Палітвязня Змітра Дашкевіча асудзілі на яшчэ адзін год калоніі строгага рэжыму

Зміцер Дашкевіч мусіў быў выйсці на волю 11 ліпеня, аднак супраць яго пачалі новую крымінальную справу за нібыта «непадпарадкаванне адміністрацыі». Сёння, 19 кастрычніка, суддзя Таццяна Дзеравянка агучыла прысуд — год калоніі строгага рэжыму.

dash_120915_logo_1_1_logo.webp

«Яшчэ адзін пакутлівы год па ШІЗА, карцарах і ізалятарах. Яшчэ адзін год жыцця з вырваным сэрцам», — напісала ў фэйсбуку яго жонка Наста Дашкевіч

Змітру Дашкевічу за «непадпарадкаванне адміністрацыі» дадалі яшчэ адзін год строгага рэжыму — самы максімум, піша Наста Дашкевіч. Хоць справа ў судзе «разбілася ўшчэнт», адзначае яна.

«За што фармальна па паперах? У рэальнасці, канешне, не гэта стала нагодай і прычынай. Але ў паперы паклалі: не выйшаў на прагулку, 1 раз з кімсьці паразмаўляў, ляжаў на падлозе ў ізалятары пасля начнога змагання з холадам. За гэта мой муж атрымаў 1 год строгага рэжыму»

Глядзіце таксама

Нагадаем, Змітра Дашкевіча затрымалі 23 сакавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле, а затым перазатрымалі ўжо па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. Таксама абвінавачанне было выстаўленае ягонай жонцы Насце. 

14 ліпеня 2022 г. у судзе Маскоўскага раёна Мінска быў вынесены прысуд. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала палітвязня і ягоную жонку, якая нядаўна нарадзіла чацвёртае дзіця, вінаватымі і прызначыла Змітру паўтара года калоніі, а Насце — тры гады «хатняй хіміі».

МУС уключыў палітвязня ў спіс «экстрэмістаў».

Глядзіце таксама

11 ліпеня 2023 года палітвязень мусіў выйсці на волю, аднак на яго завялі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» (арт. 411 КК) і перавялі ў Следчую турму № 8.

У судзе Барысаўскага раёна 28 ліпеня 2023 года разглядалася скарга абаронцы Дашкевіча на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Рашэнне прымала суддзя Таццяна Шыман, скаргу не задаволілі.

А 11 кастрычніка ў судзе Барысаўскага раёна над Змітром распачаўся новы суд па арт. 411 КК. Справу разглядала суддзя Таццяна Дзеравянка.