«Забойства злачынцы — гэта яшчэ адно злачынства». Чаму смяротнае пакаранне не прыносіць нічога акрамя помсты

60 гадоў таму ў Вялікабрытаніі выканалі апошняе смяротнае пакаранне. Аналітыка дэманструе — у дзяржавах, якія адмовіліся ад антыгуманнай практыкі, здзяйсняецца ў разы менш цяжкіх злачынстваў. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе найвышэйшай мерай пакарання з’яўляецца расстрэл, а нядаўна рэжым пагражаў забіць замежнага грамадзяніна Рыка Крыгера.

vokladka__2__1.jpg

А 8 гадзін раніцы 13 жніўня 1964 года двое мужчын, асуджаных за забойства, былі адпраўленыя на шыбеніцу ў розных турмах Манчэстэра і Ліверпуля. Іх па праве можна назваць самымі няўдачлівымі зняволенымі ў гісторыі брытанскай турэмнай сістэмы. Гвін Эванс і Пітэр Ален сталі апошнімі забітымі злачынцамі перад адменай смяротнага пакарання ў Вялікабрытаніі.

«Крывавы кодэкс», які выконваў ролю крымінальнага заканадаўства дзяржавы напачатку XIX стагоддзя, быў надзвычайна жорсткім і прадугледжваў смяротную кару за 220-230 злачынстваў, сярод якіх былі калі і не бяскрыўдныя, то відавочна не настолькі страшныя ўчынкі, за якія можна пазбавіць жыцця асобу. Так, крадзеж рапсу, нанясенне шкоды рыбе ў вадаёмах і знаходжанне ў лесе ў маскіраваным выглядзе альбо са зброяй караліся смерцю. Больш за тое, узрост чалавека не меў значэння — забівалі нават 7-гадовых дзяцей. Публічныя пакаранні лічыліся цікавым відовішчам і збіралі вялікую колькасць гледачоў. 

Публічнае пакаранне ля турмы Халаўэй, 1955 год

Публічнае пакаранне ля турмы Халаўэй, 1955 год

Але ж, вядома, гэта наш гуманны сучасны погляд. Даследчыкі мяркуюць, што такая надзвычайная жорсткасць брытанскіх законаў была выклікана прамысловай рэвалюцыяй і урбанізацыяй, якія прывялі да хуткага развіцця гарадоў і, адпаведна, пашырэння галечы ды злачыннасці.

На думку паліцэйскіх падраздзяленняў, смяротнае пакаранне было  адзіным эфектыўным сродкам барацьбы з крыміналітэтам.

З 1808 года пачаўся працяглы працэс рэфармавання «Крывавага кодэкса». Паступова колькасць злачынстваў, якія караліся смерцю, змяншалася, і ўжо праз палову стагоддзя прычынамі для пакаранняў сталі толькі забойствы, здрада, наўмысны падпал докаў і пірацтва — агулам, такі сабе аналаг Беларусі ў 2024 годзе, дзе пірацтва можна інтэрпрэтаваць агентурнай дзейнасцю.

У 1868 годзе сталі забароненыя публічныя пакаранні, а ў 1908 устаноўлены мінімальны ўзрост, з якога можна было прыгаварыць да смяротнага пакарання — 16 гадоў. 

Пасля шматгадовага даследавання гэтага пытання спецыяльнай Каралеўскай камісіяй, у 1965 годзе быў прыняты закон, які прыпыніў прымяненне смяротнай кары на пяць гадоў на ўсёй тэрыторыі Злучанага Каралеўства, акрамя Паўночнай Ірландыі.

Па заканчэнні тэрміна ён быў працягнуты назаўсёды, а адзіным выключэннем з’яўляліся злачынныя дзеянні, учыненыя падчас вайны або пры непасрэднай пагрозе вайны.

З 1 лютага 2004 года смяротнае пакаранне ў Вялікабрытаніі было скасаванае пры любых абставінах.

«Плён майго досведу пакідае горкі прысмак: цяпер я не веру, што будзь-якое з сотняў пакаранняў смерцю, якія я правёў, якім-небудзь чынам паслужыла стрымліваючым фактарам супраць будучых забойстваў. Смяротнае пакаранне, на мой погляд, не прынесла нічога, акрамя помсты».

Альберт Пірпойнт, брытанскі кат, 1932–1956 гг.

