштаваць яму не толькі развалу Расіі, што можа адбыцца ў выніку эканамічнай блакады, але і прэзідэнцкага крэсла. Сам таго не жадаючы, праз праплачаныя СМІ, ён стварыў правобраз, ці, хутчэй, патрабаванні, якім павінен адпавядаць прэзідэнт Расіі. Ён павінен быць маладым, энергічным, разумным, але самае галоўнае — ён павінен быць прыхільнікам так званага "рускага свету". Да нядаўняга часу Пуцін адпавядаў усім гэтым патрабаванням. Але пасля нерашучых дзеянняў у дачыненні да Паўднёвага Усходу Украіны яго рэйтынг растае на вачах», — піша кіеўскія «Экономические Известия».

Выданне нават прагназуе, што Гіркіна (Стралкова) хутка заб’юць людзі Пуціна.

Нейкая нярвознасць адносна ўчынкаў і рыторыкі Гіркіна тым не менш назіраецца. Падставу для гэтага даў сам Гіркін, калі прамым тэкстам не толькі абвінаваціў Пуціна ў здрадзе ДНР, аднак і спрагназаваў невясёлы лёс для самога прэзідэнта РФ. "Для Пуціна разгром паўднёва-ўсходу аб'ектыўна смяротна небяспечны — і як для лідара Расіі, і проста як для чалавека — ён азначае беззваротны пачатак шляху Мілошавіча", — сказаў міністр абароны ДНР у адным з каментараў.

Блізкія да Крамля СМІ аператыўна пачалі тлумачыць расіянам, што ж адбываецца. Зразумела, усе тлумачаць рукой Дзярждэпа ЗША, а на самай справе: «Пуцін і Стралкоў — гэта не канкурэнты, а саюзнікі. Стралкоў ваяваў у Славянску не па загаду Пуціна, а паводле сваіх уласных перакананняў. Пуцін не абяцаў ваенную дапамогу Стралкову, аднак усяляк дапамагаў усім чым мог. І Стралкоў зусім не ў крыўдзе на Пуціна. Папулярнасць Стралкова параўнацца з папулярнасцю Пуціна ніяк не можа (…) Не пойдзе Стралкоў супраць Пуціна. Стралкоў — чалавек высакародны і разумны. Ён не будзе скакаць пад дудку Дзярждэпа. Рэвалюцыя ў Расіі выгадная ў першую чаргу Дзярждэпу».

Праехаўся па аматарах Стралкова і Лявонцьеў — рупар крамлёўскага піяру. У сваёй праграме «Однако» ён заявіў, што лозунг — Стралкоў супраць Пуціна, вядзе да расколу дзяржавы. "Стралкоў павінен у самы бліжэйшы час спыніць нікому не патрэбныя і бессэнсоўныя разборкі з дэмакратычным Кіевам і рушыць калоны да Масквы. Куды хутка і прыедзе на белым танку, арыштуе (а лепш адразу расстраляе) Пуціна і высакародна перадасць уладу сапраўдным рускім патрыётам, пасля чаго можа ехаць куды заўгодна, хоць на Украіну, хоць яшчэ ў якое Буркіна-Фасо, а сапраўдныя рускія патрыёты пачнуць, памаліўшыся, і параіўшыся ў ласкава прадастаўленым iм пасольствам ЗША памяшканні, будаваць сапраўдную патрыятычную Расію: так, яна будзе крыху меншай, чым цяпер (навошта карміць Каўказ, дый за Уралам рускіх зямель няма) — затое сапраўднай, патрыятычнай", — пужае Лявонцьеў аўдыторыю.

На самай справе, наўрад ці ў Гіркіна ёсць маштабныя палітычныя і прэзідэнцкія амбіцыі. Па-першае, ён не толькі крытыкаваў Пуціна. Аднак і быў аўтарам шэрагу панегірыкаў на ягоны адрас. Па-другое, відавочна, што Гіркін прыбыў на Данбас не дыверсантам-«заробітчаніном», а паводле інструкцый расійскіх цэнтраў. Таму слаба верыцца, што ён пачне весці сваю гульню, нават адчуваючы, што Масква адмаўляецца ад плана Рускай вясны.

Дарэчы, у гісторыі Расіі быў ужо такі вайсковец, які, маючы вялізарную піяр-раскрутку, падавалася, мог дыктаваць сваю волю Крамлю. Гутарка пра генерала Лебедзя, які адбіў Прыднястроўе і заключыў мір з Масхадавым. Аднак у выніку яго кар’ера палітыка закончылася пшыкам. Іншая справа, што культ Гіркіна сведчыць: расійскі электарат патрабуе іншага лідара. Пуцін усім надакучыў, а сыходзіць ён не жадае.