Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 10 ліпеня

У бабруйскай калоніі вязень скончыў жыццё самагубствам, а ў гродзенскую турму перавялі Паўла Севярынца. Галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

***

10 ліпеня ў Гродзенскім раённым судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч. Іх затрымалі ў адзін дзень. Журналіста, каардынатара выдавецкай ініцыятывы «Гродзенская бібліятэка» і кіраўніка гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса).

Па гэтым жа артыкуле судзяць і Юлію Юргілевіч — адвакатку з амаль 18-гадовым стажам, якая абараняла ў тым ліку палітвязняў. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай калегіі адвакатаў, а 30 жніўня гэтага ж года затрымалі.

У зале суда палітвязні павярнуліся спіной да прапагандыстаў, калі іх пачалі здымаць. Пры гэтым Юлія Юргілевіч стаяла ў робе «Карцар 2».


Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч у судзе. Фота: «БелТА»

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч у судзе. Фота: «БелТА»

***

У Бабруйскай калоніі зняволены здзейсніў самагубства. Як паведамляе «MAYDAY», інцыдэнт меркавана адбыўся ў мінулую суботу ў ПК № 2. Адміністрацыя калоніі спрабуе схаваць гэты факт.

Паведамляецца, што здзейсніў суіцыд саракагадовы мужчына, асуджаны па артыкуле 328 КК («Незаконны абарот наркотыкаў»). Вядома, што гэта вязень з 6-га атрада, ён выкінуўся ўніз галавой з акна чацвёртага паверха аднаго з карпусоў калоніі, які называюць «Тытанікам».

«Як паведамляюць нашы крыніцы, прычынай суіцыду мог стаць вялікі тэрмін — больш за 10 гадоў пазбаўлення волі і стаўленне да так званых "наркаманаў" з боку супрацоўнікаў ДВП. Мужчына вырашыў, што не вытрымае такіх умоў жыцця», — піша @MAYDAYMog.

***

Павел Севярынец знаходзіцца ў гродненскай турме, паведаміла яго жонка Вольга Севярынец. Пра палітвязня доўгі час не было ніякай інфармацыі. І вось нарэшце дайшла вестка:

«Нічога ня ведаем пра тое, як прайшоў этап ад Шклова і як сам Паша, але ён жывы, гэта галоўнае. Вялікі дзякуй тым, хто гэтыя дні перажываў разам з намі і маліўся. Лісты не ад родных, хутчэй за ўсё, даходзіць ня будуць, але адрас напішу: 230023, Горадня, турма № 1, вул. Кірава, 1, камэра 16», — напісала Вольга ў сваім фэйсбуку.

***

У Магілёве затрымалі журналіста Дзмітрыя Ляпейку. Паводле інфармацыі Магілёў.media, затрыманне адбылося перад выхаднымі, мужчыну далі 15 дзён арышту. Прычынай былі «экстрэмісцкія» падпіскі і лайкі ў сацсетках.

Дзмітрый Ляпейка да 2020 года працаваў у дзяржаўным інфармагенцтве «Магілёўскія ведамасці», затым сышоў на фрыланс. Ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці магілёўскай грамадскай арганізацыі «Цэнтр гарадскіх ініцыятыў», быў мадэратарам многіх мерапрыемстваў.

***

19 ліпеня пачнецца суд над Мікітам Найдзёнавым — былым фронтмэнам гурта «Hurma», а таксама аўтарам шэрагу песень розных артыстаў. У 2015 годзе Найдзёнаў стаў лаўрэатам прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за лепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў».

Палітвязня затрымалі 25 сакавіка. Яго абвінавачваюць ва «ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту» паводле арт.342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак»).

Справу Мікіты пачнуць разглядаць 19 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Менска. Працэс будзе весці суддзя Марына Клімчук.

12 ліпеня Найдзёнаў адзначыць 33-годдзе ў зняволенні.

***

Праваабаронцы апублікавалі статыстыку палітычных затрыманняў за чэрвень.

У мінулым месяцы «Вясне» стала вядома мінімум пра 560 выпадкаў затрыманняў — прыкладна па 18 чалавек кожны дзень. Суддзямі было прызначана не менш за 184 адміністрацыйныя арышты і 151 штраф. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у чэрвені значна павялічылася колькасць затрыманых пасля перасячэння мяжы з Беларуссю — не менш за 36 чалавек былі асуджаныя за «экстрэмісцкія» падпіскі і рэпосты.

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 прозвішчы — цяпер у ім 3016 чалавек. 7 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі інжынера «Магілёўскіх гарадскіх электрычных сетак» Уладзіслава Купрыянава, колішніх удзельнікаў «Еўрабачання», спевакоў Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных, а таксама іх маці Вольгу Крайко і бацьку Юрыя Каракіна.

***

Як паведамляе ініцыятыва klopat.by, пра многіх палітвязняў, вядомых і невядомых, дагэтуль няма аніякай інфармацыі. У прыватнасці, інфармацыйны вакуўм вакол Максіма Знака цягнецца 151 дзень, Мікалая Статкевіча — 152 дні, Марыі Калеснікавай — 146 дзён, Ігара Лосіка — 141 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 123 дні, Віктара Бабарыкі — 74 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1489 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1746 чалавек. Сярод іх — 192 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 16 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.