Спецрасследаванне: каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі. Частка ІІ
Працягваем раскрываць новую інфармацыю пра экс-байцоў расфармаванага ўкраінскага спецпадраздзялення «Беркут» на службе ў абароне дыктатуры ў Расіі і Беларусі.
У другой частцы геаграфія расследавання значна пашыраецца. Мы падаем звесткі, датычныя выяўлення экс-байцоў спецпадраздзялення «Беркут» не толькі ў Мінску, але і ў іншым рэгіёне Беларусі. Упершыню ў межах расследавання надаем інфармацыю пра адшуканне у шэрагах мінскага АМАПу колішняга «беркутаўца» з адэскага батальёну гэтага падраздзялення.
Не толькі Мінск
У выніку вывучэння акаўнтаў сацсетак фігуранта першай часткі гэтага расследавання Дзмітрыя Анцупава на тэрыторыі Беларусі выяўлены ягоны таварыш па службе, баец мікалаеўскага спецпадраздзялення «Беркут» Уладзімір Дзідык. У спісе сяброў свайго акаўнту «OK» Анцупаў пазначыў Дзідыка менавіта ў якасці свайго калегі.
Дзідык Уладзімір Уладзіміравіч (укр. – Дідик Володимир Володимирович) Нарадзіўся ў 1988 годзе ў вёсцы Антоніўка Наваадэскага раёна Мікалаеўскай вобласці, УССР. Скончыў Мікалаеўскі політэхнічны тэхнікум. Пасля прахаджэння тэрміновай вайсковай службы быў прыняты ў роту міліцыі асаблівага прызначэння (РМАП) «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці з'ехаў у Беларусь. Меркавана служыць у АМАП УУС Гомельскага аблвыканкама.
Ідэнтыфікаваны і апазнаны ў супольных фотаздымках са сваімі таварышамі па службе з мікалаеўскага «Беркута».
Паводле зафіксаваных у фота пагонаў, Уладзімір Дзідык на момант стварэння гэтага фота меў званне сяржанта міліцыі.
У адрозненне ад большасці збеглых у Беларусь экс-байцоў мікалаеўскага «Беркута» Дзідык жыве не ў сталічным рэгіёне, а ў Гомелі.
Падчас выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі імя Уладзіміра Дзідыка было выяўлена ў агульным спісе грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Паводле рашэння адміністрацыі гэтага раёна, 06.06.2017 года ён быў афіцыйна пастаўлены ў агульную чаргу. З дапамогаю анлайн-сэрвісу Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта вызначана, што станам на ліпень 2020 года Уладзімір Дзідык займаў у чарзе на жытло пазіцыю № 14370.
Умовамі пастаноўкі ў чаргу на жытло прадугледжаная штогадовая верыфікацыя — пацвярджэнне статусу ў мясцовым раённым органе ўлады паводле месца рэгістрацыі. Адміністрацыя аднаго з раёнаў Гомеля змясціла для выкарыстання ў адкрытым доступе нават поўны адрас месца жыхарства Дзідыка ў адным з інтэрнатаў горада. Увосень 2020 года Дзідык быў зняты з агульнай чаргі.
Увосень 2020 года Дзідык быў зняты з агульнай чаргі.
З колішнімі ўкраінскімі беркутаўцамі верагодна можа быць звязаная гісторыя, якая адбылася ў Гомелі з украінскім мігрантам Яўгенам Кірычэнкам, які ў 2014 годзе праз пагрозу наступу расійскіх падраздзяленняў вывез сваю сям’ю з Данецкай вобласці на жыхарства ў Беларусь.
Увечары 11 жніўня 2020 года ў цэнтры Гомеля Кірычэнка быў затрыманы нібыта як «удзельнік пратэстаў» адным з байцоў гомельскага АМАПу і змешчаны ў службовы мікрааўтобус «Газель». Пасля таго, як ён паведаміў, што з’яўляецца ўкраінцам, яго перавялі ў аўтазак, у якім знаходзіліся 8-10 чалавек у чорнай форме і без знакаў адрозненняў.
