Хронікі рэпрэсій за 19 сакавіка
Распачаліся судовыя
працэсы над блогерам і журналістам Ігарам Карнеем і музыкамі Nizkiz, паведамляюць праваабаронцы.
- У Беларусі новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — праект «Бобруйск 375»
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 18 сакавіка. Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае 28-гадовы Максім Хвашчынскі.
- Сёння пачалі судзіць музыкаў Nizkiz
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 19 сакавіка пачынаецца судовы працэс над палітзняволенымі музыкамі гурта Nizkiz. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Жывіца.
Нагадаем, вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна затрымалі 5 студзеня.
Спачатку палітвязняў асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, а пазней перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
- За ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе да «хатняй хіміі» асудзілі жыхара Мінска
У судзе Ленінскага раёна Мінска за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе асудзілі Іллю Булье (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава.
Па матэрыялах абвінавачання 37-гадовы Ілля 23 жніўня 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі горада Мінска, прыняў удзел у масавай акцыі пратэста на праспекце Незалежнасці, парушаў грамадскі парадак, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту.
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады і шэсць месяцаў («хатняя хімія»).
- «Накіроўвала звароты ў Генпракуратуру і Саўмін»: у Мінску за абразу Лукашэнкі асудзілі пенсіянерку
У судзе Ленінскага раёна Мінска 29 лютага завяршыўся разгляд крымінальнай справы Галы Аншук, якую абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна.
У судзе Гала патлумачыла, што «накіроўвала названыя звароты, бо хацела пракаментаваць выкананне Лукашэнкам сваіх паўнамоцтваў і абавязкаў як кіраўніка дзяржавы і не лічыць, што абразы насілі публічны характар, паколькі іх чытала абмежаваную колькасць супрацоўнікаў дзяржаўных органаў».
Пасля затрымання жанчыну накіравалі ў судова-псіхіятрычны экспертны стацыянар, які пастанавіў, што па сваім псіхічным стане яна мае патрэбу ў прымусовых мерах бяспекі і лячэння. Тым не менш, суд прызначыў ёй 3 гады «хатняй хіміі».
- Кіроўцу з Баранавічаў асудзілі на 3 гады «хіміі» за рэпост публікацыі пра Лукашэнку
У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавіч 5 сакавіка асудзілі Аляксандра Захарчыка паводле ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на Лукашэнку). Суддзя Вікторыя Пакунова прызначыла Аляксандру тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»).
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у «Аднакласніках» упадабаў і рэпоснуў публікацыю з тэкстам пра Лукашэнку, у якой яго абвінавачваюць у здзяйсненні цяжкага і асабліва цяжкага злачынства. Суд убачыў у гэтым паклёп.
- Супрацоўніка фонду «Вяртанне» будуць судзіць за данат
У Гродзенскім абласным судзе 25 сакавіка распачнецца суд над супрацоўнікам фонда «Вяртанне» Сяргеем Макарэвічам. Палітвязня затрымалі 4 лістапада 2022 года пасля ператрусу.
Сяргей правёў амаль пяць месяцаў за кратамі — і быў вызвалены 11 красавіка 2023 года.
Падрабязнасцяў пра яго справу амаль не было.
Цяпер стала вядома, што яго будуць судзіць за данат паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Справу будзе разглядаць Валер Раманоўскі.
- Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу Аляксандры Каско
У Гродзенскім абласным судзе 19 снежня 2023 года 30-гадовай палітзняволенай прызначылі 10 гадоў калоніі. Яе затрымалі па вяртанні з Польшчы напачатку лютага гэтага года.
Цяпер Аляксандру асудзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Такім прысуд вынес Дзмітрый Бубенчык. Яшчэ да суда, 12 верасня, КДБ унёс Аляксандру ў «спіс тэрарыстаў». Таксама яе дадалі ў «Спіс экстрэмістаў».
У Вярхоўным судзе 21 сакавіка адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі палітзняволенай. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Святланы Бандарэнкі.
- Сілавікі затрымалі жыхара Гродна
Па якім артыкуле затрыманы мужчына, невядома. Сцвярджаецца, нібыта ён удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога» і пакідаў абразлівыя каментары.
Прынамсі, на «палонным» відэа мужчына кажа, што быў затрыманы за рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», удзел у пратэстах 2020 года. Аўтары тэлеграм-канала, звязанага з сілавікамі, таксама прымацоўваюць скрыншоты каментароў, якія пісаў затрыманы. Сцвярджаецца, што мужчыну змясцілі ў СІЗА.