Гей з Бабруйску: Праз тое, што я не такі, як усе, мяне могуць забіць
Да беларускай службы Радыё Свабода звярнуўся жыхар Бабруйска. Свайго імя ён прасіў не называць. Хлопец гей. Да свайго ліста дадаў дакументы, якія сведчаць пра ягоныя намаганні знайсці справядлівасць у судовых інстанцыях і структурах выканаўчай улады, каб абараніць сваю чалавечую годнасць.
Ілюстрацыйнае фота
З іх вынікае, што хлопца моцна збілі праз ягоную нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю. Ён не чакае спагадлівага стаўлення да сябе, але спадзяецца, што ягоны аповед засцеражэ іншых людзей з такой жа адметнасцю ад інцыдэнту, які адбыўся з ім.
Пра тое, што давялося перажыць, хлопец апавядае ў адным з паркаў Бабруйску непадалёк ад таго месца, дзе інцыдэнт з ім і адбыўся. Суразмоўца прыкметна хваляваўся. Апавядаючы сваю гісторыю, ён
рэгулярны азіраўся ды ўглядаўся ў мінакоў. Не хаваў, што хацеў бы забыць тое здарэнне, але пакуль гэта ў яго не атрымліваецца.
Суразмоўца прызнаецца, што звярнуцца да СМІ ён вырашыў даўно, але спачатку паспрабаваў абараніць сябе праз суд і іншыя дзяржаўныя органы — праўда, дамагчыся свайго пакуль не выйшла.
Якой будзе рэакцыя грамадства, калі яно пачуе на Радыё Свабода гісторыю чалавека з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй?
«Знойдуцца тыя, хто скажа, што так яму і трэба», — заяўляе адразу ён. — Яны скажуць, што няма чаго яму распусту пладзіць. А нехта ўсё ж скажа, што меншасць мусіць
мець свае правы. У сваім асабістым жыцці я сустракаю збольшага тых, якія ставяцца да гэтага нармальна. Яны ведаюць пра мяне. У той жа час ёсць і такія, якія наагул маёй адметнасці не ўспрымаюць.
Раней такіх было значна болей. Цяпер, відаць, проста такіх людзей пазбягаю. І цяпер у маім жыцці іх практычна няма».
Паводле суразмоўцы, у адзін з красавіцкіх надвячоркаў ён прыйшоў у парк на спатканне з хлопцам, з якім больш за месяц ліставаўся праз інтэрнэт. Ля прызначанага месца ўбачыў групу моладзі. Вырашыў
сысці, але не паспеў. Яго пачалі зневажаць, а потым біць. Некаторыя здымалі гэта на мабільныя тэлефоны.
У грамадзе агрэсіўнай моладзі, кажа суразмоўца, чуліся заклікі нават забіць мяне. Сваімі паводзінамі яны дэманстравалі своеасаблівае «геройства», — зазначае хлопец:
«Я мяркую, што яны б не сталі біць любога, але праз тое, што чалавек адрозніваецца ад іншых, што ён не такі, як усе, то вырашылі, што такога можна зняважыць ды пабіць. Зняць гэта ўсё на
камеру і паказаць сваім сябрам, прыяцелям ды знаёмцам».
«Парк быў бязлюдным, таму зваць на дапамогу не было каго», — працягвае свой аповед суразмоўца. Урэшце яму ўдалося вырвацца, але ненадоўга. Яго дагналі і зноў пачалі біць.
Уратавалі жыхары аднаго з дамоў — яны выклікалі міліцыю.
Міліцыянты, цвердзіць хлопец, пакуль не ведалі пра ягоную адметнасьць, паставіліся да яго добра. І нават адшукалі тых, хто яго біў:
«Калі ж я заявіў пра сваю нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю, — згадвае суразмоўца, — і дзеля чаго прыйшоў у парк, то стаўленне змянілася. Пачаліся знявагі»,
— цвердзіць хлопец.
Тым, як вялося следзтва, ён застаецца не задаволеным. Тым не менш, зазначае, што да міліцыянтаў у любым выпадку трэба звяртацца, хоць і не хавае, што цяпер страшна: «Я разумею, што гэта
трэба рабіць, — кажа ён, — бо парушаныя твае правы. Іх трэба бараніць. Гэта мая такая пазіцыя. Якая б міліцыя не была, туды трэба пісаць, бо ёсць факт парушэння закону. Галоўнае
— не трэба маўчаць».
Бабруйскі суд пакараў адміністрацыйным арыштам аднаго з тых, хто збіваў хлопца. Прычыну збіцця, кажа зняважаны жыхар Бабруйску, у судзе стараліся замаўчаць. Хоць пра яе пацярпелы і казаў: «У
суддзі была нейкая сарамлівасць. Яна старалася пазбягаць гэтай тэмы ды звяртаць увагу на тое, што такія людзі як я, ёсць. У нас заканадаўства не прадугледжвае адказнасці па прыкмеце за дыскрымінацыю
паводле сэксуальнай арыентацыі».
Такая пазіцыя, як была ў суддзі, разважае суразмоўца, характэрная для ўлады і грамадства: «Яны не хочуць гэтага бачыць — нібыта гэтага і няма наагул. Часта сутыкаесся з такой
пазіцыяй, што да цябе ставяцца як да педафіла. Для іх усё адно, што гомасэксуал, што педафіл. Усё ідзе толькі зверху. Навязваецца грамадству гамафобнасць».
Жыхар Бабруйска пасля таго, што з ім адбылося, перагледзеў свае паводзіны: «Пасля таго, як я зразумеў, што мяне могуць забіць праз маю сэксуальную арыентацыю, я лічу неабходным па магчымасці не адыходзіць увечары далёка ад дому, — тлумачыць ён. — Раней жа я свабодна хадзіў і не баяўся. Я думаю, што ўсё сваё жыццё я буду перасцерагацца, бо мяне могуць забіць, бо я не такі, як усе. Пра гэту гісторыю я стараюся забыць».