Хронікі рэпрэсій за 22 студзеня

Сённяшні дзень у Беларусі прайшоў з «малай крывёй».

hroniki_represij2_logo_1_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1166 дзён, Дзяніс — 1046 дзён.

***

У Мінску пачалі разглядаць завочную справу супраць «BYPOL». 

Пасяджэнне праходзіць у Мінскім гарадскім судзе, паведамляе «Салідарнасць» са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна». Абвінавачанні выстаўлены Аляксандру Азараву, Андрэю Астаповічу, Уладзіміру Ігару, Мацвею Купрэйчыку, Ігару Лобану, Алегу Талерчыку.

Згодна з матэрыяламі справы, «названыя асобы ў розныя перыяды здзяйснялі дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Справа разглядаецца завочна — без прысутнасці абвінавачаных, паколькі ўсе яны знаходзяцца за мяжой.

У справе таксама фігуруюць «сітуацыйна-аналітычны цэнтр» і «мабілізацыйны план «Перамога» ў якасці структурных падраздзяленняў «Байпола».

***

18 студзеня Брэсцкі абласны суд прысудзіў інжынера Аляксандра Бойку да 2,5 гадоў калоніі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса), піша «Вясна».

Бойку затрымалі ў кастрычніку 2023 года за відэа вайсковай тэхнікі, адпраўленае ў адзін з тэлеграм-каналаў. Беларус жанаты, у яго трое дзяцей.

***

Брэсцкі абласны суд 22 студзеня завяршыў разгляд крымінальнай справы 48-гадовага Дзяніса Красько, якога абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці» паводле ч.1 арт.130 КК.

Судовы працэс пачаўся 14 снежня, яго вёў суддзя Сяргей Беразюк. Дзяржабвінаваўца – пракурорка Марыя Бялт.

Дзяніса затрымалі 28 ліпеня 2023 года і да суда змясцілі пад варту. 

Як піша «Брэсцкая вясна», першапачаткова мужчыну прад'явілі абвінавачанне паводле ч.1 арт.368 КК («Публічная абраза Лукашэнкі»), арт.369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч.1 арт.130 КК («Распальванне варожасці»). Але да суда абвінавачанні па першых двух артыкулах знялі з-за тэрмінаў даўніны.

Усе тры тэлеграм-паведамленні, якія пакінуў Красько, былі напісаны як каментары да публікацый на тэлеграм-канале «Вусы Лукашэнкі».

***

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў судзе Ленінскага раёна Мінска 20 снежня 2023 года асудзілі Наталлю Ажнову паводле ч.1 арт.342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Марына Клімчук прызначыла Наталлі два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Затрымалі Наталлю 16 лістапада, але ў той жа дзень выпусцілі пад залог памерам у 18 500 рублёў.

Жыхарку Лагойска абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года і выхадзе на праезную частку. Як паведамляецца ў судовай пастанове, Наталля «выкарыстоўвала ў якасці пратэснай сімволікі палотнішча бел-чырвона-белага колеру». Жанчыну апазналі па фотаздымку з інтэрнэту і даных мабільнага аператара. Яна цалкам прызнала віну. 

Наталля Ажнова мае вышэйшую адукацыю, працуе спецыялістам па продажах.

***

Сілавікі затрымалі заснавальніцу праекта аб беларускіх вёсках «Veska Life» Ксенію Ерашэнка, піша «Свабода». Нагодай стала тату на яе руцэ. Пасля запісу відэа і абяцання звесці татуяваную выяву яе адпусцілі. 

На відэа дзяўчына кажа пра тое, што тату «Чорнае сонца» яна зрабіла ў 2019 годзе і не ведала, што выява з'яўляецца нацысцкай. Яна паабяцала яе змяніць ці звесці.

10 лістапада 2022 года МУС абнавіла спіс нацысцкіх арганізацый, сімволікі і атрыбутыкі. У новую рэдакцыю спіса дадалі эмблему «Чорнае сонца» (Schwarze Sonne).

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 343 дні, Максіма Знака — 347 дзён, Мікалая Статкевіча — 346 дзён, Ігара Лосіка — 337 дзён, Віктара Бабарыкі — 273 дні, Сяргея Ціханоўскага — 202 дні, Уладзіміра Гундара — 171 дзень.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1408 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1609 чалавек. Сярод іх — 186 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.