Паводле словаў Кірычэнкі, яго абражалі і дапытвалі, колькі яму заплацілі і хто яго каардынатар. Кірычэнку павалілі на падлогу і пачалі жорстка збіваць. Адзін з амапаўцаў запытаў: «Так может, это ты, падла, жёг меня на Майдане?» Пасля здзекаў яго зноў перавялі ў «Газель» і завезлі ў РАУС Цэнтральнага раёну Гомеля, дзе катаванні працягнуліся. Паводле судовага рашэння, Кірычэнку яшчэ некалькі дзён пасля гэтага ўтрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання.
Нягледзячы на абскарджванне пастановы суда, праходжанне судмедэкспертызы, ініцыяванай СК па факце збіцця супрацоўнікамі міліцыі, Кірычэнку выклікалі ва ўпраўленне па грамадзянству і міграцыі. Адтуль ён зноў патрапіў у ІЧУ. Пасля 14 дзён утрымання яго дэпартавалі з Беларусі з забаронай на ўезд цягам наступных трох гадоў.
Кірычэнка запэўніў, што не бачыў абліччаў байцоў АМАПа ў аўтазаку, бо на іх былі балаклавы, а на некаторых шаломы. Апроч гэтага, яму не дазвалялі глядзець у іх бок, таму ён не можа апазнаць гэтага амапаўца.
Калі чытачы маюць дадатковую інфармацыю, просьба паведаміць яе рэдакцыі альбо аўтару расследавання. Ананімнасць гарантуецца.
«Ах, Одесса, жемчужина у моря»
У шэрагах мінскага АМАПа выяўлены яшчэ адзін баец расфармаванага ўкраінскага спецпадраздзялення «Беркут» Сяргей Кімінчыжы. Вызначана, што ён з’яўляецца экс-байцом асобнага батальёна міліцыі асаблівага прызначэння (БМАП) гэтага падраздзялення, якое дыслакавалася ў Адэсе. Гэта першы выпадак выяўлення сярод супрацоўнікаў беларускай міліцыі адэскага «беркутаўца».
Кімінчыжы Сяргей Пятровіч (укр. – Кімінчижи Сергій Петрович)
Нарадзіўся 04.08.1983 года ў вёсцы Васіліўка Балградскага раёна Адэскай вобласці, УССР. Пражываў у вёсцы Выгода Біляіўскага раёну той жа вобласці. Пасля дэмабілізацыі з арміі быў прыняты на службу ў БМАП «Беркут» пры Галоўным упраўленні МУС Украіны ў Адэскай вобласці. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці ўцёк у Беларусь. Рэжым Лукашэнкі надаў яму грамадзянства і службу ў шэрагах АМАП ГУУС Мінскага гарвыканкаму.
У выніку паглыбленай выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (OSINT) Сяргей Кімінчыжы выяўлены сярод байцоў «Беркуту», якія ўдзельнічалі ў выязным «Дні адкрытых дзвярэй» для гадаванцаў адэскага дзіцячага аздараўленчага лагера імя Юрыя Гагарына Узброеных сілаў Украіны.
Мерапрыемства было арганізавана напачатку жніўня 2013 года аддзелам крымінальнай міліцыі па справах дзяцей Галоўнага ўпраўлення МУС Украіны ў Адэскай вобласці. Апроч «беркутаўцаў» былі запрошаныя і супрацоўнікі Кіналагічнага цэнтру гэтага ўпраўлення. Кімінчыжы зафіксаваны не толькі падчас паказальнага выступу байцоў свайго падраздзялення з дэманстрацыяй асноўных прыёмаў рукапашнага бою, але таксама падчас паказу адзінак узбраення і спецыяльных сродкаў, што меліся на ўзбраенні «Беркута».
Сяргей Кімінчыжы дэманструе помпавую рушніцу 12-га калібра «Форт-500». З гэтай штатнай зброі «беркутаўцаў» былі забітыя шматлікія ўдзельнікі Рэвалюцыі Годнасці, у тым ліку Міхась Жызнеўскі / Фота: odessitua.com
Вядома, што падчас падзеяў Рэвалюцыі Годнасці 19 лютага 2014 года байцы адэскага «Беркута» прарваліся праз ачапленне, выстаўленае адэскімі грамадскімі актывістамі ля месца дыслакацыі гэтага спецпадраздзялення, і выехалі ў Кіеў на двух аўтобусах. Ужо 21 лютага дэпутат Анатоль Грыцэнка суправаджаў падраздзяленні «Беркута», у тым ліку з Адэскай вобласці, падчас іх выезду з Кіева. Адэскія «беркутаўцы» непасрэдна ўдзельнічалі ў падзеях 20 лютага 2014 года ў Кіеве, адзін з іх нават быў паранены на вуліцы Інстытуцкай.
Са службай Сяргея Кімінчыжы ў мінскім АМАПе звязаныя адразу некалькі інцыдэнтаў па затрыманнях і судовым пераследзе беларускіх грамадскіх актывістаў.
3 красавіка 2018 года ў Мінску быў затрыманы вядомы беларускі анархіст Вячаслаў Касінераў. Днём раней ён удзельнічаў у пікеце з патрабаваннямі дэкрыміналізацыі лёгкіх наркотыкаў у малых дозах і ўхвалення адпаведных зменаў у адзін з самых рэпрэсіўных крымінальных артыкулаў Беларусі №328 «Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў».
Вячаслаў Касінераў / Фота з акаўнту ў FB
Як засведчыла жонка Вячаслава Касінерава Марына Насенка, затрыманне адбылося проста на вуліцы. Яго здзейснілі супрацоўнік Маскоўскага РУУС Мінска і два байцы АМАПу, якія былі ў цывільнай вопратцы. Адзін з іх тады не прадставіўся, а іншы, паводле дакументаў, меў прозвішча Кімінчыжы. Група захопу пасадзіла Касінерава ў мікрааўтобус, які з самага ранку быў пад вокнамі яго кватэры. На наступны дзень, 4 красавіка, Касінераў быў пакараны адміністрацыйным штрафам паводле не менш рэпрэсіўнага артыкулу 23.34 КаАП РБ.
Другі інцыдэнт звязаны з разглядам адміністрацыйнай справы 10 студзеня 2020 года ў судзе Савецкага раёна Мінска ў дачыненні да Сяргея Папкова — намесніка старшыні КХП-БНФ і БНФ «Адраджэньне». Падчас судовага пасяджэння Сяргей Кімінчыжы і іншы сведак-амапавец, Віктар Мартынчык, надалі паказанні, згодна з якімі Папкоў нібыта выкрыкваў лозунгі і парушаў грамадскі парадак 21 снежня 2019 года на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У той дзень адбывалася адна з шэрагу акцый у падтрымку незалежнасці Беларусі.
Нягледзячы на тое, што Папкоў цалкам давёў суду, што ён не рабіў дзеянняў, у якіх яго абвінавачвалі, судовы вердыкт быў ухвалены на грунце сведчанняў амапаўцаў, у тым ліку Сяргея Кімінчыжы. У выніку Папкова засудзілі да 20 базавых велічыняў (540 рублёў) адміністрацыйнага штрафу.
У матэрыялах адміністрацыйнай справы маецца пратакол апытання Сяргея Кімінчыжы:
Гэты дакумент не толькі цалкам пацвярджае вызначаныя падчас расследавання яго поўнае імя, дату і месца нараджэння ў Адэскай вобласці, але і факталагічна сведчыць пра яго службу ў мінскім АМАПе.
Наступны, вельмі гучны інцыдэнт з удзелам Сяргея Кімінчыжы, датычны яго ўдзелу ў затрыманні «дыджэяў пераменаў» — Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага. Падчас судовага працэсу над імі Кімінчыжы зноў фігуруе ў якасці сведкі і дае паказанні.
6 жніўня 2020 года мінскія ўлады вырашылі правесці ў Кіеўскім скверы, адной з дазволеных пляцовак для агітацыі, Дзень адкрытых дзвярэй установы дадатковай адукацыі «Калейдаскоп мастацтва». У той жа дзень у парку Дружбы народаў павінна была адбыцца папярэдне анансаваная сустрэча з выбарнікамі Святланы Ціханоўскай. Аднак праз наўмыснае правядзенне там уладамі яшчэ аднаго культурна-масавага мерапрыемства, Святлана Ціханоўская заклікала ўсіх прыходзіць менавіта ў Кіеўскі сквер. У ім сабраліся тысячы праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Гукааператары Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі, якія адказвалі за музычную праграму дзяржаўнага мерапрыемства, уключылі на знак падтрымкі пратэстоўцаў песню «Перемен» гурта «Кино». У гэты ж дзень пазней яны былі затрыманыя.
