Хронікі рэпрэсій. Магілёўца затрымалі за паездку на ровары

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 20 кастрычніка.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg

У Брэсце затрымалі трэнера па каратэ за здымкі ваеннай тэхнікі. Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы Аляксандр Яўціхаў, на запісаным сілавікамі відэа ён распавядае, што працуе трэнерам па каратэ. Раней жа быў шматразовым чэмпіёнам і прызёрам па гэтым відзе спорту. Мужчыну ставяць у віну тое, што ён нібыта зняў на відэа вайсковую тэхніку і выклаў запіс у «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал.

Таксама затрыманы «прызнаецца», што ў 2020 годзе ён развешваў стужачкі на слупах і знаках, расклейваў улёткі ўздоўж дарогі.

* * *

У Слоніме настаўніцу з 20-гадовым стажам асудзілі за захоўванне кнігі па гісторыі. На судовым пасяджэнні жанчына распавяла, што прыкладна ў 2018 годзе набыла «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX—XXI стст.» у адной з кнігарняў для дачкі-школьніцы. Улетку яна прыбіралася ў кватэры і, убачыўшы гэтую кнігу ў добрым стане, вырашыла яе прадаць, як непатрэбную. Аб'ява была актыўная на працягу двух месяцаў.

Пакупнікоў не знайшлося, у сувязі з чым кнігу яна, хутчэй за ўсё, здала ў макулатуру. Пра тое ж, што кніга прызнана «экстрэмісцкім матэрыялам», нават не падазравала.

Згодна з пастановай суда, слонімскай настаўніцы прызначаны штраф у памеры 10 базавых велічынь (370 рублёў) з канфіскацыяй персанальнага камп'ютара.

* * *

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 7 верасня за захоўванне ў сацыяльнай сетцы спасылкі на «экстрэмісцкі» інфармацыйны канал пастанавіла арыштаваць на 15 сутак інжынера-канструктара завода «Палімір» Ірыну Баранаву.

Пры апытанні ў судзе Ірына пацвердзіла, што яна сапраўды ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» мела асабістую старонку, дзе ёсць падпіска на супольнасць «Zerkalo.io». Пра тое, што названая супольнасць прызнана ўладамі «экстрэмісцкай», ёй было вядома.

Гэта прызнанне Баранавай было ўспрынята суддзёй Балаболавай як доказ датычнасці і вінаватасці «правапарушальніцы» ў распаўсюджанні экстрэмізму, і на падставе ч.2 арт. 19.11 КаАП яна пакарала маладую жанчыну арыштам тэрмінам на пятнаццаць сутак.

* * *

Следчы камітэт паведаміў, што ў жніўні 2022 года 50-гадовы жыхар Магілёўскага раёна «размясціў абразлівы каментар у адрас кіраўніка дзяржавы». Паводле звестак сілавікоў, на наступны дзень стрыечны брат «падтрымаў» выказванні.

Братоў абвінавачваюць паводле арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі»), мужчынам пагражае ад аднаго да трох гадоў зняволення. Справу вядзе КДБ. Абодва браты знаходзяцца за кратамі.

У апісанні на сайце пракуратуры пазначана, што 50-гадовы магілёвец меў паспяховы бізнес у сферы вытворчасці тавараў для камфортнага сну. Верагодна, гаворка ідзе пра 50-гадовага Юрыя Лапуціна. Ён валодае кампаніяй «Саніт», якая робіць матрацы, ложкі, мяккую мэблю і аксесуары да іх. Гэта буйная кампанія, толькі вытворчых плошчаў у ёй 3,5 тысячы «квадратаў». Кампанія існуе 17 гадоў і яе абарот — сотні тысяч долараў.

* * *

У Мінску юрыстка Іна Багданава прысуджана да паўтара года калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020-м. Яе судзілі па васьмі эпізодах паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх»), пішуць праваабаронцы.

Мінчанка віну не прызнала і ад паказанняў адмовілася. Яна агучыла, што брала ўдзел у пратэсных акцыях як назіральнік, а не як удзельніца.

* * *

Заснавальніцу школы танцаў «Квартал» Юлію Шостак і дырэктара Аляксандра Душэўскага, выкладчыкаў сальсы затрымалі праз пратэсты 2020 года.

Сілавікі прымусілі сказаць мужчыну, што ў студыі «збіраліся ўдзельнікі пратэсных акцый і выраблялі пратэсную сімволіку», а «потым удзельнічалі ў пратэстах».

* * *

20 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі былога памочніка пракурора Глускага раёна Канстанціна Прытуленку, 55-гадовага жыхара Верцялішак Аляксандра Бірэту, былога міліцыянта Кірыла Гняздзілава, паведамляе «Вясна».

* * *

ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў стваральніка чата «Лошыца 46». На відэа малады чалавек кажа, што публікаваў у чаце «матэрыялы экстрэмісцкага характару». Пасля прызнання чата «экстрэмісцкім» ён нібыта перадаў правы адміністратара іншаму чалавеку, але ўсё роўна быў затрыманы.

* * *

39-гадовага магілёўца Вадзіма Кашкура затрымалі за паездку на ровары. 

Вадзім Кашкур у 2007-м скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова па спецыяльнасці «Правазнаўства», а пасля завочна скончыў магістратуру. Працаваў на некалькіх заводах, у МНС, нейкі час быў юрысконсультам. Цяпер працуе ў Магілёўскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжы.

Затрымалі яго за тое, што ў 2021-м ён паўдзельнічаў у #MARATHONFORFREEDOM, які ладзіў Беларускі фонд спартовай салідарнасці ў падтрымку палітвязняў. Мужчына праехаў 23.34 кіламетра на ровары. Ён пісаў пра марафон і свой удзел у ім на ўласнай старонцы ў Інстаграме.