Тамара Сяргей прапануе апытаць чыноўнікаў наконт выканання імі службовых абавязкаў

У межах праверкі, якую з 22 ліпеня праводзіць Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных справаў, юрыстка Тамара Сяргей просіць апытаць шэраг вышэйшых службоўцаў Беларусі.

Трэба адзначыць, што чатыры дні падпісантаў калектыўных зваротаў ў Адміністрацыю прэзідэнта — актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры выклікаюць на апытанні ў міліцыю. Апытанні звязаны з праверкай, якую праводзіць Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС у сувязі з даручэннем Генеральнай пракуратуры па ўзбуджэнню крымінальнай справы супраць Тамары Сяргей.

У красавіку мінулага года Генпракуратура вынесла юрыстцы афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання згодна артыкулу 193-­1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, гэты артыкул у кастрычніку 2011 году Венецыянская камісія Савета Еўропы прызнала не адпавядаючым міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

У сваіх пісьмовых тлумачэннях Тамара Сяргей, між іншым, нагадала, што права накіроўваць калектыўныя звароты да чынавенства прадастаўлена грамадзянам артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дзеля вырашэння праблемы адпісак на свае індывідуальныя скаргі актывісты ініцыятывы калектыўна звярталіся да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 39 разоў, да старшыні Вярхоўнага суду — 29 разоў, да Генеральнага пракурора — 21 раз, да главы Адміністрацыі прэзідэнта — 8 разоў, да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу — 14 разоў. Аднак чыноўнікі прыпынілі перапіску з грамадзянамі, не адказаўшы па сутнасці на іх правамерныя пытанні.

На думку Тамары Сяргей, калі б службоўцы належным чынам выконвалі свае абавязкі, не было б неабходнасці шматкроць звяртацца да іх з калектыўнымі зваротамі. Вось чаму юрыстка прапанавала апытаць чыноўнікаў, да якіх падпісанты калектыўных зваротаў звярталіся шматкроць.

Тамара Сяргей звярнула ўвагу на тое, што згодна артыкулу 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “Усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў“. У каментары НЧ юрыстка падкрэсліла, што будзе абскарджаць дзеянні беларускіх уладаў у Камітэце па правах чалавека ААН.