«У камеры быў спакойны». Фатографа Аляксандра Зянкова асудзілі за «экстрэмізм»

Мінскі гарадскі суд у асобе суддзі Жанны Брысінай прызнаў яго вінаватым паводле ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса РБ («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні»). Судовы разбор справы Аляксандра Зянкова распачаўся 12 студзеня, прайшлі тры судовыя пасяджэнні. Прысуд быў агучаны 30 студзеня: 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе БАЖ.

Фота БАЖ

Фота БАЖ

Фатографа Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве. Сілавікі зладзілі ў жытле ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Мінск і на 10 дзён змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

«У камеры, разлічанай на двух чалавек, нас было значна болей, ад 8 да 10 у розныя дні, — распавёў былы сукамернік  Аляксандра Зянкова, з якім яны разам апынуліся ў ІЧУ. — Прыкмет збіцця — гематом або драпін — на ім, здаецца, не было. Аляксандр быў спакойны, распавядаў, што свае віны ні ў чым не прызнае, што ў яго патрабавалі пароль ад тэлефона, але ён адмовіўся яго назваць. Адмовіўся таксама і ад паслуг дзяржаўнага адваката. Прыблізна на 5-6 дзень яго забралі на допыт да следчага, і вярнуўся ён толькі праз 5 гадзін. Вярнуўшыся, распавёў, што яму шыюць крымінальны артыкул за спрыянне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання і што абвінавачанне тычыцца яго відэа, паказаных на «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурсе. Доказы гэтага нібыта знайшлі ў абсталяванні, якое забралі з дома, бо сам ён нічога следчым прынцыпова не распавядаў».

Праз 10 дзён, 2 ліпеня, Аляксандра Зянкова перавялі ў мінскі СІЗА на вуліцы Валадарскага. Сёлета 23 студзеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітвязнем.


Глядзіце таксама

Адяксандр Зянкоў — вядомы ў Барысаве фатограф і ці не першы ў Беларусі фатограф-фрылансер. У 1998 годзе ён зарэгістраваўся прыватным прадпрымальнікам і зарабляў грошы, шукаючы сабе самастойнай працы. Ён не быў у штаце мясцовых незалежных выданняў, але рэгулярна з імі супрацоўнічаў. Пазней, апрача фота, ён захапіўся і відэаздымкамі, самастойна авалодаў навыкамі працы з відэакамерай. Здымаў у тым ліку і дакументальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фестывалях хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат». У прыватнасці, у 2015 годзе журы фестывалю адзначыла яго творчую працу пра аднаўленне  царквы ў вёсцы Зэмбін Барысаўскага раёна.

Апошнім часам Аляксандр Зянкоў шмат падарожнічаў і займаўся творчасцю — фатаграфаваў краявіды, прыродныя з'явы, птушак і помнікі архітэктуры. У снежні 2022 года ў яго адбылася персанальная фотавыстава.