«Лячыць у калоніі пачынаюць, калі ты ўжо паміраеш»: былы палітзняволены распавядае пра наваполацкую калонію
Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў аповед былога палітвязня наваполацкай ПК-1. Ён расказвае пра катаванне холадам, збіванне, неаказанне медыцынскай дапамогі і забарону на беларускамоўныя кнігі.
«Кожную раніцу я прачынаюся а пятай і ўзгадваю, што там застаюцца людзі. І радавацца хочацца, што на волі, а потым успамінаеш: «Хлопцы там і дагэтуль сядзяць, які жах!» Таму я і цяпер хачу быць карысным».
Такімі словамі пачынае сваю жахлівую гісторыю мужчына з усмешкай, якая дапамагла яму пераадолець жудасныя месяцы ў зняволенні. Цягам месяцаў ён знаходзіўся ў ПК-1, што ў Наваполацку, паводле палітычнага артыкула. Чуў крыкі палітвязняў, якіх збіваюць, лячыўся па кніжках з бібліятэкі, бо інакш зняволеным не дапамагалі, і еў у карцары кашу, у якую з адчыненага суткамі акна ляцелі сняжынкі. Пра ўсё гэта — яго маналог «Вясне»: імя мужчыны не называецца з прычын бяспекі.
Пальчык асабіста збіваў людзей
Мяне збівалі яшчэ пры затрыманні. Калі ішоў па калідоры ІЧУ з рэчамі, білі па нагах, каб ішоў хутчэй. Пыталіся: «На Маршах бегаў, а тут не можаш?» У ПК-1 збіванні працягнуліся: гэта звычайная практыка там. Калі начальнікам быў Пальчык, было асабліва жорстка. Ён асабіста збіваў людзей і ставіў іх на «расцяжку». Ён таксама любіў кожны дзень, акром выходных, асабіста прыходзіць у карцар і выслухваць даклады. Калі запнуўся — трэба пачынаць спачатку. Аднойчы Андрэю Сяргеевічу нешта не спадабалася, і ён сказаў «белабірачніку» (зняволеныя, якія сядзяць не за палітычныя справы — заўвага «Вясны»), што ён яго «апусціць»: акуне галавой ва ўнітаз і засуне дубінку, адправіць на «крытую». На раніцу той чалавек успароў сабе жывот — адмыслова так, каб не памерці. Усе спужаліся, прыехалі праверкі — такі адзіны спосаб у «белабірачнікаў» абараніць сябе. Але гэта крайняя мера, я б на такое не рашыўся. Калі палітвязні, напрыклад, трымаюць галадоўку, усім пляваць. Пальчык казаў, што калі ў мяне палітычны артыкул, то я і мушу пакутваць, пагражаў мне, што я ўвесь тэрмін правяду ў карцары.
Аднойчы пра тое, што Пальчык збівае людзей, надрукавалі ў «СБ» на першай паласе (матэрыял аспрэчваў факты збіцця, але падрабязна апісваў інтэрв’ю былых палітвязняў пра гэта — заўвага «Вясны»). Прыйшла карэспандэнцыя, яны ўсім раздалі, але потым бегалі, не ведалі, што рабіць, і выразалі гэтую паласу. Калі ў сакавіку 2023 года Пальчыка знялі, было зацішша, усе радаваліся, нікога не закрывалі ў карцары. Калі прыйшоў Руслан Машадзіеў, стала крыху лягчэй, але і цяпер у карцарах моцна збіваюць людзей, ламаюць пальцы і ключыцы.
Узімку ночы чакаеш, як пекла
Што зламалі ў карцары — потым неяк зарастае само. Ніхто не аказвае дапамогу. Калі хтосьці па недасведчанасці шуміць там і не супакойваецца пасля пары папярэджанняў, цябе вязуць у душ і там збіваюць. Збіваюць і проста ў карцары, часам там страшна было слухаць крыкі людзей. Фармальныя прычыны простыя: не прыбраўся, спаў днём. Але ў чымсьці там было нават лячгэй: не трэба працаваць у брудзе, няма канфліктаў у атрадзе. Асабліва летам там досыць лайтова. Некаторыя нават адмыслова напрошваюцца туды летам, бо стамляюцца працаваць у жудасных умовах і псаваць здароўе. Я сапраўды шмат прасядзеў у карцары. Калі туды закідвалі, казалі, што я там здохну. Калі ўмееш сам з сабой камунікаваць, то дах там не едзе. Можна медытаваць, хадзіць туды-назад, калі добрая змена — слухаць радыё. Я нават працягваў з сабой Біблію. Я выпісваў Псалом на «туалетку», хаваў яго і чытаў, схаваўшыся пад сталом. Дарэчы, там можна было сагрэцца ўзімку ці ў міжсезонне, калі ў карцары было пекла.
