Хронікі рэпрэсій. Шэсць гадоў калоніі адвакатцы, чарговае затрыманне валанцёра Іллі Міронава
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 11 траўня.

У Мінскім
гарадскім судзе палітзняволеную адвакатку Анастасію Лазарэнка асудзілі да
шасці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд агучыла суддзя Святлана
Чарапанава.
Палітзняволеную прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «зліў даных сілавікоў і суддзяў у ЧКБ», а таксама ўдзел у «Маршы за свабоду» ў жніўні 2020-га. Сваю віну Лазарэнка на судзе не прызнала.
На волі ў яе засталіся пажылы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 гадоў пакутуе на хваробу Крона.

У судзе
Партызанскага раёна Мінска асудзілі Віталя Ткачэнку паводле ч.1 арт. 342 КК
(«Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак,
альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў Віталю два гады і
шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага
тыпу («хіміі»).
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама ў выхадзе на праезную частку і блакіроўцы руху грамадскага транспарту. Ткачэнку апазналі па фотаздымках і відэазапісе, знойдзеных у інтэрнэце, а таксама па даных тэлефонных злучэнняў, якія сілавікам прадаставіў мабільны аператар.
У затрыманага забралі тэлефон, а таксама штаны і майку, у якіх ён хадзіў на пратэсныя акцыі.

Стала вядома, што 10 сакавіка 2023 года ў судзе Савецкага раёна Мінска адразу чатырох чалавек асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі») кожнага. Кацярыну Амбражэвіч, Максіма Гуйдо, Яўгена і Аляксандру Кражавых прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у адным з Маршаў у 2020 годзе. Прысуд агучыла суддзя Вольга Емяльянчанка.
Усе, акрамя Аляксандры, да суда ўтрымліваліся пад вартай. Аляксандра знаходзілася на волі пад залогам у памеры 4800 рублёў. Пасля агучвання прысуду іх вызвалілі ў судовай зале.
Асноўным доказам па справе праходзіў фотаздымак з Маршу.

Яшчэ адзін адвакат прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за лайк у сацсетках, ён пазбаўлены права практыкаваць. Гаворка ідзе пра Ігара Сцяпанава, адваката са стажам у 12 гадоў, загадчыка юрыдычнай кансультацыі Лёзненскага раёна Віцебскай абласной калегіі адвакатаў.
6 сакавіка Сцяпанаў быў выключаны з Віцебскай абласной калегіі адвакатаў рашэннем яе Рады ў якасці дысцыплінарнага спагнання за «здзяйсненне правіны, якая дыскрэдытуе званне адваката, адвакатуру і не сумяшчальная з адвакацкай дзейнасцю». Да гэтага ў лютым адвакат быў арыштаваны на 15 сутак паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). У віну яму ставіўся лайк на старонцы інтэрнет-магазіна, уключанага са жніўня 2022 года ў рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Гомельскі актывіст Ілля Міронаў зноў затрыманы, заўтра адбудзецца суд. Паводле якога артыкула яго будуць судзіць, невядома. Нагадаем, сёння раніцай Ілля пайшоў у РАУС на «прафілактычную размову».
За апошні месяц актывіст напісаў шэраг скаргаў на прапагандыстаў за распальванне варожасці.
Днямі ў Вілейцы адбылося затрыманне і ператрус па месцы
жыхарства Сцяпана Краўчонка. Мужчыну вызвалілі пасля трох сутак за кратамі. Судовы працэс па
адміністрацыйнай справе адбудзецца 15 траўня.
У Гомелі супрацоўніка ААТ «8 сакавіка» затрымалі наўпрост на працоўным месцы. Імя затрыманага — Уладзіслаў Сухаў. Прычына затрымання пакуль невядома.

90 дзён няма ніякіх навін пра палітзняволенага Мікалая Статкевіча. Нагадаем, Мікалай знаходзіцца за кратамі амаль тры гады. 14 снежня 2021 яму быў вынесены прысуд — 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — толькі з ліпеня яму выпісалі мінімум 21 спагнанне.
Знікла сувязь з
палітзняволеным Глебам Койпішам. Верагодна, гэта
значыць, што суд вырашыў узмацніць яму пакаранне і ён рыхтуецца да пераводу ў
калонію. 5 траўня ў судзе
Мазырскага раёна прайшло пасяджэнне аб замене абмежавання волі з накіраваннем у
папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго вынік невядомы.

Палітвязень Яўген Бурло знаходзіцца ў медсанчастцы СІЗА — яму аказваецца неабходная дапамога. Удзельніку гурта «TOR BAND» была зроблена камп'ютарная тамаграфія, якая не пацвердзіла рэцыдыву анкалагічнай хваробы.
Але Яўген мае некроз тазабедраных суставаў — з гэтай прычыны музыку дазволілі мець у СІЗА мыліцы, таксама паказаны пасцельны рэжым. Акрамя таго, яго ўтрымліваюць не ў звычайнай камеры, а ў медсанчастцы СІЗА і аказваюць дапамогу.
Раней адна з крыніц паведамляла, што палітзняволены музыка моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна.
Палітвязня ️Аляксандра Францкевіча месяц утрымлівалі ў ШІЗА. Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. 28 сакавіка яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Адразу яго адправілі на 10 сутак, а потым працягнулі тэрмін у ШІЗА, дзе ён можа знаходзіцца да гэтага часу. Таксама да палітвязня не можа патрапіць адвакат.
6 траўня хлопец адзначаў у калоніі сваё 33-годдзе.

Палітзняволенага Рамуальда Улана вызвалілі па амністыі. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Добры дзень, сябры, землякі! На шостым месяцы амністыі да мяне ўсё ж такі прымянілі гэтую амністыю — адзінага з двух з паловай дзясяткаў палітычных на гомельскай хіміі. Шчыра дзякую ўсім, хто пісаў лісты, падтрымліваў мяне!»
Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан у студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў.