Хронікі рэпрэсій. Тры гады калоніі — за публікацыю фота Лукашэнкі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 19 кастрычніка.

_drot__neba___svaboda__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg_logo_1.webp

У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва асудзілі Арцёма Лапікава паводле арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Жанна Пушкіна прызначыла Арцёму тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Мужчыну затрымалі ў жніўні. Яго абвінавацілі ў публікацыі пасля выбараў у 2020 годзе ў сябе на старонцы ў Instagram фотаздымка Лукашэнкі ў форме СС. Публікацыя суправаджалася вершам, тэкст якога невядомы.

У судзе Жлобінскага раёна 2 кастрычніка асудзілі Віталя Алтухова паводле ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») КК.

Суддзя Наталля Качалава прызначыла Віталю адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Віталя абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года ў Жлобіне, выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту.

Дальнабойшчыка Дзмітрыя Тарбеева затрымалі 10 кастрычніка ў Наваполацку. У ягоным тэлефоне на старонцы ў Instagram сілавікі знайшлі падпіскі на «Радыё Свабоду», «Белсат» і «Краіну для жыцця», а таксама фота з бел-чырвона-белымі сцягамі.

За гэта супраць яго склалі адразу два адміністрацыйныя пратаколы: паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»), а таксама паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). 11 кастрычніка над Тарбеевым адбыўся суд. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Тарбеева вінаватым і асудзіла да 30 сутак арышту.

Былому палітвязню Андрэю Кудзіку прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok. Яго справу 19 кастрычніка ў судзе Вілейскага раёна разглядала суддзя Алена Ахметава. Андрэя абвінавацілі ў тым, што 24 жніўня ён размясціў у сваім TikTok свае фотаздымкі з подпісам «З Днём Незалежнасці, Украіна». Гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваннем».

Кудзік на судзе віну не прызнаў і распавёў, што ўбачыў 24 жніўня віншаванне Лукашэнкі з Днём Незалежнасці Украіны і таксама вырашыў павіншаваць суседні народ.

У выніку суддзя Ахметава прызначыла былому палітвязню 15 сутак арышту. Як адзначыў на сваёй старонцы Андрэй, пасля суда яго адпусцілі дамоў.


Глядзіце таксама

У Маладзечне да 12 сутак арышту асудзілі мясцовага жыхара Юрыя Гарадзінскага. Вядома, што мужчыну затрымалі яшчэ ў выхадныя. У панядзелак, 16 кастрычніка, над Гарадзінскім адбыўся суд. Дакладная прычына затрымання невядома, але блізкія мяркуюць, што яго асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»).

Супраць жыхаркі Гомеля Наталлі Маркушэнка распачалі крымінальную справу за «распальванне варожасці» за каментар у Instagram. Яе вінавацяць паводле ч.1 арт. 130 КК. Нагодай для крымінальнай справы стаў каментар жанчыны у Instagram наступнага зместу: «Белорусское руководство ничего не будет делать против РАШИСТОВ!!! Оно ж ими кормится!!!!». Менавіта гэты выраз палічылі «распальваючым варожасць».

Затрыманы адміністратар тэлеграм-канала «Салідарнасць Івацэвічы». На відэа яго прымусілі расказаць, што ў 2020 годзе ён збіраў подпісы ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, выходзіў на акцыі пратэсту ў Мінску, адміністраваў тэлеграм-канал. У траўні «Салідарнасць Івацэвічы» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Затрыманы тры супрацоўнікі «Белспецэнерга»: паводле відэа сілавікоў, яны пісалі каментары ў падтрымку Украіны і з асуджэннем расійскай агрэсіі, а таксама расклейвалі антываенныя ўлёткі. Таксама яны нібыта былі падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і суполкі. Лукашэнкаўскія сілавікі назвалі затрыманых «пранацысцкімі заўкраінскімі экстрэмістамі з бчб-аватаркамі, якія часам агітавалі за дэструктыў супраць сваёй краіны».

У Старых Дарогах пачаўся чарговы суд над палітзняволеным пенсіянерам Васілём Дземідовічам. Яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі»). Справу разглядае суддзя Наталля Зык.

Гэта ўжо сёмы суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх двух судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо амаль год і чатыры месяцы.

У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Апроч гэтага, у Васіля няма сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць. За апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта кладзе вельмі дрэнны адбітак на здароўе Васіля.

1 лістапада ў судзе Заводскага раёна Мінска будзе разглядацца справа ў дачыненні да Артура Мустыгіна і Ягора Прытуліка. Ім інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК. Судовы працэс прызначаны весці суддзя Дзмітрый Лукашэвіч.

Артур — трэнер юніёрскага «Дынама-Мінск» і ўнук Міхаіла Мустыгіна, аднаго з самых знакамітых футбалістаў у гісторыі беларускага футбола. Яго затрымалі 5 жніўня нібыта за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама за тое, што дасылаў інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы «Голас».

«Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой» прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем». Адпаведнае рашэнне прынята КДБ 13 кастрычніка. Асобна ў рашэнні КДБ пазначаны людзі, якія нібыта кіруюць асацыяцыяй — Яўген Буры і Марына Гірын.