Хронікі рэпрэсій за 18 кастрычніка

Пікеты майкай і катафотамі на ровары, праверкі курсаў польскай мовы, суды за данаты і экстрэмізм. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 17 кастрычніка. 

hroniki_cihaha_pratestu___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_27_kastrycznika__17__logo_logo.jpg
  • Новае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

Telegram-каналы і чаты «Чат Бородача», «Чат 97% «ДКЖ», «Hrodna.lіfe», «Свае Людзi»;

Старонка ў Instagram «stopluka»

  • Улады ўзяліся за праверкі курсаў польскай мовы 

Праверкі датычацца дапамогі ў паступленні за мяжу. Проста выкладаць польскую мову пакуль яшчэ можна, а вось калі курсы рэкламуюцца як падрыхтоўка да паступлення ў Польшчу — пачнуцца праблемы. 

Пакуль што вядома пра такія праверкі толькі ў Мінску.


  • Вярхоўны суд пакінуў прысуд былому выкладчыку БДУІР Мікалаю Банькову без зменаў

У Мінскім гарадскім судзе 28 ліпеня агучылі прысуд 52-гадоваму палітвязню — 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») за тры данаты, якія Мікалай Банькоў зрабіў у жніўні 2020 года. Крымінальную справу разглядала суддзя Святлана Бандарэнка.

Мікалай — былы выкладчык кафедры сувязі БДУІР. Гэтая кафедра прызначаная для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь. Мікалая Банькова затрымалі 18 студзеня 2023 года ў Мінску. 

Сёння, 18 кастрычніка, судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула прысуд Мікалаю ў сіле, а скаргу — без задавальнення.


  • Кіроўцу з Кобрына прысудзілі год калоніі за каментар пра Лукашэнку

У судзе Кобрынскага раёну 2 кастрычніка асудзілі Сяргея Шымко паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Каберская прызначыла Сяргею адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Судовае пасяджэнне мела выязны фармат. Кобрынца абвінавацілі ў тым, што ён 21 кастрычніка 2021 года пакінуў інтэрнэт-каментар у бок Лукашэнкі ў адным з тэлеграм-чатаў.

Сяргею Шымко —37 гадоў, ён працаваў кіроўцам у міжнароднай кампаніі.


  • Палітзняволенага Міхаіла Лапунова пяты раз запар асудзілі да адміністрацыйнага арышту — ён за кратамі ўжо 71 дзень

Апошні тэрмін яго чацвёртага адміністрацыйнага арышту павінен быў скончыцца 9 кастрычніка, але замест волі Міхаіл чарговы раз быў асуджаны па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).  

Суддзя Алеся Осіпава прызначыла яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня — і з таго часу бесперапынна знаходзіцца за кратамі.

Сын Міхаіла – палітвязень Мікіта Залатароў – адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.


  • У Брэсцкім абласным судзе 17 кастрычніка да 6 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 36-гадовага мясцовага праграміста Леаніда Райчонка. 

Яго асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам ва Украіне паводле ч. 2 арт. 361-3 КК.

Такі прысуд вынесла Вера Філонік па прапанове дзяржабвінаваўцы Генадзя Бурага. Леаніда затрымалі гэтым летам на беларуска-польскай мяжы, распачалі крымінальную справу і змясцілі пад варту ў брэсцкае СІЗА. 

Згодна з версіяй абвінавачання, 17 траўня 2022 года Леанід перавёў 400 долараў на бронекамізэлькі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны. Другое ахвяраванне ён зрабіў на суму 150 долараў на карысць «Prague Support Team».


  • Палітвязня Дзяніса Хахлова, якога выдварылі з Расіі ў Беларусь, будуць судзіць за ўдзел у пратэстах

Дзяніс родам з Круглага, ён — айчым асуджанага за ўдзел у пратэстах палітвязня Уладзіслава Лагуценкі

Дзяніс Хахлоў жыў у Расіі з лютага 2023 года, туды ён з'ехаў ад пераследу ў Беларусі. З Расіі ён збіраўся з'ехаць у Грузію, але 11 чэрвеня быў затрыманы ў Кабардзіна-Балкарыі праз тое, што знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку на запыт Беларусі. На час праверкі яго змясцілі ў ІЧУ, аднак пракуратура прыйшла да высновы, што ягоныя дзеянні не лічыцца злачынствам на тэрыторыі Расіі.

