Хронікі рэпрэсій за 15 жніўня: Амніставанага палітвязня зноў асудзілі за пратэсты 2020 года
Затрымалі мужчыну, які нібыта напісаў 14 тысяч каментароў. Прычым сілавікі сцвярджаюць, што ён таксама дасылаў інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы «Чорная кніга Беларусі». «Шанец загладзіць віну, не патрапіўшы на нары» — так назвалі прымусовыя работы сілавікі.

- Палітвязня, якога раней вызвалілі па амністыі, асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі
У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 14 жніўня вынеслі прысуд паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) тром мясцовым жыхарам — Аляксандру Тарасевічу, Дзмітрыю Блашчэніцу, а таксама былому палітвязню Пятру Зіневічу.

Іх асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Суддзя Аксана Літвінчык прызначыла ўсім калонію — ад аднаго года і шасці месяцаў да двух з паловай гадоў.
Нягледзячы на тое, што Зіневіча раней амніставалі са зняццем судзімасці, цяпер яму прызначылі на год зняволення болей, чым астатнім.
Нагадаем, Пётр — былы палітзняволены, якога ў 2021 годзе асудзілі да двух гадоў «хіміі». 11 студзеня 2023 года з прымяненнем акта амністыі ён быў вызвалены ад адбыцця пакарання са зняццем судзімасці.
- У Мінску будуць судзіць за пратэсты маладога дызайнера і паліграфіста.
Максім Калоўскі вярнуўся з Польшчы ў Беларусь увесну 2020 года.

Суд Савецкага раёна Мінска 20 жніўня пачне разгляд крымінальнай справы супраць 29-гадовага мінчука. Яго судзяць па «народным» артыкуле 342 КК за ўдзел у пратэстах, піша «Люстэрка».
Судзіць хлопца будзе Святлана Касмачова.
Пра Максіма Калоўскага вядома тое, што ён нарадзіўся ў 1995 годзе, у 19 гадоў быў прызваны ў армію і прайшоў тэрміновую службу. Хлопец — мастак, захапляўся 3D-мадэляваннем, стварэннем дызайну інтэр'ераў. Пасля войска працаваў у сферы вонкавай рэкламы — быў афарміцелем, спецыялістам па рэкламе, таксама займаўся паліграфіяй.
У Максіма, мяркуючы па ягоных сацыяльных сетках, ёсць сваякі ў Польшчы. Ён не раз ездзіў туды ў госці, а ў пачатку 2019 года з'ехаў назусім — жыў у розных гарадах, шукаў працу ў сферы паліграфіі ў Любліне, спрабаваў атрымаць від на жыхарства. Аднак праз год, увесну 2020 года, хлопец вярнуўся ў Беларусь.
- Айцішніка з Магілёва будуць судзіць за данаты

Аляксею Лескаўцу — 48 гадоў, ён праграміст. З вядомых месцаў працы мужчыны — толькі дзяржаўныя прадпрыемствы. Ён працаваў на Магілёўскім металургічным заводзе і адміністраваў сайт кампаніі, у Праектным спецыялізаваным бюро, інжынерам-праграмістам у Цэнтры гарадскіх інфармацыйных сістэмаў Магілёва.
Суд над Лескаўцом пачнецца 22 жніўня ў Магілёўскім абласным судзе. Судзіць яго будзе суддзя Васіль Галкоўскі, які мае на рахунку «сціплыя» шэсць прысудаў па палітычных справах, піша «Наша Ніва».
Лескаўца абвінавачваюць па двух артыкулах — «фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК) і «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК).
- Інструктара па краў-мазе завочна асудзілі да шасці гадоў калоніі і буйнога штрафу

14 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе ў межах спецвытворчасці вынесены прысуд Генадзю Капітанаву. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) Крымінальнага кодэксу і асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 600 базавых велічыняў — 24 тысячы рублёў.
Прысуд агучыла суддзя Алена Ананіч.
- Сёння пачалі судзіць дырэктара агенцтва нерухомасці за каментары пра Лукашэнку
У судзе Гродзенскага раёна 15 жніўня пачаўся судовы працэс супраць Рамана Смірнова паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Справу разглядае суддзя Станіслаў Пронька.
Пра затрыманне Рамана стала вядома з «палоннага» відэа, якое з'явілася 10 красавіка ў адным з праўладных тг-каналаў.
- У Рэчыцы затрыманых за «экстрэмізм» адправілі ліквідаваць наступствы ўрагану
«Шанец загладзіць віну, не патрапіўшы на нары» — так назвалі прымусовыя работы сілавікі.
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі інфармацыю пра тое, што ў ліпені затрымалі дваіх жыхароў Рэчыцы — 21-гадовых Вячаслава Садчанку і Данілу Кузняцова. Іх абодвух абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмізму».
Сілавікі пахваліліся тым, што адправілі затрыманых у нейкае мясцовае сельгаспрадпрыемства, каб яны там ліквідавалі наступствы ўрагану, які ў сярэдзіне ліпеня пранёсся над некаторымі раёнамі Гомельшчыны, у тым ліку Рэчыцкім. Прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што такім чынам яны «далі шанец загладзіць віну, не патрапіўшы на нары».
Аднак, паводле сцвярджэння ў тэлеграм-канале, хлопцы на прымусовыя працы не выправіліся. Таму цяпер ім пагражаюць новым затрыманнем і зняволеннем.
- Жыхар Брэста затрыманы за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчыну днямі выклікалі ў Следчы камітэт, але ён адмовіўся туды ісці, пасля чаго і быў затрыманы.