Хронікі рэпрэсій за 16 верасня: на волю па памілаванні выйдуць яшчэ 37 чалавек; у спісах праваабаронцаў — 22 новыя палітвязні

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі апошнія навіны пра пераслед унутры Беларусі — галоўнае, што вядома на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_6_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1404 дні, Дзяніс — 1284

***

Аляксандр Лукашэнка сёння падпісаў указ аб памілаванні 37 чалавек, асуджаных паводле пратэстных артыкулаў.

Сярод памілаваных шэсць жанчын, некаторыя з памілаваных пенсіянеры, інваліды альбо маюць хранічныя захворванні. Хадайніцтвы зняволеных аб памілаванні дадаткова вывучала камісія пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа.

Вядомыя імёны пяцярых вызваленых. Гэта:

Аляксандр Фікаў, асуджаны на 3 гады калоніі па артыкуле аб «фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання» (арт.361-2 Крымінальнага кодэкса).

Таццяна Біруля, асуджаная на 6 гадоў калоніі па артыкулах аб «закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі» (арт.361 КК), «апаганьванні маёмасці» (арт.341 КК), «распальванні варожасці» (арт.130 КК), «паклёпе на Лукашэнку» (арт.367 КК), «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК) ;

Анжэла Сікорская, асуджаная на 4 гады калоніі па артыкулах аб «абразе Лукашэнкі» і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.368 і арт.369 КК), «пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы» (арт.366 КК), «абразе суддзі» (арт.391 КК) ;

Міхаіл Корзун, асуджаны на 4 гады калоніі па артыкуле аб «распальванні варожасці» (арт.130 КК);

Кацярына Джыг, асуджаная на 4 гады калоніі па артыкулах аб «абразе Лукашэнкі» і «паклёпе» на яго (арт.361 і арт.368 КК), «закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі» (арт.361 КК);

***

Пачаўся суд над Таццянай Стэпа, піша «Вясна». 54-гадовую жанчыну затрымалі 23 студзеня падчас рэйду КДБ за дапамогу палітвязням. Ёй прад'явілі абвінавачанні па ч.1 і ч.2 арт.361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама ч.3 арт.361 КК («Заклікі да ўжывання абмежавальных мер (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).

Цяпер яна ўтрымліваецца ў жодзінскай турме №8.

***

У Гомелі 12 верасня адбыўся суд над лекарам гарадской бальніцы Эмілем Мельнікавым. Як паведамляе «Гомельская вясна», мужчыну судзілі паводле ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі»).

Якое пакаранне прызначылі лекару, невядома. Суддзёй выступаў Аляксандр Зінчук.

Мельнікаў працаваў урачом-рэнтгенолагам. Ён уваходзіў у склад моладзевага савета гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя, адзначаюць праваабаронцы.

***

Наўпрост на працы затрымалі былога заўзятара ФК «Нёман» са Стоўбцаў. Вядома, што мужчына працуе на Мінскім маторным заводзе, піша «Зеркало». Паведамляецца, што ў яго знайшлі цішотку з надпісам «1312», што расшыфроўваецца як «ACAB» (па нумары літары ў алфавіце), а ўжо гэтая абрэвіятура азначае «All Cops Are Bastards» («усе копы — вырадкі»). І чысло, і абрэвіятура шырока выкарыстоўваюцца сярод футбольных хуліганаў, з імі нават робяць тату.

За што канкрэтна быў затрыманы мужчына, сілавікі традыцыйна не паведамілі, аднак паказалі, што «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў было складзена некалькі пратаколаў», а мужчыну адправілі сядзець «суткі» ў ізалятары часовага ўтрымання.

***

Магілёўскі абласны суд пачаў разглядаць крымінальную справу супраць 19-гадовага Данііла Гарасіма, паведамляе «Вясна». Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт.356 КК), «удзеле ва ўзброеным канфлікце» (ч.1 арт.361-3 КК) і «незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі» (ч.2 арт.295 КК).

Пра затрыманне Гарасіма стала вядома ў красавіку. На дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў фільм «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам» пра семярых падлеткаў, затрыманых за «супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі».

Паводле сюжэту, Гарасім «напісаў у бот палка Каліноўскага», дзе яму нібыта далі заданне. Спачатку трэба было зняць перамяшчэнне артылерыйскай брыгады ў Асіповічах, а потым дапамагчы арганізацыі «Супраціў» перанесці сумку з «чаравіком» — прыладай, пры наездзе на якую цягнік сыходзіць з рэек. Супрацоўнікі КДБ затрымалі Гарасіма на станцыі Вярэйкі (Асіповіцкі раён), дзе і трэба было «выканаць заданне».

***

Дваіх жыхароў Віцебска затрымалі пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы. Пра затрыманне стала вядома 15 верасня з праўладных тэлеграм-каналаў. Адзін з затрыманых сказаў падчас размовы з правакатарам «Жыве Беларусь», «Слава Украіне», а таксама што хацеў бы атрымаць зброю ў ваенкамаце і паказаць «волю народа».

«Медыязона» знайшла старонку аднаго з затрыманых у сацсетках, там ён падпісаны як Юрый Янушкевіч.

***

Яшчэ 22 прозвішчы папоўнілі спісы палітвязняў. Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі:

Алега Галубоўскага, Сяргея Гоўшу, Ігара Шымончыка, Аляксандра Малькова, Сяргея Скробата, Вячаслава Бярозава, Таццяну Данілюк, Мікалая Кулака, Ігара Яўменава-Куля, Андрэя Рыбакова, Віктара Данілюка, Мікалая Місюка, Іллю Сабко, Аляксандра Зайцава, Мікалая Каплюка, Дзяніса Якавенку, Кірыла Яўтушыка, Артура Зарэмбу, Алега Бандарука, Івана Косцікава, Антона Харэвіча, Дзмітрыя Бенчука.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 592 дні, Максіма Знака — 586 дзён, Мікалая Статкевіча — 583 дні, Ігара Лосіка — 574 дні, Віктара Бабарыкі — 512 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 442 дні, Уладзіміра Гундара — 405 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1363 чалавекі.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1437 чалавекі. Сярод іх — 176 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.