Зяленскі: Вызваленне беркутаўцаў было палітычнай умовай абмену палоннымі

Вызваленне беркутаўцаў, абвінавачаных у забойствах на Майдане, крытыкуюць розныя сілы, у прыватнасці ўкраінская апазіцыя і ветэраны.

Уладзімір Зяленскі ў аэрапорце Барыспаль (Фота: Прэс-служба прэзідэнта Украіны)

Уладзімір Зяленскі ў аэрапорце Барыспаль (Фота: Прэс-служба прэзідэнта Украіны)


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зялянскі патлумачыў рашэнне перадаць прарасійскім сепаратыстам пецярых беркутаўцаў, абвінавачаных у забойствах на Майдане незалежнасці ў Кіеве.

Па словах палітыка, дзякуючы гэтаму абмен палоннымі ўвогуле быў магчымым.

Падчас абмену ваеннапалоннымі Зяленскі сказаў, што гэта было «цяжкае, складанае палітычнае рашэнне».

Вызваленне беркутаўцаў, абвінавачаных у забойствах на Майдане, крытыкуюць розныя сілы, у прыватнасці ўкраінская апазіцыя і ветэраны. Паводле іх, Крэмль такім чынам вяртае сваіх людзей і затушоўвае сляды ўмяшальніцтва ў справы Украіны, а прэзідэнт Зяленскі, пагадзіўшыся з гэтым, чарговы раз паслабляе міжнародную пазіцыю Украіны.

Паводле Уладзіміра Зяленскага, перадача беркутаўцаў сепаратыстам не будзе мець уплыву на следства ў справе Майдану:

— Я з вялікай павагай стаўлюся да людзей, якія страцілі самых блізкіх на Майдане. На жаль, мы не можам вярнуць ім жыцця, але можам выратаваць іншых людзей. У любы момант абмен мог быць спынены. Я імкнуся вызваліць жывых, і гэта лічу самым важным. Гэта быў мой выбар.

Учора Украіна вызваліла 124 чалавекі, сепаратысты — 76.

www.polskieradio.pl