Кімінчыжы засведчыў, што ён асабіста і яшчэ адзін амапавец, Руслан Кавальчук, здзяйснялі пошук, пераследаванне і затрыманне Галанава і Сакалоўскага, якія пры гэтым, паводле яго словаў, праявілі непадпарадкаванне. Згодна са сведчаннямі Кімінчыжы і Кавальчука, падчас затрымання яны былі ў цывільным, а затрыманых змясцілі ў аўтамабіль Volkswagen Transporter і даставілі потым у Цэнтральны РУУС Мінска.
На падставе гэтых ды іншых сведчанняў, Галанава і Сакалоўскага за нібыта здзейсненае імі дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі пакаралі ў сукупнасці 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.У пастанове справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне №6-2342/2343/2020 у дачыненні да Кірыла Галанава маецца не толькі дадатковае дакументальнае пацвярджэнне службы экс-байца «Беркуту» Сяргея Кімінчыжы ў мінскім АМАПе, але і пададзеныя яго пасада і нават званне.
Як вынікае з дакументу, Сяргей Кімінчыжы з’яўляецца камандзірам групы АМАП ГУУС Мінскага гарвыканкама, мае званне капітана міліцыі.
Што ж стала асноўным матывам Кімінчыжы для раптоўных уцёкаў з Украіны ў Беларусь?
Святло на гэта можа дапамагчы праліць яго ўласны акаўнт у сацсетцы «VK», які проста перанасычаны інфармацыйным прадуктам расійскай прапаганды. Тут і актыўныя рэпосты не толькі «Антимайдана», але і сепаратысцкіх паблікаў, створаных у межах гібрыднай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны: «Комитет Освобождения Одессы — Антимайдан», «Народная Дружина Одессы (Антимайдан) НД», «Вежливые люди, Армия, Россия».
Напрыканцы чэрвеня 2014 года Сяргей Кімінчыжы зарбіў рэпост з заклікам да супрацоўнікаў МУС і вайскоўцаў Нацыянальнай Гвардыі Украіны не ўдзельнічаць у баявых дзеяннях у Данбасе, то-бок, па-сутнасці, не здзяйсняць супраціў расійскай ваеннай агрэсіі.
Праводзіць расследаванне дзейнасці Сяргея Кімінчыжы як прадстаўніка каманднага складу адэскага падраздзялення «Беркут» падчас падзеяў вясны 2014 года ў Адэсе маюць кампетэнцыю следчыя органы Украіны. Да таго ж, яны могуць аб’яднаць гэтае расследаванне са справай яго непасрэднага начальніка — Дзмітрыя Фучэджы.
Увесну 2014 года Дзмітрый Фучэджы з’яўляўся намеснікам начальніка адэскай абласной міліцыі і ачольваў міліцыю грамадскай бяспекі. Ён быў адхілены з сваёй пасады праз падазрэнне ў супрацы з баевікамі «Антимайдана», якія справакавалі крывавыя падзеі 2 траўня ў Адэсе, у выніку якіх загінулі 48 чалавек. Хаваючыся ад следства Фучэджы ўцёк на падкантрольную Расіі тэрыторыю так званай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. Быў абвешчаны ў вышук МУС Украіны. Расійская Федэрацыя надала Фучэджы грамадзянства і адмовіла ў экстрадыцыі па запатрабаванні ўкраінскага боку.
Менавіта падтрымка (пра)расійсіх сілаў і пачатак іх разгрому ва Украіне маглі стаць таксама і для Кімінчыжы асноўнай прычынай раптоўнага пакідання сваіх родных ды блізкіх, знішчэння сваёй шматгадовай кар’еры ў сілавых структурах Украіны і ўцёкаў у чужую для яго Беларусь.