Аднак яго не вызвалілі і склалі адміністрацыйны пратакол за перавышэнне тэрміну знаходжання ў Расіі без рэгістрацыі. Суд прызначыў яму адміністрацыйнае выдварэнне ў Беларусь.

Стала вядома, што 26 кастрычніка ў Шклове Дзяніса пачнуць судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК). Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў.


  • Бацькоў і брата чэмпіёна свету па самба Сцяпана Папова звальняюць з працы

У пачатку кастрычніка бацькі і брат вядомага беларускага самбіста Сцяпана Папова былі затрыманыя і арыштаваныя на 10 сутак. Учора стала вядома, што іх звальняюць з Віцебскай абласной СДзЮШАР прафсаюзаў «Волат», дзе яны працавалі трэнерамі па дзюдо і самба.

— Усе трэнеры па дзюдо і самба звольненыя. З 18 кастрычніка. Таму што не выходзілі на працу 10 сутак, бо знаходзіліся ў ізалятары Лепеля за падпіску ў фэйсбуку на інфармацыйныя рэсурсы, якія з 2021 года прызнаныя экстрэмісцкімі. Артыкул 19.11 частка 2 (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі) Адміністрацыйнага кодэкса, — сказана ў паведамленні школы.

Сцяпан Папоў — чэмпіён свету і двухразовы чэмпіён Еўропы, уладальнік Кубка свету, пераможца Еўрапейскіх гульняў. Ініцыяваў стварэнне ліста свабодных спартсменаў.


  • Штраф за колер катафотаў на  ровары

Жыхар Рагачова Пётр Русак некалькі гадоў таму на сваім ровары ўсталяваў святлоадбівальнікі ў выглядзе паласы срэбнага і чырвонага колераў. Супрацоўнікі Рагачоўскага РАУС угледзелі ў гэтым выяву бела-чырвона-белага сцяга і палічылі гэты факт «пікетаваннем з парушэннямі ўсталяванага парадку».

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні быў накіраваны ў суд Рагачоўскага раёна, піша «Гомельская Вясна».

2 кастрычніка суддзя Вольга Пакроўская вынесла пастанову па артыкуле 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў») і наклала на Пятра штраф у памеры 555 рублеў.


  • Штраф у 3330 рублёў за фота ў майцы з «Пагоняй» у Tinder

Мясцовыя міліцыянты з Верхнядзвінску ўбачылі ў дадатку для знаёмстваў фота мужчыны ў майцы з Пагоняй і склалі на яго пратакол паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў»).

Суддзя мясцовага суда Таццяна Кукліна аштрафавала мужчыну на 3330 рублёў, а саму майку загадала знішчыць.


  • За здымкі з бел-чырвона-белым сцягам у «Аднакласніках» двое жыхароў Докшыцкага раёна трапілі на суткі

Як стала вядома віцебскім праваабаронцам, 4 кастрычніка суддзя Докшыцкага суда Вячаслаў Елісеенка прызначыў арышт двум жыхарам Докшыцкага раёна, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі мясцовых крамаў. Жыхар Докшыцаў Дзмітрый Славук атрымаў 12 сутак арышту, а жыхар гарадскога пасёлка Бягомль Міхаіл Надыкта — 14 сутак.

Абодвум мужчынам ставілася ў віну, што яны без дазволу Докшыцкага райвыканкама быццам правялі адзіночны пікет з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў. А заключаўся ён у тым, што кожны з іх размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» свае фотаздымкі з выявай нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга з сімвалам «Пагоні».

Гэта выявілі супрацоўнікі Докшыцкага РАУС, якія і затрымалі Дзмітрыя і Міхаіла, а пазней склалі на іх пратаколы.


  • Крымінальная справа за тое, што зняў з флагштока чырвона-зялёны сцяг і павесіў украінскі 

Светлагорскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Паводле сілавікоў, нехта перарэзаў дрот з флагштока, зняў дзяржаўны сцяг і выкінуў яго ў смеццевы кантэйнер. Замест яго павесілі сцяг Украіны.

Паведамляецца, што затрыманы — 41-гадовы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, у якога падчас ператрусу па месцы жыхарства была выяўлена «сімволіка экстрэмісцкай накіраванасці». Цяпер мужчына затрыманы, вырашаецца пытанне аб прымяненні меры стрымання.