Хронікі рэпрэсій за 18 верасня: 7 новых палітвязняў і новыя экстрэмісты
У Беларусі 7 новых палітвязняў. Гэта Наталля Варабей, Ала Кісель, Наталля Давыдка, Алена Вярбіцкая, Марына Алісеенка, Марк Невар, Аляксандр Лютаў.

- Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі Instagram старонкі «valerymatskevich», «ruslan_guseinov_warszawa», а таксама «belarusians_lietuva».
«Беларускі жаночы фонд Belarus Women’s Foundation» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС, паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
- Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю на завочны прысуд Леаніду Судаленку
Судовая калегія пад старшынствам Дзіны Кучук вырашыла прысуд пакінуць без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.
Нагадаем, у чэрвені Леаніду Судаленку было прызначана 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам 650 базавых велічынь.
Глядзіце таксама

Леанід — вядомы праваабаронца і юрыст, з’яўляўся кіраўніком Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён пакінуў Беларусь і адразу заявіў, што скіруе сваю дзейнасць на найхутчэйшае вызваленне беларускіх палітвязняў.
Глядзіце таксама

- Пачынаюць судзіць палітвязня, затрыманага па вяртанні з Польшчы
Максім Хвашчынскі — жыхар Бабруйска, якога затрымалі 26 лютага — на наступны дзень пасля таго, як вярнуўся з Польшчы.
Спачатку яго асудзілі па адміністрацыйным артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а затым завялі крымінальную справу паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) — нібыта Максім датычны да стварэння экстрэмісцкага фармавання «Бабруйск 375», а таксама экстрэмісцкага тэлеграм-чату «Бобр 97%». Акрамя гэтага, яго вінавацяць у «паклёпе на Лукашэнку» (арт. 367 КК).
Справу палітвязня пачне разглядаць сёння Магілёўскі абласны суд. Суддзя — Ігар Шведаў.
- Жыхарку Брэста пачалі судзіць па шасці крымінальных артыкулах
У Брэсцкім абласным судзе 18 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Алы Дзясяцік. Працэс вядзе суддзя Сяргей Беразюк. Дзяўчыну абвінавачваюць паводле наступных крымінальных артыкулаў:
- ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак);
- арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў);
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
- арт. 367 (паклёп на Лукашэнку).
Апошні раз Ала была анлайн у сацсетках 11 студзеня 2024 года — напярэдадні рэйду КДБ за салідарнасць.
- У Мінску пачынаецца суд над Ірынай Клязовіч, затрыманай за дапамогу палітвязням
Жыхарка Салігорска была затрыманая 23 студзеня падчас масавага рэйду КДБ на людзей, якія выказвалі салідарнасць з палітвязнямі. Ірыну абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу).
Справу жанчыны пачалі разглядаць сёння ў Мінскім абласным судзе. Працэс прызначаны весці суддзя Сяргей Васілеўскі.
- Святара Генрыха Акалатовіча абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве»

Генрых Акалатовіч. Фота katolik.life
Следства па справе ксяндза Генрыха Акалатовіча скончанае — яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Пра гэта паведамляе katolik.lifе. Меркавана, суд будзе прызначаны на канец верасня ці пачатак кастрычніка.
Глядзіце таксама

Святар знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску з лістапада 2023 года, пра яго справу афіцыйна нічога не паведамляецца. Суд пройдзе ў закрытым рэжыме, таму тое, у чым канкрэтна абвінавачваюць пробашча, не стане вядома і падчас суда. Ксёндз Генрых не прызнае сябе вінаватым, мае кепскі стан здароўя.
Вернікі лічаць, што валожынскага пробашча могуць вызваліць пасля суда праз працэдуру памілавання — дзеля таго, каб «хворы чалавек не памёр у турме, каб не было шуму».
Глядзіце таксама

- Праваабаронцам вядома 29 з 37 прозвішчаў, вызваленых па памілаванні на тыдні палітвязняў
Як мінімум пяцёра з іх былі асуджаныя за каментары і рэпосты ў сацсетках, чацвёра — за адпраўку ролікаў «экстрэмісцкім» каналам (у тым ліку, пра перасоўванне ваеннай тэхнікі), трое — за ахвяраванні, адзін — за мірныя сходы.
Сярод вызваленых — шматдзетная маці Кацярына Джыг, у якой чацвёра дзяцей. Адзін з іх — непаўнагадовы, старэйшая дачка мае інваліднасць другой групы.
Таксама выйшла на волю 66-гадовая Зоя Баранава, якую затрымлівалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы, рэпосты з іх, а таксама выявы бел-чырвона-белых сцягоў і «Пагоні», перадрукаваныя з розных крыніц карыкатуры на Лукашэнку і Пуціна. Цяпер на волі 65-гадовы журналіст Андрэй Толчын. Ён пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з нагамі.