Брытанскі кат Альберт Пірпойнт

Брытанскі кат Альберт Пірпойнт

Нягледзячы на ​​зніжэнне распаўсюджанасці смяротнага пакарання, па звестках Amnesty International, станам на канец 2022 года пад пагрозай смяротнага пакарання ў свеце  заставаліся не менш за 28 тысяч чалавек, пры гэтым часцей за ўсё выкарыстоўваюцца такія метады, як абезгалоўліванне, павешанне, смяротная ін'екцыя і расстрэл.

Сусветным лідарам па колькасці пакаранняў смерцю застаецца Кітай, але сапраўдныя маштабы прымянення смяротнага пакарання ў гэтай краіне застаюцца невядомымі, паколькі гэтыя даныя застаюцца пад грыфам дзяржаўнай таямніцы.                                   

Украіна

Пасля ўступлення дзяржавы ў Раду Еўропы ў 1995 годзе ўкраінскі ўрад абавязаўся прыпыніць выкананне смяротных прысудаў цягам трох гадоў.

Але з 1995 па 1997 год у краіне былі пакараныя 212 чалавек. Цягам двух наступных гадоў украінскія суды прысудзілі да вышэйшай меры пакарання больш за 250 чалавек, але гэтыя прысуды не былі выкананыя.

З 1 верасня 2001 года ва Украіне ўступіў у сілу новы Крымінальны кодэкс, у якім вышэйшая мера пакарання была бестэрмінова заменена на пажыццёвае зняволенне. 

Расія

Старшыня Канстытуцыйнага суда Расіі Валерый Зоркін мяркуе, што існуе магчымасць вяртання Расіі да смяротнага пакарання.

На яго думку, увядзенне мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання ў 1996 годзе было саступкай каштоўнасцям, неўласцівым расійскай нацыянальнай правасвядомасці.

Па словах Зоркіна, пакуль ёсць наўмысныя забойствы, нельга цалкам закрыць пытанне смяротнага пакарання. Разам з тым, такі пункт гледжання падтрымлівае значная частка расійскага грамадства.

З 1996 года, калі краіна ўступіла ў Раду Еўропы, у Расіі дзейнічае мараторый на смяротнае пакаранне. Апошні смяротны прысуд у Расіі быў прыведзены ў выкананне ў 1996 годзе. 

Ілюстрацыйны малюнак Amnesty International

Ілюстрацыйны малюнак Amnesty International

Даследнікі Amnesty International упэўненыя, што пакаранне смерцю — гэта канчатковае, непазбежнае пакаранне, а рызыка забойства ўвогуле невінаватага чалавека не можа быць ліквідаванай нават пры ўмове ідэальнага судовага разбіральніцтва.

Згодна з аналітыкай арганізацыі, з 1976 года ў камерах смяротнікаў у ЗША за неіснуючыя злачынствы былі цалкам апраўданы 143 зняволеныя. Яны былі прызнаныя невінаватымі па цэлым шэрагу прычын: новыя доказы ДНК, сфальсіфікаваныя паказанні сведак ці неправамерныя дзеянні пракурораў.

У такіх краінах, як Беларусь, Ірак і Іран, смяротная кара часта ідзе за прысудам, заснаваным на вымушаных «прызнаннях», атрыманых пад катаваннямі.

Верагоднасць таго, што асобу пакараюць смерцю, вышэйшая, калі яна належыць да меншасці ў краіне, дзе караюць смерцю. Смяротнае пакаранне непрапарцыйна моцна закранае расавыя, этнічныя і рэлігійныя меншасці, а таксама тых, хто жыве ў галечы.

Статыстыка аб смяротным пакаранні, заснаваная на даследаваннях Amnesty International, якая паказвае агульную колькасць пакаранняў смерцю

Статыстыка аб смяротным пакаранні, заснаваная на даследаваннях Amnesty International, якая паказвае агульную колькасць пакаранняў смерцю

Паводле даследавання Рады Еўропы, статыстыка краін, якія заканадаўча адмянілі смяротнае пакаранне, паслядоўна пацвярджае адсутнасць сувязі паміж выкананнем смяротнага пакарання і ўзроўнем злачыннасці. Усё гуманнае грамадства, дзякуючы адкрытым фактам аналітыкі, упэўнена — функцыя запалохвання смерцю ў мэтах прафілактыкі не працуе.

«Забойства злачынца — гэта яшчэ адно злачынства, якое не можа загладзіць мінулае, колькі б пакут і болю ні зведала яго ахвяра. Ён не можа ўваскрэсіць ахвяру, але пашырае кола гвалту і жорсткасці».

Камісар Еўрапейскай рады Еўропы па правах чалавека Томас Хамарберг.