Калабарацыя байцоў «Беркута» падчас актыўнай фазы гібрыднай расійскай агрэсіі супраць Украіны мела масавы характар. Асабліва выразна гэта праявілася на тэрыторыі Крыма і Данбаса.
Часова акупаваны Крым
Сярод кантактаў у стужцы многіх сяброў мікалаеўскіх «беркутаўцаў» маецца акаўнт іх таварыша па службе Аляксандра Біткова. Фігурант папярэдняга расследавання Сяргей Гаўрыляк нават пазначыў яго ў якасці свайго калегі. Менавіта ў выніку сведчанняў Біткова, які зараз хаваецца на тэрыторыі акупаванага Крыма, вынікае, што мікалаеўскі «Беркут» прымаў вельмі актыўны ўдзел у наўпроставых боесутыкненнях з абаронцамі Майдана, у спробах яго гвалтоўнага штурму і задушэння Рэвалюцыі. Гэтыя сведчанні вельмі каштоўныя, бо таксама тлумачаць асноўную матывацыю ўцёкаў «беркутаўцаў».
Біткоў Аляксандар Сяргеевіч (укр. – Бітков Олександр Сергійович)
Нарадзіўся 09.12.1985 года ў вёсцы Міхайліўка Ніжнегірскага раёну Крымскай вобласці, УССР. Пражываў ў вёсцы Мірнэ Вітаўскага (да 2016 года – Жаўтнэвага) раёну, непадалёк ад Мікалаева. Пасля прахаджэння тэрміновай вайсковай службы быў прыняты у РМАП «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці.
Яго акаўнт сацсеткі «VK» проста стракаціць допісамі, датычнымі тэматыкі практычнай стральбы. Не выключана, што ў мікалаеўскім падраздзяленні ён меў пасаду стралка-снайпера.
У лістападзе 2013 года Біткоў у складзе мікалаеўскай роты «Беркута» быў перакінуты ў Кіеў. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці ўцёк на тэрыторыю часова акупаванага Крыма.
Да нядаўняга часу Біткоў перабываў менавіта ў гэтым акупаваным Расіяй горадзе. Меркавана служыць у АМАП «Беркут» Галоўнага ўпраўлення Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі («Росгвардия») МУС РФ па так званай Рэспубліцы Крым.
Увесну 2014 году Біткоў удзельнічаў у якасці героя некалькіх тэлевізійных перадач расійскай прапаганды — чарговых прадуктаў інфармацыйнай вайны РФ супраць Украіны.
Адна з іх — аўтарская праграма «Русский вопрос»Канстанціна Затуліна, кіраўніка Інстытута краін СНД і аднаго з архітэктараў так званай «Русской весны», спецаперацыі расійскай гібрыднай вайны супраць Украіны ў 2014 годзе. Паводле сведчанняў Біткова, мікалаеўскае падраздзяленне «Беркута» ўдзельнічала практычна ва ўсіх сутыкненнях на Майдане. Ён падрабязна распавядае нават пра сваё раненне нібыта ад агнястрэльнай зброі, хаця ў медычных дыягназах, паводле яго жа слоў, ён зазнаў траўму ад удару палкай ці каменю.
Адметна, што Біткоў ў перадачы Затуліна дае зразумець матывацыю сваіх уцёкаў у Крым, якімі сталі нібыта магчымасць яго пераследу і страх расправы за ўчыненае сілавікамі на Майдане. Апроч гэтага ён засведчыў і пра атрыманую матэрыяльную дапамогу ад фонду Затуліна «Мы – все «Беркут», дзейнасць якога скіраваная на падтрымку калабарантаў з сілавых структураў Украіны і баевікоў так званай «крымскай самаабароны».
Апроч Затуліна ў стварэнні гэтага фонду ўдзельнічалі асабісты сябар Пуціна, байкер Аляксандр Залдастанаў («Хірург»), старшыня і сталы чалец чарнасоценнага «Изборского клуба» Аляксандр Праханаў і журналіст Міхаіл Леонцьеў, прадстаўнікі акупацыйнай улады Крыма Уладзімір Канстанцінаў і Аляксей Чалы, а таксама колішні нардэп ад «Партии Регионов», памагаты расійскіх акупантаў Алег Цароў. Фармальна заснавальнікам фонду выступіў Інстытут краінаў СНД, а ягоным выканаўчым дырэктарам стаўся Сяргей Ткачук – прэс-сакратар памочніка У.Пуціна Сяргея Глазьева.Менавіта Затулін, Глазьеў і Ткачук фігуруюць у перахопленых і апублікаваных Генеральнай пракуратурай Украіны перамовах па каардынацыі дзейнасці (пра)расійскіх баевікоў на тэрыторыі Украіны ў межах правядзення спецапэрацыі “Русская весна”.
