Грамадскія актывісты нагадалі вяскоўцам пра іх правы
Актывісты ініцыятывы “Успомнім пра вёску” у рамках агульнацыянальнай кампаніі “Зробім лепш” падрыхтавалі і раздалі 15 верасня жыхарам Капыльскага раёна каля 600 памятак, у якіх расказваецца пра правы і абавязкі землекарыстальнікаў, канстытуцыйнае права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
Акцыя адбылася ў вёсках Грозаўскага сельскага савета. Сяляне ахвотна бралі памяткі. А адзін з механізатараў з вёскі Грозаў, прачытаўшы памятку, нават выказаў абурэнне (праўда папрасіў не называць прозвішча):
— Выходзіць, ёсць закон, па якому дзяржаўныя органы ўлады павінны сачыць за парадкам на вуліцы і ў вёсках? А паглядзіце, што робіцца ў нас. Стаяць тры недабудаваныя “прэзідэнцкія
дамы”, у якіх ніхто не жыве. Унутры іх ужо растуць бярозы, а нікому няма справы да гэтага. Як быццам толькі што скончылася вайна, якая цягнулася дзесяць гадоў, а ўсе касцы загінулі на
фронце. Дарэчы, за тое, каб выкупіць дом, нам патрэбна плаціць больш за 100 мільёнаў, а тут стаяць нікому не патрэбныя.
У памятцы расказваецца, што артыкул 15.7 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях прадугледжвае за несвоечасовае скошванне і ліквідацыю пустазелля штраф памерам да 200 базавых
велічынь (30 мільёнаў) для юрыдычных асобаў, у тым ліку і для дзяржаўных органаў улады, якія павінны выконваць на пустуючых землях абвязкі землекарыстальнікаў.
Указана і арганізацыя, куды вяскоўцы могуць звярнуца са скаргай на зарослыя участкі – раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, супрацоўнікі якой маюць права на
складанне адміністратыўных пратаколаў па фактах парушэнняў артыкула 15.7.
“Вёскі зараслі настолькі, што далей ужо няма куды. Патрэбна прыкласці вялікія намаганні, для таго, каб утрымліваць іх належным чынам пасля таго, як на ўчастках ужо вырас лес. Лепей за ўсё іх не запускаць. У нашай дзяржвае існуюць Зямельны кодэкс, правілы ўтрымання населеных пунктаў, адміністратыўны кодэкс. Іх трэба выконваць, пры гэтым адказнасць за дзікі выгляд вёсак у першую чаргу нясуць тэрытарыяльныя мясцовыя распарадчыя органы ўлады. Чыноўнікаў трэба прымушаць выконваць свае абавязкі. На жаль, жыхары вёсак адчуваюць сябе залежнымі ад мясцовых чыноўнікаў і пабойваюцца выказваць свае нездавальненне. Тым не менш, сяляне павінны таксама ведаць і свае абавязкі, і правы”, — патлумачыла актывістка кампаніі Зінаіда Цімошак.