Хронікі рэпрэсій за 31 студзеня

Сілавікі пайшлі па сваяках людзей, што з'ехалі за мяжу, супраць палітвязня Дзмітрыя Разановіча распачалі новую крымінальную справу, паведамляюць  праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Праваабаронцы: сілавікі ладзяць рэйды па родных тых, хто з'ехаў за мяжу

Людзей просяць угаворваць сваіх сваякоў вярнуцца ў Беларусь пра «камісію па вяртанні». Вядома пра як мінімум 3 выпадкі, калі да людзей прыходзілі з такімі прапановамі.

Нагадаем, праваабаронцам вядомыя і як мінімум 3 выпадкі, калі нягледзячы на «дамоўленасці», супраць людзей узбуджаюць крымінальныя справы пасля вяртання з-за мяжы.

  • Былы вязень Наваполацкай калоніі расказаў пра Віктара Бабарыку

Беларус, які нядаўна выйшаў на волю, распавёў "Свабодзе", што Віктар Бабарыка вясной-летам мінулага года адседзеў 6 месяцаў у ПКТ і цяпер, верагодна, сядзіць там наступныя 6 месяцаў. 

Хоць згодна з законам зняволенага могуць трымаць у ПКТ толькі 6 месяцаў, а пасля гэтага адміністрацыя абавязаная вярнуць яго назад у атрад, але на практыцы некаторых зняволеных зноў змяшчаюць у ПКТ. Два тэрміны ў ПКТ — падстава для завядзення крымінальнай справы па артыкуле 411 КК ("Непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі") і прызначэння дадатковага тэрміну. 

Віктар Бабарыка, паводле суразмоўцы «Свабоды», трапіў у ПКТ практычна адразу пасля заканчэння свайго першага тэрміну.

Былы вязень адзначае, што да лютага 2023 года Віктар Бабарыка ўтрымліваўся ў калоніі на тых жа ўмовах, што і іншыя зняволеныя. 

«Было відавочна, што аператыўнікі, іншыя міліцыянты не ўплываюць на яго жыццё. Бо ўсе гэтыя распараджэнні відавочна ішлі не па лініі начальніка калоніі, а „зверху“. Так што да лютага яго асабліва не чапалі. Чаму трэш пачаўся пасля лютага — я не ведаю. ШІЗА, ПКТ і так па коле», — кажа Аляксей.

Зрэшты, праблемы былі і ў тых зняволеных, якія спрабавалі камунікаваць з Бабарыкам. Адміністрацыя спрабавала трымаць яго ў ізаляцыі.

З лютага 2023 года да Віктара Бабарыкі перасталі пускаць адваката, таксама яго пазбавілі сустрэч і перадач.

«Нават калі Бабарыку змясцілі ў ШІЗА, то да яго пасадзілі палітычнага з вельмі цяжкім характарам, з якім цяжка знаходзіцца побач, і пенсіянера, які быў вельмі хворы і літаральна хадзіў пад сябе. З такімі людзьмі асабліва не паразмаўляеш», — кажа Аляксей.

Былы зняволены таксама расказвае, што ў красавіку 2023 года Віктар Бабарыка трапіў у медсанчастку.

Многія зняволеныя бачылі тады праз акно яго з перавязанай галавой. Тым часам міліцыя распаўсюджвала чуткі, што Бабарыка ўпаў. Адзін мой знаёмы зняволены трапіў у медчастку якраз тады, калі там быў Бабарыка. 

«Ён спытаў: „Што з вамі, Дзмітрыевіч?“ Той адказаў: „Я ўпаў“. Мабыць, яму так загадалі сказаць», — успамінае суразмоўца.

Былы вязень дадае, што ў калоніі хадзілі чуткі, што ў Віктара Бабарыкі прабітае лёгкае, праблемы з ныркамі і што ён некалькі разоў страчваў прытомнасць: «Апошні раз яго бачылі ў калідоры ПКТ прыкладна ў лістападзе. Ён моцна схуднеў, але яго позірк быў бадзёрым і упэўненым. Гэта значыць, што яго не зламалі».

