Ад 15 гадоў да пажыццёвага. Суд Украіны вынес вырак «беркутаўцам» за расстрэл пратэстоўцаў
Святошынскі раённы суд Кіева 18 кастрычніка абвясціў выракі ў справе пра расстрэл удзельнікаў масавых акцый пратэсту ў Кіеве 20 лютага 2014 года на вуліцы Інстытуцкай. Тады загінулі 48 пратэстоўцаў.
У справе фігуравалі пяць абвінавачаных супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення «Беркут» — Паўло Аброськін, Сяргей Зінчанка, Аляксандар Марынчанка, Сяргей Тамтура і намеснік камандзіра «Беркута» Алег Янішэўскі,піша Радыё «Свабода» са спасылкай на ўкраінскае выданне «Суспільне».
У зале суда прысутнічалі толькі два абвінавачаныя — Аляксандар Марынчанка і Сяргей Тамтура. Іншых абвясцілі ў вышук пасля таго, як Украіна перадала іх Расеі ў межах абмену палоннымі ў снежні 2019 году, у рамках першага пасля прыходу Уладзіміра Зяленскага да ўлады абмену ваеннапалоннымі.
Суд прысудзіў завочна Алегу Янішэўскаму пажыццёвае зняволенне, а Паўлу Аброськіну і Сяргею Зінчанку — па 15 гадоў пазбаўлення волі.
Двух іншых, якія засталіся ва Украіне і прысутнічалі на абвяшчэнні выраку, — Сяргея Тамтура і Аляксандра Марынчанка — прысяжныя апраўдалі.
Судовы разгляд справы працягваўся з траўня 2015 году да лістапада 2022 году. Амаль год суд прысяжных знаходзіўся ў дарадчым пакоі, каб вынесці вырак.
Колішнія супрацоўнікі спецпадраздзялення «Беркут» абвінавачваліся ў выкарыстанні табельнай агнястрэльнай зброі супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Паводле следства, яны ўчынілі наўмыснае забойства 48 грамадзян і ажыццявілі замах на забойства яшчэ 80 пратэстоўцаў. Апроч таго, іх абвінавацілі ў тэрарыстычным акце і іншых злачынствах.
Пасля перамогі Майдану «беркутаўцы» ўцякалі ў Беларусь, Расію і Крым. Расследаваннем і выяўленнем асобаў супрацоўнікаў «Беркуту», што знайшлі прытулак у Беларусі ды разганялі пратэсты 2020 года і сведчылі супраць беларускіх актывіста ў судзе, займаўся журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын. Яго расследаванне ўскалыхнула беларускую інтэрнэт-прастору. Дзяніс выкрыў трох колішніх «беркутаўцаў», якія цяпер спакойна працуюць у шэрагах беларускай міліцыі. Тады ж журналіст выказаў меркаванне, што такіх «уцекачоў» у Беларусі можа знаходзіцца каля сотні.
Ва Украіне масавыя акцыі пратэсту, якія пазней пачалі называць Еўрамайданам і Рэвалюцыяй Годнасці, пачаліся 21 лістапада 2013 году, пасля таго, як улады вырашылі адмовіцца ад падпісання з Еўрасаюзам дамовы аб асацыяцыі. Маштаб пратэстаў павялічыўся па ўсёй краіне пасля таго, як 30 лістапада ўлады жорстка разагналі пратэстоўцаў. Акцыі працягваліся да лютага 2014 году, і цягам усяго гэтага часу сілавікі некалькі разоў спрабавалі разагнаць іх удзельнікаў.
Паводле пракуратуры Украіны, у часе Рэвалюцыі Годнасці пацярпелі 2,5 тысячы грамадзян, у тым ліку 104 з іх загінулі. Пазней загінулых пачалі называць Нябеснай сотняй.
Адной з першых ахвяр стаў грамадзянін Беларусі Міхась Жызнеўскі. Яго застрэлілі 22 студзеня 2014 году ў Кіеве. У 2017 годзе яго ўшанавалі званнем Героя Украіны. Зорку Героя Украіны тагачасны прэзідэнт Пятро Парашэнка перадаў бацькам Міхася. Забойцу дагэтуль не знайшлі.