Хто стоміцца першым?

Шмат што ў сённяшняй сітуацыі нам застаецца нябачным. Мы іншым разам назіраем выключна за вынікамі тых працэсаў, якія праходзіць ва ўладзе.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

Лепш за ўсё наступствы і іх прычыны бачныя ў эканоміцы. Напрыклад, у маім раёне падрадчык не скончыў капітальны рамонт некаторых дамоў і павесіў для жыхароў абвестку: «Мы не можам скончыць працы, бо за іх не разлічваецца ЖЭС». Гэта азначае, што ў дзяржавы заканчваюцца грошы.

Апошнім часам відавочна ўзмацніліся рэпрэсіі. Гэта і адлічэнні студэнтаў на загад Лукашэнкі «абысціся без іх», і брутальнае задушэнне пратэсту медыкаў (у час пандэміі, калі рост захворванняў у Беларусі б’е нават веснавыя рэкорды!), і, канешне ж, жорсткі разгон «Марша народаўладдзя», якому так і не далі сабрацца.

Па звестках праваабаронцаў, колькасць затрыманых у мінулую нядзелю ўпершыню за апошнія месяцы наблізілася да лічбаў 9–12 жніўня, — самых «гарачых» дзён пратэсту. Калі 12 жніўня было затрымана каля 1000 чалавек, то 8 лістапада — больш за 1200.

Якія нябачныя працэсы падштурхнулі ўладу на новы віток рэпрэсій? Ці сапраўды ў Лукашэнкі сыходзіць час, і яму крытычна важна ўтаймаваць непакорлівае грамадства?


Жорсткае раздражненне

Палітолаг Валерый Карбалевіч у сваім блогу на «Свабодзе» вылучыў пяць прычынаў, чаму ўлады зноў пачалі дзейнічаць больш жорстка. На яго думку, найперш, для некаторых персанажаў невыносна, як штонядзелю сталіца ператвараецца ў свята непадпарадкаванага народу. І гэта сапраўды ўкладваецца ў логіку Лукашэнкі. Яму не тое што гэта невыносна — гэта падрывае яго імідж якога-ніякога, а кіраўніка.

Сапраўды, ён ужо не раз аддаваў загад «утаймаваць Мінск» і «прывесці яго да ладу». Але ніякага ўтаймавання не адбываецца — людзі працягваюць выходзіць, насуперак яго загадам і рэпрэсіям. Карныя органы не спраўляюцца з плынню народу. Атрымліваецца, як у анекдоце: «Я цябе пасаджу! — Тады мой брат выйдзе. — Я і яго пасаджу! — Тады мой сябра выйдзе! — Я і яго пасаджу! — Ды тады ўжо я вызвалюся!»

Пасля брутальных дзеянняў сілавікоў Лукашэнку прыляпілі мянушку «прэзідэнт АМАПу». Але тое, што пратэсты працягваюцца, а ён не здольны іх утаймаваць, падрывае яго пазіцыю нават і як «прэзідэнта АМАПу». Таму што яго загады, атрымліваецца, не выконвае і не можа выканаць нават АМАП. Што ўжо казаць пра астатнюю краіну, якая яго ненавідзіць — хто ціха, а хто і ўголас.

Тут адкрывай метро ці АЭС, не адкрывай — усе бачаць, што магчымасць для кіравання і кантролю — на мінімальным узроўні. І бачаць не толькі ўнутры краіны, але і звонку.

421306be_6dd1_4f29_b0eb_9d9e56f17d02_w1023_s.jpg


Мы стаміліся?

Па-другое, на думку Карбалевіча, улады адчулі псіхалагічную стомленасць людзей, якія выходзяць на пратэсты, і вырашылі выкарыстаць зручны момант. Маўляў, калі сёння брутальна «зачысціць» адзін марш, у другі раз людзі не збяруцца.

Сапраўды, і халоднае надвор’е, і павышанае захворванне на covid-19, па ідэі, павінны былі б адштурхнуць народ ад удзелу ў масавых пратэставых акцыях. Але, на вялікі жаль, гэта так ужо не працуе. Грамадства адказвае на віткі гвалту віткамі мабілізацыі. І можна разлічваць, што наступны марш, наадварот, будзе больш шматлюдны, чым «Марш народаўладдзя».

Людзей абурае не толькі непрапарцыйнае прымяненне сілы і рэпрэсій. Іх абурае і тое, што сілавікі грэбуюць нават прызнанымі аўтарытэтамі. І народ натхняе, што гэтыя прызнаныя аўтарытэты — з ім, хай і затрыманыя падчас маршаў і «зачыстак».

