Грамадства немагчыма перазагрузіць на завадскія наладкі

Генадзь Коршунаў, былы кіраўнік Інстытут сацыялогіі НАН, улетку распавёў, што рэйтынг даверу да Лукашэнкі моцна ўпаў. «Еўрарадыё» задало сацыёлагу некалькі пытанняў пра пратэсты, на якія ўжо амаль тры месяцы выходзяць беларусы.

korshunov_2.jpg

Да верасня 2020 года Генадзь Коршунаў узначальваў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук. І тады, і цяпер шмат хто кажа, што сацыялогія ў Беларусі разгромленая — маўляў, навукоўцы абслугоўваюць улады, а публікуецца вельмі нязначная колькасць атрыманых дадзеных.

Аднак менавіта Коршунаў улетку пацвердзіў журналістам, што рэйтынг даверу да Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску ўпаў да 24%. І, магчыма, менавіта за гэта паплаціўся сваёй пасадай.


Хто выходзіць на пратэсты?

Сацыяльнай базай пратэстаў з’яўляецца нелюмпенізаваная частка насельніцтва. Сацыяльную базу пратэстаў не толькі на вуліцы, але і на ўсіх іншых сферах і напрамках, ўтварае той сярэдні клас, які пачаў не толькі фарміравацца, але і расці апошнія 2-3-5 гадоў. Гэта сярэдні клас, гэта тыя людзі, якія ўмеюць зарабляць, гэта тыя людзі, хто здольны браць на сябе адказнасць, гэта тыя людзі, якія ўмеюць рабіць выбар і хочуць, каб рэчаіснасць адпавядала гэтаму выбару.


Акцыі радыкалізуюцца?

Напэўна, рызыка радыкалізацыі есць, таму што нельга без зменаў рабіць адно і тое ж цягам доўгага часу. Але радыкалізацыя — гэта ж не толькі пераход да зброі. Мне вельмі б хацелася думаць, што — гэта, канешне, аксюморон — будзе радыкалізацыя мірных захадаў, калі мы, беларусы, здолеем нарошчываць мірныя формы пратэсту. Гэта будзе проста фенаменальна і шыкоўна і ў аператыўным сэнсе, і стратэгічна.

Галоўны сэнс таго, што адбываецца, цяпер мае некалькі напрамкаў. Першае — асэнсаванне сябе, і гэта мы ўжо зрабілі. Беларусы пачынаюць ведаць сябе і ганарыцца сабой — гэта агромністая моц. Другое — гэта пераасэнсаванне сацыяльнага, у шырокім плане. Сацыяльнае — гэта не толькі калектыўнае, але ж і тое, што падзяляецца ўсімі, тое што выбудавана ўсімі. Агульнае для ўсіх, але агульнае не дэкларатыўна, а сутнастна і эмацыяльна значнае. Калі казаць пра радыкалізацыю, я б вельмі хацеў каб яна ішла не ў бок нейкіх сілавых спробаў, а была радыкалізацыяй міру.


Як змянілася грамадства?

Увогуле, амаль усе сацыяльныя пратэсты не маюць пункту, да якога можна “адкаціць” усё назад. Грамадства немагчыма перазагрузіць на завадскія наладкі. Працэсы накіраваныя толькі наперад.

Генадзь Коршунаў / sb.by

Генадзь Коршунаў / sb.by

Нешта закансерваваць, задавіць, закрыць так, як як гэта было раней, немагчыма, таму што грамадства — не закрытая сістэма. Мы заўсёды знаходзімся ў кантэксце і тэхналагічных зменаў, і пакаленчых зменаў, і міжнародныя працэсы ідуць. Таму назад адкаціць нічога нельга. Тыя працэсы, якія запусціліся, будуць ісці ў сваей дынаміцы. Спыніць, а тым больш вярнуць у першасны стан — немагчыма.

Тое, што пачыналася з дваравых чатаў... Можна іх геніялогію адкруціць. Былі бацькоўскія чацікі, матулькіны калабарацыі, якія збіралі людзей, і тыя сваімі высілкамі вырашалі нейкія пытанні. Гэта было 5-7 гадоў таму, нават і 10. Былі такія ініцыятывы. Іншая справа, што іх было значана меней. А цяпер яны маштабаваліся проста фенаменальна. Тое, што з лічбавай прасторы такія калабарацыі выйшлі на вуліцы, гэта таксама вельмі дзіўны феномен: можна было чакаць, што, наадварот, будуць шырыцца лічбавыя такія практыкі. Але жыцце склалася так, што лічбы аказалася мала, таму што трэба было выжываць не ў лічбавым свеце, а ў афлайне. Лічба проста стала інструментам, які дапамагаў выжываць і ў кавіднай сітуацыі, і цяпер.

Канешне, можна было б сказаць, што ўсё гэта выльецца ў гарадское самакіраванне. Тым больш, што ў Беларусі ёсць такія гістарычныя традыцыі. Але вельмі цяжка даваць прагнозы нават на месяц.


Ці перамагаюць мірныя пратэсты?

У нас занадта шмат увагі надаецца вулічным пратэстам. Але галоўнае гэта не пратэст як такі. Галоўнае — тое, што людзі асэнсавалі і усвядомілі сваю моц як калектыўнага суб’екта. Што беларусы ўсвядомілі сябе беларусамі і пачалі гэтым ганарыцца. Што мы бачым і робім перш за ўсё для сябе, і толькі пасля супраць кагосьці. Вось, што галоўнае. Гэта працэсы незваротныя.

Пратэст — гэта трыгер, які запусціў шэраг іншых працэсаў. Пратэсты на паверхні. Мы іх бачым, увесь свет іх бачыць. Гэта важна, але гэта не галоўнае. Галоўнае — тое, што вырабляецца самым натуральным чынам, вынаходзіцца абсалютна новая сацыяльная супольнасць. Напэўна, можна казаць, што гэта беларусы вынаходзяць сябе, сваю нацыю. Сваім часам, сваімі нагамі, галовамі, камунікацыямі. Як кажуць некаторыя замежнікі, мы пракладаем сцяжынку не толькі для сябе, а і для ўсяго свету.