  • Супраць палітвязня Дзмітрыя Разановіча ўзбудзілі новую крымінальную справу

Па ініцыятыве адміністрацыі івацэвіцкай калоніі № 22 супраць Дзмітрыя распачалі крымінальную справу паводле арт. 411 КК ("Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі"). Дата суда пакуль не вядомая.

Нагадаем, летась палітвязня перавялі ў ПКТ да сакавіка. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.

Дзмітрыя затрымалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Разановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.


Глядзіце таксама

  • Жыхар Віцебска атрымаў паўтары гады калоніі за абразу супрацоўнікаў міліцыі

Судом Першамайскага раёна Віцебска 29 студзеня разгледжаная крымінальная справа па абвінавачанні 43-гадовага Дзмітрыя Палякова ў абразе прадстаўнікоў улады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Яе разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка.

Паводле абвінавачання, 28 жніўня, 7 верасня і 27 верасня 2021 года, знаходзячыся на тэрыторыі Германіі, Дзмітрый размясціў у Telegram абразлівыя каментары, якія змяшчаюць ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаюць аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўнікоў улады — кіраўнікоў падраздзяленняў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.

Мужчына патлумачыў суду, што ў той час падвергнуўся ўплыву інфармацыі, якая змяшчаецца ў “дэструктыўных” тэлеграм-каналах і ў інтэрнэце.

  • Следчы камітэт: 7 чалавек былі асуджаныя за «спробу зрыву» рэферэндуму ў 2022 годзе

Ім прысудзілі ад 2 да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле СК, асуджаныя рассылалі ад імя суддзяў, пракурораў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў лісты «са своеасаблівымі пагрозамі» чальцам ЦВК і камісій па рэферэндуме.

Так, па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», паводле арт. 191 КК ("Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў") былі асуджаныя Міхаіл Хаміцэвіч, Мікалай Каробка, Вячаслаў Дашкевіч, Таццяна Заяц, Раман Карпук, Раман Лабанаў, Аляксей Хількевіч. Інфармацыю пра іх пераслед можна знайсці ў профілях палітвязняў.

  • Яшчэ адзін прысуд за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

На гэты раз асудзілі прадпрымальніка з Маладзечанскага раёна.

Суд Ленінскага раён Мінска 12 студзеня асудзіў індывідуальнага прадпрымальніка з Маладэчанскага раёна Уладзіслава Мялешку за ўдзел у акцыі пратэсту ў верасні 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 КК. Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна.

Па матэрыялах абвінавачання, Уладзіслаў у адзін з выходных дзён «прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, што пацягнула парушэнне працы транспарту».

Суд прызначыў Мялешку 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

  • Мінчука асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэстаў

У судзе Савецкага раёна Мінска 18 снежня 2023 года асудзілі Мікіту Кавалеўскага паводле  ч. 1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх") Крымінальнага кодэкса.

Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Мікіту два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мінчука абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Мужчыну апазналі па відэазапісе з акцыі пратэсту ў ягоным тэлефоне і па даных аб ягоным месцазнаходжанні ад мабільнага аператара. А таксама ў Мікіты знайшлі байку з каптурам, у якой ён быў на мітынгу.  

  • У Магілёве затрымана жонка палітвязня — Алеся Сергяенка. Па папярэдняй інфармацыі, яна ў СІЗА

Сяброўка Алесі паведаміла праваабаронцам, што маці двух непаўнагадовых дзяцей, жонка палітвязня Максіма Сергяенкі знаходзіцца ў СІЗА. Прычыны затрымання невядомыя.

У Алесі — дзеці 3 і 16 гадоў. Яе муж — Максім — палітвязень, які ў красавіку 2021 года атрымаў ад Круглянскага раённага суда вырак у 3 гады зняволення.

Яго прызналі вінаватым у тым, што ён разам з іншымі фігурантамі «справы лялек» «вырабілі шэсць роставых лялек з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб, размясцілі іх на пуцеправодах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сеціве».

Паводле MAYDAY, Максім павінен вызваліцца прыкладна праз месяц. Лёс непаўнагадовых дзяцей сям'і невядомы.