Хронікі рэпрэсій. Таццяну Севярынец адпусцілі да суда, зноў судзілі саліста Nizkiz
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 12 студзеня.
Таццяну Севярынец адпусцілі дадому да суда. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку распавяла яе дачка Ганна Севярынец.
«Мама дома да суда. Перадае ўсім добрым людзям дзякуй за клопат і падтрымку», — напісала Ганна.
Суд адбудзецца 25 студзеня.
Нагадаем, пра затрыманне маці палітзняволенага Паўла Севярынца стала вядома 9 студзеня. Пасля затрымання жанчына трапіла ў бальніцу. Яе вінавацяць у рэпостах «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У Магілёве 10 студзеня другі раз запар асудзілі саліста гурта «Nizkiz» Аляксандра Ільіна.
Нагадаем, пра затрыманне траіх удзельнікаў гурта «Nizkiz» стала вядома 6 студзеня. Тады ў Магілёве былі затрыманы вакаліст і аўтар песень Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Зміцер Халяўкін. Яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выязджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 8 студзеня над музыкамі адбыўся суд паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Іх справу разглядала суддзя Вікторыя Палякова. Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 10 студзеня тая ж суддзя разглядзела другую запар справу супраць Аляксандра Ільіна. Яго зноў судзілі паводле арт.19.11 КаАП, але вынік невядомы.
У Жлобіне чацвёрты год працягваюцца судовыя працэсы над удзельнікамі масавай паслявыбарчай акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года. Чарговае судзілішча адбылося 27 снежня 2023 года. За арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у такіх дзеяннях (ч.1 арт.342 КК) судзілі Данілу Яроцкага. Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева.
Яроцкага затрымалі 16 жніўня 2023 года, аднак па прычыне хваробы змясцілі ў шпіталь да 6 кастрычніка, пасля чаго да суда вызвалілі пад асабістае паручыцельства. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год і 6 месяцаў.
Першы ў гэтым годзе суд па ч.1 арт.342 КК адбыўся ў Жлобіне 11 студзеня над Юляй Сіроткінай. Вынікі яго пакуль невядомыя.
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы барысаўскага фатографа Аляксандра Зянкова. Суддзёй прызначана Жана Брысіна.
Фатографа вінавацяць паводле ч.3 арт.361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні»). Паводле санкцый гэтай часткі артыкула, Аляксандру можа пагражаць ад 2 да 6 гадоў абмежавання ці пазбаўлення волі.
Мужчыну затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве. Сілавікі зладзілі ў жыллі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Мінск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў следчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага.
У «спіс
экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 чалавекі — цяпер у ім 3686 прозвішчаў. Сярод
іншых, у спіс унеслі палітзняволенага Аляксея Краснагіра.
67-гадовая беларуска вярнулася са Швецыі — цяпер ёй пагражае да 10 гадоў турмы, піша «Наша Ніва».
Галіна Краснянская, імаверна, стала жыла ў Швецыі і нават удзельнічала ў дыяспары. Але час ад часу вярталася ў Беларусь. У адзін з такіх разоў яе затрымалі.
Невядома, калі жанчына вярнулася ў Беларусь, але не раней за вясну 2023 года. Апошняе абнаўленне ў яе фэйсбуку датуецца сакавіком, але апошнія фота са Швецыі — канцом 2022-га.
Дата затрымання невядомая таксама, але вінавацяць яе па другой частцы артыкула 361-3 КК. Звычайна гэта азначае ахвяраванне беларускім добраахвотнікам або на дапамогу Украіне. Жанчыне пагражае ад 5 да 10 гадоў турмы — іншага пакарання па артыкуле не прадугледжана.
Суд над Краснянскай пачаўся сёння ў Мінскім гарадскім судзе.
За ўдзел у акцыях
пратэсту ў 2020 годзе затрыманы жыхар Брэста (прозвішча невядомае).
У Беларусі
прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу. Гаворка пра выданне Віктара Суворава
«Беру свои слова обратно: Вторая часть трилогии «Тень Победы». Адпаведнае рашэнне прынята судом Савецкага
раёна Мінска 29 снежня.
У рэцэнзіях да гэтай кнігі пішуць, што ў ёй паказана «пераканаўчая, неабвержная праўда першых дзён вайны на тэрыторыі СССР».
Палітвязень Аляксандр
Бабіч — на волі.
Берасцейца абвінавацілі паводле арт. 363 КК («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў») — нібыта ён нагою двойчы ўдарыў амапаўца. Згодна з матэрыяламі, гэтымі дзеяннямі мужчына прынёс сілавіку Русілаву «фізічны боль і маральныя пакуты».
У снежні 2020 года яму прысудзілі 3,5 гады калоніі.
Свой тэрмін Аляксандр адбываў у віцебскай калоніі №3. 9 студзеня палітвязень
выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.