Навошта было выцягваць з таксоўкі ці не самага вядомага блюзмэна Беларусі Паўла Аракеляна пасля дваровага канцэрту? Навошта затрымалі «Міс Беларусь 2008» Вольгу Хіжынкову? Да таго ж яна не толькі «міс», але і былая прэс-сакратарка ФК «Дынама» (Брэст). Уяўляеце, як на гэтую навіну адгукнуцца заўсёды радыкальныя тыфозі клуба?

А нашто было затрымліваць «Маляваныча» з «Калыханкі»? Знакаміты акцёр Аляксандр Ждановіч усяго толькі зрабіў заўвагу сілавікам. Але ён, напэўна, за кратамі сустрэнецца са срэбраным прызёрам Алімпіяды–2008 Андрэем Краўчанкам…

Шмат хто з беларусаў ужо ўпэўнены — за кратамі яму трапіцца вельмі добрая кампанія, бо там аказваюцца лепшыя людзі краіны. Наўрад ці пасля такіх звестак нехта будзе палохацца выходзіць на акцыі супраціву.

На наступны дзень пасля разгону 8 лістапада заявы пра далучэнне да страйку напісалі першыя супрацоўнікі БелАЗа. Раней на прадпрыемстве ўдалося згасіць незадаволенасць, але брутальная «зачыстка» пратэставай акцыі прывяла да такога выніку.


Каму цяжэй за ўсіх?

Валерый Карбалевіч лічыць, што пратэст у рэгіёнах сцішыўся, і таму мясцовую міліцыю можна спакойна перакінуць у Мінск — гэта трэцяя прычына для ўзмацнення рэпрэсій. І ў той жа час аналітык зазначае, што (па-чацвёртае), трохмесячнае супрацьстаянне — гэта барацьба на змор, на знясіленне праціўніка. Хто першы не вытрымае напругі. Можна меркаваць, што сілы супрацоўнікаў МУС на сыходзе. Таму трэба паспяшацца, каб адным махам, адным ударам пакончыць з пратэстамі і, нарэшце, спакойна выдыхнуць.

Што да «суцішвання пратэстаў у рэгіёнах» — можа быць, гэта і так. Аднак «перакідванне міліцыі ў Мінск» наўрад ці адбываецца. Бо тактыка АМАПу вядомая: задушваць пратэсты павінны «не мясцовыя» — так прасцей пазбегнуць «вендэты». Дый разганяць «чужых» значна прасцей, чым «сваіх» — амаль няма шанцаў, што ў аўтазаку разам з амапаўцам акажацца сусед, школьны таварыш, «першае каханне»… Таму мінскі АМАП едзе «на разгоны» ў Віцебск, віцебскія — у Гродна, гродзенцы — у Мінск…

Менавіта з гэтай прычыны, дарэчы, яны так хваравіта ўспрымаюць працэс здзірання масак. Таму што тады іх родзічы ў рэгіёнах пабачаць, чым яны займаюцца ў «камандзіроўках». А супрацоўнікі ГУБАЗіК — дык і ўвогуле, найхутчэй, мясцовыя.

А вось наконт таго, што сілы ў сілавікоў (прабачце за таўталогію) на сыходзе — гэта сапраўды так. Тэлеграм-канал «Інсайдэр» «злавіў» на фота машыну, у якой перавозяць сілавікоў, абсталяваную імправізаванымі лежакамі — гэта азначае, што «спецлюдзей» не тое што дадому не адпускаюць, але яны нават да казармаў могуць даехаць не заўсёды — спяць у машынах. А жыхары дамоў, у якіх кватэры выдаваліся супрацоўнікам АМАПу, расказалі TUT.BY, што суседзяў бачаць вельмі рэдка: «Яны на ўзмацненні на базе пастаянна сядзяць. У чаканні. Каманда паступіла, яны сабраліся і паехалі. Казарменнае становішча ў іх. Думаю, што ў буднія дні яны яшчэ дома, але ў выходныя — дакладна не».

Таму, безумоўна, зморанасць у непасрэдных выканаўцаў загадаў аб разгоне прысутнічае. А значыць, ім хацелася б скончыць усё адзін раз, і назаўсёды. Але наўрад ці гэта атрымаецца. Таму што на маршы выходзяць розныя людзі — сёння адны, заўтра іншыя. А вось у міліцыянтаў магчымасцяў такой «ратацыі» не вельмі багата.

Можна колькі заўгодна скептычна ставіцца да словаў Паўла Латушкі, які, пасля падзей 8 лістапада заявіў, што 15–20% супрацоўнікаў, не згодных з рэжымам, ужо не хаваюць сваю пазіцыю і адкрыта кажуць пра гэта начальству, а вялікая група супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку «дастаткова высокапастаўленых» афіцэраў даўно напісалі рапарты на звальненне. Але гэтыя рапарты не задавальняе ўлада, таму што баіцца ланцуговай рэакцыі.

Але ж у Мінску адбыўся цікавы выпадак: блогер Матолька аднекуль даведаўся пра сакрэтны «пароль», па якім амапаўцы распазнаюць «сваіх» і выпускаюць з аўтазакаў. Адна дзяўчына гэтым скарысталася — і яе сапраўды вызвалілі.

Хтосьці ж паведаміў некаму гэты пароль? Якімсьці чынам ён трапіў да Матолькі? Відавочна, што нехта з сілавікоў сапраўды зліў інфармацыю пратэстоўцам…

І відавочна, што 8 лістапада, нягледзячы на брутальны разгон, нічога не змянілася. А значыць, стомленасць у сілавікоў і прэсінг на іх будзе назапашвацца. Ці датрываюць яны ў такіх умовах да Новага года? І яшчэ вельмі цікавае пытанне: а што будзе ў калядную ды навагоднюю ночы? Бо народ да іх дажыве дакладна. А сілавікі?

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк


Масква слязам не верыць?

І канешне, Валерый Карбалевіч у якасці фактара эскалацыі гвалту зазначае ціск Расіі. Былі розныя гіпотэзы расійскіх экспертаў, маўляў, Пуцін даў Лукашэнку абмежаваны час, каб навесці парадак. А Лукашэнка не ўкладваецца ў графік, і таму падганяе падзеі.

Сапраўды, мы бачым, як змяняецца рыторыка расійскіх тэлеканалаў. Яшчэ два месяцы таму яны «тапілі» за Лукашэнку, абвінавачваючы Захад у спробах «каляровай рэвалюцыі» ды ўхваляючы «рэзерв Пуціна» з росгвардзейцаў па «дапамозе» Беларусі. Цяпер жа нават Салаўёў «разносіць» беларускую ўладу за арышт Леўчанка, а больш-менш уцямныя сюжэты пра Сінявокую з’яўляюцца нават у расійскіх рэгіянальных тэлеканалах.

Мажліва, сапраўды, у Лукашэнкі сыходзіць час для «пацыфікацыі» краіны. Аднак ён не толькі не «замірыў» Беларусь, але і не выконвае новых сваіх абяцанняў. Ужо месяц прайшоў з яго заявы перанакіраваць беларускія нафтапрадукты ў расійскія парты, але паліва працягвае цячы на Захад праз Балтыю. Таму Масква мае падставы для незадавальнення.

Але ўва што выльецца гэтае незадавальненне? Мы ўжо бачылі спробы патузаць Лукашэнку праз медыйную кампанію — серыялам «Хросны бацька» ў 2010-м. Тады вялікага поспеху гэта прапагандысцкая кампанія не мела. І што будзе рабіць Крэмль у выпадку, калі Лукашэнка (у чарговы раз) праігнаруе выкананне сваіх абавязальніцтваў — таксама загадка.

У любым разе, унутраныя чыннікі беларускага пратэсту дзейнічаюць лепш, чым знешнія.


Зацішша не будзе

Беларускі пратэст відавочна знясільвае Лукашэнку. Святлана Ціханоўская, рэагуючы на разгон 8 лістапада, слушна заўважыла: «Наш шлях да свабоды аказаўся марафонам — але мы ўжо не сыдзем з дыстанцыі». Таму што ў пакуль яшчэ кіраўніка дзяржавы ёсць толькі адна формула дзеяння — рэпрэсіі. А ў беларусаў формаў дзеяння шмат: ад дваровых канцэртаў да ўпрыгожвання раёнаў, ад лакальных «ланцугоў салідарнасці» да агульных мітынгаў, ад нясплаты падаткаў да «італьянскіх забастовак», ад страйкаў да салідарнасці са звольненымі ды адлічанымі.

Сапраўды, негвалтоўны супраціў — гэта марафон. І галоўнае ў ім — не сцішвацца. Час працуе не на ўладную машыну. Мы не ведаем, якія працэсы адбываюцца ўнутры «таго боку», але нерваў і здароўя там дакладна не дадаецца. А таму няма ніякай прычыны спыняцца. Нават нягледзячы на надыходзячыя халады.