Хронікі рэпрэсій. Стала вядома, за што адправілі на суткі жлобінскага чыноўніка
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 10 студзеня.
Суткі за выпадковы "лайк"
Начальнік аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўген Ахрэменка атрымаў 15 сутак арышту за лайк у Instagram,
Ахрэменку судзілі 28 снежня. Пасля суда яго звольнілі з працы.
Паводле матэрыялаў суда, Ахрэменка паставіў лайк пад публікацыяй у Instagram-акаўнце Free_Zhlobin, які ўключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У пасце, які лайкнуў чыноўнік, супрацоўнікаў Жлобінскага КДБ віншавалі з днём прафнепрыдатнасці.
Ахрэменка заявіў на судзе, што паставіў лайк выпадкова і не меў мэты распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы, а публікацыі ў запісе чытаў «з мэтай выяўлення і спынення супрацьпраўных дзеянняў з боку падначаленых і спартоўцаў». Такое тлумачэнне не дапамагло чыноўніку. Ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Таццяна Севярынец трапіла ў шпіталь
Пасля ўчорашняга затрымання Таццяна Севярынец апынулася ў шпіталі. "Мама ў бальніцы з ціскам. Ну, прынамсі, ночыла на матрасе", — напісала ў сацыяльных сетках яе дачка Ганна. Спадарыню Таццяну, маці палітвязня, пісьменніка і палітыка Паўла Севярынца, затрымалі ўчора каля 7-й раніцы, яе вінавацяць у тым, што ў Фэйсбуку яна нібыта мела падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя ў Беларусі "экстрэмісцкімі".
У Гродне затрымалі работніка адукацыі
Мужчына на відэа сілавікоў кажа, што нібыта браў удзел у мітынгах і нібыта адпраўляў інфармацыю пра супрацоўніка міліцыі ў Чорную кнігу Беларусі.
Сілавікі сцвярджаюць, што затрыманы быў адным з лідараў фанатаў GrodnoUltras, якая выступае ў падтрымку ФК «Нёман», хадзіў на матчы з БЧБ-сімволікай, а таксама яму ставяць у віну, што ён быў сябрам партыі БНФ.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, затрыманы — Арцём Кабылянскі, настаўнік англійскай і нямецкай моў у Абухоўскай сярэдняй школе імя Сянько, класны кіраўнік, раней працаваў у сярэдняй школе ў Індуры і ў СШ №37 у Гродне.
У Віцебску арыштавалі беспрацоўнага, бо ён цікавіўся навінамі «экстрэмісцкага» зместу
Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка, 28 снежня за падпіску ў сацыяльнай сетцы на чатыры «экстрэмісцкія» СМІ пастанавіў арыштаваць на 10 сутак беспрацоўнага Аляксандра Коршунава.
З пратакола апытання Аляксандра, зачытанага ў судзе, вынікала, што ён меў акаўнт у сацыяльнай сетцы «Інстаграм» і з'яўляўся ўдзельнікам і падпісчыкам суполак: «zerkalo», TUT.BY, " Belsat" і "Tribuna.com Беларусь", змест якіх улады лічаць экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У судовым пасяджэнні мужчына не аспрэчваў, што перачытваў інфармацыю з гэтых супольнасцяў, дзейнасць якіх, на думку суддзі, была накіравана на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве і дзяржаве, але віну не прызнаў і адмовіўся растлумачыць з якой мэтай ён цікавіўся зместам публікацый з «экстрэмісцкіх» інфарэсурсаў.
Праграміста ў Гродне асудзілі да 4 гадоў калоніі
37-гадовага праграміста Аляксандра Яшкіна засудзілі на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. Такі прысуд абвясціў 4 студзеня Гарадзенскі абласны суд, паведамляюць праваабаронцы. Справу разглядаў суддзя Валерый Раманоўскі.
Падставай для суда сталі каментары гарадзенца ў інтэрнэце і данаты ў падтрымку рэпрэсаваных, якія ён рабіў у жніўні 2020 году.
Яшкіна звінавацілі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку); арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021); ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці); ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Мужчыну затрымалі ў траўні 2023 года і да суда трымалі пад вартай. 20 снежня яго запісалі ў “спіс тэрарыстаў”.
Па месцы прапіскі актывіста, які з'ехаў з Наваполацка, правялі ператрус
8 студзеня сілавікі прыйшлі з ператрусам па месцы рэгістрацыі Аляксея Маліноўскага ў Наваполацку. Аляксей быў удзельнікам стачкі "Нафтана”, з верасня 2021 года ён з сям'ёй жыве за мяжой.
Дома знаходзіўся непаўнагадовы пляменнік жонкі. Ён не адчыніў дзверы сілавікам. Тады супрацоўнікі прыехалі на працу да нявесткі Маліноўскага і прывезлі яе ў кватэру для ператрусу. У кватэры не знайшлі нічога забароненага. Сілавікоў таксама цікавіла, дзе цяпер знаходзіцца сям'я Маліноўскіх.
Сілавікі паказалі відэа з беларусамі, якія прызнаюцца, што рабілі данаты
Сілавікі паказалі відэа з чатырма беларусамі, якія рабілі данаты. Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал сцвярджае, што яны прыйшлі ў міліцыю добраахвотна і гатовыя пакрыць шкоду ў 10-кратным і ў 100-кратным памерах.
На відэа ўсе чацвёра кажуць, што рабілі пераводы праз Paypal, і называюць сумы данатаў – 26, 13 і 5 еўраў, а таксама 27 даляраў.