Севярын Квяткоўскі: Чаму Змітру Дашкевічу накінулі тэрмін зняволення
Севярын Квяткоўскі разважае на «Радыё Рацыя» аб спробах Лукашэнкі змяніць структуру беларускага грамадства.
Змітру Дашкевічу накінулі год калоніі за нібыта «злоснае непадпарадкаванне
патрабаванням адміністрацыі калоніі». Тым часам арганізацыя «БелПол» паведамляе пра факты ціску на Віктара Бабарыку
і Ігара Лосіка, а пра іншых вядомых палітзняволеных, такіх як Марыя
Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і Павел Севярынец, практычна
нічога невядома.
Штосьці дзесьці часам далятае з навін пра вядомых палітзняволеных, і тое не пра ўсіх, і тое толькі ў кантэксце катаванняў карцарам, адзіночкамі ды інфармацыйнай ізаляцыяй.
За мяжой сустрэў дзяўчыну, якая два гады адбыла ў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту. Сказала, што інтэрв’ю не можа даць, бо яе папярэдзілі, каб маўчала. Інакш у яе сваякоў будуць праблемы.
Іншы вызвалены казаў, што яму далі месяц на тое, каб ён выехаў з Беларусі, інакш, маўляў, яго зноў кінуць за краты.
Колькі такіх размоў? Мы не ведаем. Бо калі выходзяць праваабаронцы ці журналісты, з імі, відаць, без сэнсу размаўляць у падобным рэчышчы. Прыблізна як з лідарамі меркаванняў, такімі як Зміцер Дашкевіч. Рашэнне, ці заставацца ў Беларусі, будзе залежаць дакладна не ад размовы з операм на зоне.
Лідараў за кратамі катуюць не толькі таму, што Лукашэнка — помслівы садыст. Іх знішчаюць псіхалагічна. Каб нават, калі атрымаецца коштам іх свабоды пагандлявацца з Захадам, думкі не ўзнікла «узяцца за старое» — словамі і ўчынкамі супрацьстаяць сістэме.
Масавыя рэпрэсіі ўсіх відаў скіраваны на змену структуры грамадства. Некаторыя параўноўваюць лукашэнкаўскую Беларусь з канцлагерам. Гэта не так. Параўноўваць лепш з базай унутраных войскаў.
Мы рэгулярна атрымліваем інфармацыю пра тое, што адкрываюцца ваенізаваныя лагеры для падлеткаў. Пра зборы рэзервістаў. Але Беларусь не такая вялікая па колькасці войска, каб сур’ёзна пагражаць NATO. Створаная Лукашэнкам міліцэйская дзяржава ў дзяржаве хоча і далей існаваць пасля сыходу Лукашэнкі тым ці іншым чынам.
2020 год даў для некаторых служак у пагонах магчымасць феерычнага кар’ернага росту. Тыповы прыклад — Мікалай Карпянкоў, які быў начальнікам ГУБАЗіКа ў званні падпалкоўніка ды імгненна стаўся генерал-маёрам, намеснікам міністра МУС і кіраўніком унутраных войскаў, галоўнага сілавога апірышча рэжыму. Таму цяпер у іх задача — існых лідараў зламаць, патэнцыйных на будучыню выштурхнуць.
Ці рэальна? Сталіну спатрэбілася чвэрць стагоддзя
масавых забойстваў, каб змяніць структуру грамадства. Ці ёсць падобная
магчымасць у сучасных лукашыстаў? Вельмі сумняюся. Падтрымліваем як можам
аднадумцаў, якія знаходзяцца ў нядолі. Жыве!