Экзатычны «адпачынак» для замежнікаў — па беларускіх турмах
Бязвізам улады завабліваюць у краіну замежных турыстаў, дзе іх затрымліваюць спецслужбы. Што адбываецца потым, вядома толькі тым, хто за кратамі.
![1544460_338988_756x425.jpg 1544460_338988_756x425.jpg](/img/v1/images/1544460_338988_756x425.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Афіцыйны Мінск не саромеецца і спакойна, можна нават сказаць планамерна, папаўняе свой абменны фонд замежных грамадзян. У будучыні іх можна абмяняць на якія-небудзь саступкі Захаду. Неяк так у Беларусі сёння бачаць дыпламатыю.
Паездка можа скончыцца і смяротным пакараннем
Чарговага замежніка — грамадзяніна Латвіі — затрымалі ў Беларусі на мінулым тыдні. Як паведаміў Reform.news, Эмілс Асарс 11 верасня паехаў са знаёмай у Верхнядзвінск. На наступны дзень сваякам мужчыны паступіў званок з беларускага нумара, і ім сказалі, што Асарса затрымала міліцыя, піша «Plan B».
Глядзіце таксама
![Затрыманне японца ў Беларусі: каментар BELPOL Прадстаўнік BELPOL: Любы замежнік у Беларусі — мішэнь рэжыму Лукашэнкі](/img/v1/images/pr_2.png?f=c&h=360&o=0&u=1725692611&w=660)
«Звязацца з гэтым нумарам паўторна не ўдалося, а афіцыйнай інфармацыі ад беларускіх памежнікаў не паступала. Тэлефон самога Эмілса Асарса з моманту знікнення застаецца адключаным. Латвійская паліцыя праінфармаваная і занялася пошукамі», — паведамляе выданне.
Гісторый, калі замежнікаў затрымліваюць у Беларусі, становіцца ўсё больш. Самая гучная, мабыць, была з немцам Рыка Крыгерам, якога ў Беларусі нават паспелі прысудзіць да смяротнага пакарання. Потым быў спектакль з велікадушным памілаваннем і абменам. Наўзамен, праўда, Беларусь нічога не атрымала. Гэта значыць, нікога і нічога наогул. Ну, акрамя трох падзяк ад Пуціна асабіста Лукашэнку. Але падзякам гэтым грош цана.
І гэта толькі публічная гісторыя. У ліпені праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што каля 25 грамадзян замежных дзяржаў утрымліваюцца цяпер у месцах пазбаўлення волі Беларусі па палітычных матывах. Іх пераследуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і сваякам за мяжу, «агентурную дзейнасць» і іншае. Сярод іх — грамадзяне Украіны, Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі, Казахстана і Узбекістана.
Глядзіце таксама
![Затрыманні грамадзян Літвы ў Беларусі Літва паведаміла пра затрыманне сваіх грамадзян у Беларусі](/img/v1/images/9f357cd5_3ac7_49d9_a448_bf799ca00fe9.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
З таго моманту Украіна змагла дастаць з Беларусі пяцярых сваіх грамадзян. Але за два месяцы беларускія сілавікі агульную колькасць замежнікаў у турмах хутка выправілі.
Бязвіз — як прынада
На гэтым фоне статыстыка Дзяржаўнага памежнага камітэта палохае. Паводле даных ДПК, за мінулы тыдзень у Беларусь у бязвізавым парадку заехаў 5 071 грамадзянін з 38 еўрапейскіх дзяржаў.
Для краіны, якая вырашыла адкрыць межы для свету, гэтая лічба — мізэр. Але для сілавікоў — перавыкананы, непыльны kpi на бліжэйшыя месяцы.
Часы наступілі такія, што для замежнікаў, якія жадаюць з'ездзіць у Беларусь, дзейнічае тое ж правіла, што і для беларусаў, якія эмігравалі з палітычных прычын. Сто разоў падумай — і лепш не ездзі.