«Злоснае непадпарадкаванне» — ШІЗА, ПКТ і зноў суд

Праваабаронцы кажуць, што артыкул 411 Крымінальнага кодэкса даўно пара дэкрыміналізаваць, бо ён з'яўляецца падставай для палітычнага пераследу.

Ілюстрацыйнае фота НЧ

Ілюстрацыйнае фота НЧ

Узбуджэнне новай крымінальнай справы — адзін з галоўных страхаў палітвязняў, якія адбываюць тэрміны ў папраўчых установах. У Беларусі існуе артыкул 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), паводле якога па ініцыятыве адміністрацыі калоній і турмаў зняволеным могуць бясконца дадаваць тэрмін. Часта гэта робіцца па надуманых прычынах з мэтай дадатковага ціску на вязня. Праваабаронцы шмат гадоў настойваюць на дэкрыміналізацыі гэтага артыкула. Паводле даных «Вясны», за апошнія тры гады супраць мінімум 33 палітвязняў узбудзілі крымінальныя справы па гэтым артыкуле, а супраць некаторых з іх — двойчы. «Вясна» прааналізавала судовыя пастановы паводле арт. 411 КК і расказвае, за якія абсурдныя і надуманыя парушэнні палітвязням выпісваюць спагнанні, на падставе якіх пазней судзяць і дадаюць новыя тэрміны.

Якія існуюць падставы для ўзбуджэння новай крымінальнай справы?

Апошнім часам у папраўчых установах супраць вязняў усё часцей узбуджаюць крымінальныя справы паводле арт. 411 КК за дысцыплінарныя парушэнні, за якія тыя ўжо панеслі пакаранні. Гэта супярэчыць п.7 арт.14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім ніхто не павінен быць паўторна асуджаны за адно і тое ж правапарушэнне. 

Але большасць адміністрацый папраўчых устаноў па ўсёй Беларусі насуперак гэтаму актыўна працягваюць адвольна пераследаваць вязняў з надуманых прычын. Пры гэтым мінімум шэсць палітвязняў былі асуджаны за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі ўстановы» ажно двойчы запар.

Як гэта працуе на практыцы? Па прыбыцці ў калонію вязняў адразу змяшчаюць на «каранцін», дзе цягам прыкладна двух тыдняў іх знаёмяць з правіламі ўнутранага распарадку і тлумачаць адказнасць за іх парушэнне. Пасля гэтага іх пераводзяць у атрады і адпраўляюць на працу. Вядома, што на шматлікіх палітвязняў ціск пачынаюць аказваць адразу па прыбыцці ва ўстанову — падчас «каранціну» або ўжо пасля пераводу ў атрад. 

Каб ускладніць жыццё палітвязням, адміністрацыя дзейнічае згодна з «распрацаваным» планам: парушэнне — рапарт — спагнанне — новая крымінальная справа. 


Глядзіце таксама

Амаль усіх «палітычных» у калоніях ад пачатку прызнаюць «злоснымі парушальнікамі рэжыму». Для гэтага адміністрацыя складае супраць іх некалькі рапартаў і выносіць розныя спагнанні. Пры гэтым, каб стаць «злоснікам», дастаткова атрымаць толькі чатыры вымовы або «суткі» ў ШІЗА. Гэты статус накладае на вязняў дадатковыя абмежаванні, а таксама набліжае іх да новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК або да пераводу на турэмны рэжым.  

Часцей за ўсё вязняў спачатку пазбаўляюць спатканняў, перадач і званкоў. Пасля гэтага іх закідваюць у штрафны ізалятар або карцар, дзе некаторых утрымліваюць па некалькі месяцаў запар. Пры гэтым ніякіх асабістых рэчаў туды браць з сабой нельга, толькі туалетную паперу, мыла, маленькі ручнік, зубную пасту і шчотку. 

У ізалятары вязняў могуць утрымліваць не больш за 10 сутак, але гэта не перашкаджае адміністрацыі складаць новыя рапарты па заканчэнні папярэдняга тэрміну. Наступнае па цяжкасці спагнанне — памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Там умовы крыху лепшыя за ШІЗА і ёсць права на ліставанне. Вязняў закідваюць туды тэрмінам да шасці месяцаў за «сістэмныя парушэнні». 

Пасля гэтага, згодна з Крымінальным кодэксам, да адказнасці па арт.411 КК прыцягваюцца тыя вязні, якім цягам года за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання прызначалі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе пераводу ў ПКТ, адзіночную камеру або на турэмны рэжым. Па гэтым артыкуле зняволеных могуць асудзіць да пазбаўлення волі тэрмінам да аднаго года, а за «асабліва небяспечны рэцыдыў» — да двух гадоў. 