Самая халодная камера — «сапог». Яна так названа, бо вуглавая. Сядзець там зімой — катаванне. У ёй сцены «плачуць» праз кандэнсат, толькі гадзіну да адбою там займала больш-менш завесіць акно рушнікамі і «туалеткай», каб не так скразіла. Але ўначы ўсё адно магло выбіць акно. Праз гэты ж кандэнсат ноччу былі мокрымі шкарпэткі — хоць выціскай. А некаторыя сядзяць без шкарпэтак — часам іх асабіста забіраў Пальчык, бо «занадта цёплыя». Уявіце: батарэі адключылі, за акном -22. Нам прыносілі абед — і сняжынкі падалі ў талеркі. Пры Пальчыку вокны адчынены такім чынам, каб быў пастаянны скразняк. Ты вымушаны за ноч прыкладна разоў восем устаць, каб схадзіць у прыбіральню, бо вада з нырак выходзіць, і зрабіць фізічныя практыкаванні, каб сагрэцца. Адціснуўся сто разоў, прысеў, нацельную бялізну вузлом завязваеш на галаве, каб захаваць цяпло, знаходзіш на нары кавалак месца, якое ты нагрэў — і ў цябе ёсць паўгадзіны для сну. Таму ночы ты там чакаеш, як пекла. З Машадзіевым ноччу вокны сталі зачыняць.
Яшчэ ў карцар пастаянна заліваюць хлорку ў камеру, каб ты прыбіраў. Звычайна — кожную раніцу, але на святы могуць заліць яшчэ і ўвечары. Кажуць: «Вось вам падарункі!» Могуць прыйсці і сказаць: «Табе перадалі перадачку, а вось табе падарунак: я цябе яе пазбаўляю».
Усе кніжкі ў бібліятэцы на рускай мове
Калі вяртаешся з карцара, у цябе ўсё скралі: ні сумак, ні перадач. «Белабірачнікі» і самі загадчыкі гаспадаркі расцягваюць, мянты на гэта не звяртаюць увагі. Я прыйшоў — у мяне ўсяго засталося крыху, хаця былі вялікія шматы мяса і сала. Так не адбываецца, калі ты пастаянна ў атрадзе і можаш назіраць. Але калі ты ў карцары пастаянна, ты не бачыш.
«Здаюць» усіх не толькі «белабірачнікі». У калоніі ёсць і палітычныя, якія гэтым займаюцца, пра іх усе ўсё ведаюць. Аднойчы мне прапанавалі здаць кагосьці, каб самому не ісці ў карцар. Сказалі: «Памяняй сябе на кагосьці, душу за душу. Распавядзі пра сваіх палітычных». Але ты там да ўсяго прывыкаеш, тым больш што і добрыя людзі сярод супрацоўнікаў ёсць. Яны маглі мінімальна дапамагчы. Адзін лейтэнант сышоў, бо сказаў, што атрымліваў вышэйшую адукацыю не для таго, каб «гнабіць зэкаў». А ў медсанчастцы кажуць: «Ты палітычны, мусіш тут згніць і здохнуць». Лячыць у калоніі пачынаюць, калі ты ўжо паміраеш, калі ўжо сам не можаш хадзіць. Таму людзі лекуюцца самі: ідуць у бібліятэку, чытаюць усе магчымыя кніжкі і даведваюцца, як лячыцца.
Дарэчы, цяпер з бібліятэкі выключылі ўсе беларускія творы: гэта пачалося недзе восенню 2023 года. Палітычным нельга чытаць Алексіевіч, напрыклад. Прыбралі Купалу, Караткевіча, Коласа. Забралі кніжкі на замежных мовах — англійскай, польскай, літоўскай і нават кітайскай. Пацаны пытаюцца: «А чаму нельга на кітайскай? Яны ж нашыя сябры». Ім адказваюць: «Сёння сябры, заўтра — ворагі». Усе кніжкі толькі на рускай мове.
Адзіны шлях барацьбы — дзейнічаць па-за межамі калоніі
Палітычных у калоніі не становіцца меней. Яны ўсё заязджаюць і заязджаюць: за лайкі, за дапамогу BySol. Калі некаторых палітвязняў перавялі на лепшую зону ў снежні 2023 года, ніхто не зразумеў, чаму. Яны ўсе радаваліся, бо ПК-1 — найгоршая зона. Адзін са зняволеных потым перадаваў, што ў параўнанні з іншай зонай у Наваполацку быў канцлагер.
Каб дапамагчы палітвязням, можна пісаць ананімныя скаргі ў ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў). Ананімна — каб не ўздзейнічалі на сваякоў, хаця некаторыя пішуць адкрыта. Аднойчы хлопец патэліў бабулі і выпаліў у слухаўку, пакуль ніхто не паспеў адрэагаваць: «Бабуля, мяне тут не лечаць, пішы ў ДВП». І кладзе слухаўку. Бабуля напісала, яго вывезлі ў рэспубліканскую бальніцу, зрабілі аперацыю. Потым яму адпомсцілі карцарам. Гэта адзіны шлях барацьбы — дзейнічаць па-за межамі калоніі, бо ўнутры ты нічога не можаш зрабіць. Каб хлапцам было крыху лягчэй, трэба пісаць скаргі.
Шмат палітычных і выходзіць. Некаторыя разгубленыя, расчараваныя. Яны ўжо і не чакаюць падтрымкі аднекуль, але іх і важна падтрымліваць — нават проста збіраць грошы на першы час пасля калоніі. Некаторыя злыя, хочуць адпомсціць. Я ж цяпер хачу проста жыць, хадзіць па вуліцы і быць побач з сям’ёй, каб не падвесці яе пасля той падтрымкі, якую я атрымліваў у зняволенні.