Хронікі рэпрэсій за 17 верасня: за «здраду дзяржаве» пачынаюць судзіць капітана міліцыі, сталі вядомыя імёны новых вызваленых палітвязняў

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі апошнія навіны пра пераслед унутры Беларусі — галоўнае, што вядома на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1.webp

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» праект рэсурснай дапамогі для настаўнікаў «Адукаванка»

Адпаведанае рашэнне прынятае КДБ 28 жніўня. Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Куксо і Мельчанка.

Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ 20 памілаваных учора палітвязняў

Гэта Рукойць Аляксандр, Пугач Аляксандр, Кушалевіч Дзмітрый, Завадскі Алег, Жук Аляксандр, Амельчанка Мікалай, Сінюта Дзмітрый, Мазоль Сяргей, Санько Віталь, Рамановіч Андрэй, Емяльянаў Аляксандр, Барысаў Ігар, Пасцерняк Аляксандр, Папоў Уладзіслаў, Жандораў Аляксандр, Мацюхевіч Сяргей, Нарэйка Яўген, Астрацоў Андрэй, Чарнавусаў Віталь, Баранава Зоя.

16 верасня стала вядома, што паводле новага Указа Лукашэнкі на волю выходзяць яшчэ 37 палітвязняў, асуджаных паводле пратэсных артыкулаў.

Учора стала вядома, што сярод памілаваных Аляксандр Фікаў, Таццяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун, Кацярына Джыг. 

Вызваленыя

Вызваленыя

Палітвязня Генадзя Васілюка ізноў асудзілі да калоніі. А таксама яго жонку, і яшчэ траіх чалавек

У Ленінскім судзе Брэста 16 верасня 2024 года суддзя Андрэй Грушко вынес прысуд па крымінальнай справе Генадзя Васілюка, Ганны Васілюк, Дзяніса Андрашука, Мікалая Пратасевіча і Рамана Парфёнава. Усіх абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 (групавое парушэнне грамадскага парадку).

Як піша Вясна, іх прызналі вінаватымі і прысудзілі Ганне Васілюк — год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму; Дзянісу Андрашуку — адзін год і шэсць месяцаў калоніі; Мікалаю Пратасевічу — адзін год і шэсць месяцаў калоніі; Раману Парфёнаву — адзін год і шэсць месяцаў калоніі.

Як вынікае з прэс-рэлізу суда, палітвязень Генадзь Васілюк атрымаў таксама паўтара года калоніі, але з улікам неадбытага папярэдняга пакарання яму канчаткова прызначана два гады калоніі агульнага рэжыму.

Да маці гамельчука, які пасля вярбоўкі КДБ з'ехаў за мяжу, прыйшлі з ператрусам

Раніцай 16 верасня на працу да маці жыхара Гомеля Мікалая Стагурскага прыйшлі з ператрусам сілавікі. Ён захацеў апублікаваць факт рэпрэсій і паведаміў «Флагштоку», што міліцыянты канфіскавалі ў маці тэлефон і пагражалі «закрыць на суткі».

Раней хлопец распавёў аб вярбоўцы КДБ пасля затрымання «за экстрэмізм» і вымушанага інтэрв'ю дзяржТБ. Каб спыніць кантакты са спецслужбамі, Мікалаю прыйшлося выехаць у бяспечную краіну на тэрыторыю Еўразвяза, аднак і пасля гэтага супрацоўнік КДБ працягваў аказваць на яго ціск.

Двух сяброў затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту — у 2020-ым годзе ім было па 17 гадоў

«Пакаяльнае відэа» з імі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Сцвярджаецца, што ўлічваючы ўзрост затрыманых і «свята Дзень народнага адзінства», яны вызваленыя з афіцыйным папярэджаннем і без «сур'ёзных юрыдычных наступстваў».

Адзін з затрыманых — Цімафей Адамовіч.

Сёння за «здраду дзяржаве» пачынаюць судзіць экс-капітана міліцыі з Кобрына

17 верасня Брэсцкі абласны суд пачынае разглядаць справу супраць 41-гадовага жыхара Кобрына Дзмітрыя Ператолчына. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «неданясенні аб злачынстве» (ч. 2 арт. 406 КК), але сутнасць абвінавачвання невядомая. Справу Дзмітрыя разглядае суддзя Андрэй Сіз.

Ператолчын да 2011 года працаваў на пасадзе камандзіра ўзвода Кобрынскага аддзела Дэпартамента аховы і з'яўляўся капітанам міліцыі. Жанаты, ёсць дачка.

У лістападзе 2012 года Брэсцкі міжгарнізонны ваенны суд прысудзіў Ператолчына да 3,5 гадоў калоніі з адтэрміноўкай на тры гады за «махлярства» (ч. 3 арт. 209 КК). Яго таксама пазбавілі звання капітана міліцыі. Пасля гэтага Дзмітрый працаваў ліцейшчыкам на «Палессі» і спецыялістам у «Дабраноме».