Якія дзеянні палітзняволеных адміністрацыя лічыць «парушэннямі»?

Падставы для спагнанняў адрозніваюцца ў залежнасці ад калоніі. Правабаронцы «Вясны» прааналізавалі некаторыя судовыя пастановы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да палітвязняў.

Так, напрыклад, у гомельскай жаночай калоніі №4 рапарты супраць жанчын складаюць за тое, што «зрабіла даклад не па ўстаноўленай форме, параўноўвала ўмовы ўтрымання з «генацыдам»; «спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення»; «была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы», «уступіла ў камунікацыю з іншымі асобамі»; «выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы адзенне»; «расшпіліла пінжак»; «знішчыла ліст, напісаны да дачкі»; «выйшла ў туалет не папярэдзіўшы»; «пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не прывіталася, не назвалася», «адмовілася прыбраць рэчы з батарэі».

А ў жаночай калоніі №24 у Зарэччы могуць выпісаць спагнанне за «адмову выйсці на працу».


Глядзіце таксама

У мужчынскіх калоніях «парушэннямі» з'яўляюцца «адмова прыбіраць камеру, туалет або лакальны ўчастак атрада», «адмова выходзіць на шпацыр у 5:30 раніцы», «сон на падлозе ў ШІЗА каля батарэі», «знаходжанне каля стадыёна без курткі і ў красоўках»; «размова з іншымі асуджанымі», «адмова заняць прызначанае яму месца ў жылой секцыі».

Звычайна рапарты супраць аднаго чалавека складаюць па розных прычынах. Але вядомы выпадкі, калі прычына заўсёды адна. Так, аднаму з палітвязняў, які адбываў тэрмін у магілёўскай турме №4, выносілі спагнанні выключна за «адмову прыбіраць дворык для шпацыру», а палітвязню горацкай калоніі №9 — толькі за «адмову выходзіць на працу».

Адзначым, што дысцыплінарныя спагнанні ў дачыненні да палітвязняў амаль заўсёды з'яўляюцца адвольным і палітычна матываваным пераследам. Гэта адзін са спосабаў ціску, які дазваляе бясконца ўтрымліваць вязня ў зняволенні.

Чаму трэба выключыць гэты артыкул з Крымінальнага кодэкса?

Праваабаронцы шмат гадоў патрабуюць выключэння арт.411 з Крымінальнага кодэкса. Яны звяртаюць увагу, што па гэтым артыкуле спагнанні накладаюцца судом на падставе рашэнняў, прынятых у турмах і папраўчых калоніях супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Гэта правакуе практыку адвольнага і часцяком несуразмернага судовага пераследу адносна цяжару правапарушэння; гэтыя недахопы не могуць быць ліквідаваны нават з ужываннем абскарджвання спагнанняў. 

Акрамя гэтага, амаль усе суды над палітвязнямі за «злоснае непадпарадкаванне» адбываюцца ў выязным парадку — іх судзяць наўпрост у месцах зняволення. Праз гэта на судовае пасяджэнне амаль немагчыма трапіць часам нават сваякам. Пра новае судовае пасяджэнне некаторыя блізкія дазнаюцца толькі праз расклад на сайце Вярхоўнага суда. А каб патрапіць на суд у калонію або турму, родным трэба праз заяву атрымаць дазвол ад начальніка папраўчай установы. Але часта ў гэтым адмаўляюць. Адзначым, што немагчымасць трапіць грамадскасці на судовае пасяджэнне парушае гарантыі абвінавачанага на справядлівае судовае разбіральніцтва, у тым ліку на публічны суд.


Глядзіце таксама

На судах у якасці доказаў віны абвінавачаных выкарыстоўваюцца паказанні сведак — супрацоўнікаў папраўчых устаноў. Але вядома, што да матэрыялаў справы Паліны Шарэнда-Панасюк далучылі і відэа з камер назірання ў ШІЗА, на якіх нібыта бачны «парушэнні».

У жніўні 2023 года юрысты ПЦ «Вясна» звярнуліся да спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі наконт пераследу вязняў паводле арт. 411 КК. Юрысты яшчэ раз звярнулі ўвагу, што гэты артыкул трэба выключыць з кодэкса, бо прыцягненне да адказнасці па артыкуле 411 КК парушае права чалавека на асабістую свабоду і права не быць судзімым або пакараным двойчы.