Аляксандр Біткоў быў запрошаны для ўдзелу і ў прапагандысцкім ток-шоў «Прямой эфир» на дзяржаўным тэлеканале «Россия 1», дзе ён засведчыў пра захоп яго падраздзяленнем Жаўтнэвага палацу падчас жорсткіх сутыкненняў і штурму кіеўскага Майдану 18 лютага 2014 года.
З гэтых прызнанняў вынікае, што мікалаеўскае падраздзяленне было адным з самых актыўных у структуры «Беркута», які прыцягваўся для крывавага задушэння народных пратэстаў. Спробай пазбегчы адказнасці за свае дзеянні на Майдане можна цалкам патлумачыць і масавыя ўцёкі мікалаеўскіх «беркутаўцаў» ў Беларусь, Расію і акупаваны Крым.
Вызначана, што на тэрыторыю Крыму пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці апроч Біткова выехаў яшчэ адзін мікалаеўскі «беркутавец» — Аляксандр Папоў.
Папоў Аляксандр Мікалаевіч (укр. – Попов Олександр Миколайович)
Нарадзіўся 29.05.1989 года у г. Ачакаў Мікалаеўскай вобласці, УССР. З 2007 па 2009 гады праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў 79-й асобнай аэрамабільнай брыгадзе (в/ч А0224, псд — г. Мікалаеў). Пасля дэмабілізацыі з войска прыняты на службу ў РМАП «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. У лістападзе 2013 года ў складзе свайго падраздзялення перакінуты на ўзмацненне ў Кіеў. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці з’ехаў ва акупаваны Крым. Да нядаўняга часу перабываў разам з сям’ёю ў Севастопалі.
Апазнаны ў супольным фотаздымку зводнага падраздзялення мікалаеўскага «Беркута», зробленага на вуліцы Грушэўскага ля Кабінету Міністраў Украіны падчас падзей Рэвалюцыі Годнасці.
На тэрыторыю Крыма ўцяклі і іншыя байцы мікалаеўскага «Беркута». Дзякуючы фігуранту папярэдняга расследавання Сяргею Гаўрыляку вызначана, што адным з гэтых уцекачоў з’яўляецца Аляксандр Вяроўкін.
Вяроўкін Аляксандр Уладзіміравіч (укр. – Вєрьовкін Олександр Володимирович)
Нарадзіўся 09.08.1990 года ў вёсцы Яўгэніўка Снігурыўскага раёну Мікалаўскай вобласці, УССР. Экс-баец мікалаеўскай роты спецпадраздзялення «Беркут». Апазнаны разам з Аляксандрам Бітковым у групавым фотаздымку «беркутаўцаў» у пункце сталай дыслакацыі мікалаеўскага падраздзялення.
Паводле сведчанняў Сяргея Гаўрыляка, таварыша па службе Аляксандра Вяроўкіна, апошні перабывае на тэрыторыі акупаванага Крыма. Паводле пазначанага ім месца бягучага знаходжання і спісу падпісак на паблікі, месца яго меркаванага знаходжання — Севастопаль.
Пасля таго, як Крым быў акупаваны, Расія перафармавала калабаранцкія падраздзяленні «Беркута» ў Крыме і уключыла іх у склад расійскага АМАПу, а затым «Росгвардии».
На тэрыторыі Беларусі выяўленыя ўжо сем экс-байцоў «Беркута», дакументальна пацверджаная служба шасці з іх ў атрадах АМАП МУС РБ. Гэтая лічба не толькі не канчатковая, але ў далейшым значна павялічыцца. У наступнай частцы мы пададзім крытычную інфармацыю, раскрыць якую дапамагло само Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.