Хто такая Джэйн Гудол – жанчына з «дудла» Google?
У сённяшняй відэазастаўцы пашукавіка вядомая брытанская навукоўца заклікае «зрабіць свой унёсак дзеля гэтай прыгожай планеты».
22 красавіка ў свеце адзначаюць Дзень зямлі. На галоўнай старонцы Google у якасці тэматычнай застаўкі – «дудла» – змешчанае кароткае відэа з прамовай Джэйн Гудол, якая распавядае пра важнасць гэтага дня.
Джэйн Гудол нарадзілася ў Лондане ў 1934 годзе. Калі яна была яшчэ дзіцем, бацька падарыў ёй цацачнага шымпанзэ. Цацка разбудзіла ў ёй цікавасць да шымпанзэ. Гудол працавала афіцыянткай, калі ў 1957 годзе па запрашэнні былога аднакласніка наведала Афрыку. У Кенійскім нацыянальным музеі яна знайшла месца асістэнта і сакратара дырэктара музею, вядомага антраполага Луіса Лікі. Ён папрасіў яе заняцца вывучэннем шымпанзэ ў Нацыянальным парку Гомбе-Стрым у Танзаніі. Лікі спадзяваўся, што на падставе атрыманых звестак можна будзе зрабіць высновы аб жыцці першабытных людзей. Джэйн прыбыла ў Танзанію ў ліпені 1960 года і занялася даследчай працай.
Свет абавязаны Джэйн Гудол мноствам ведаў аб шымпанзэ: яна высветліла, што шымпанзэ выкарыстоўваюць прымітыўныя галіны, каб дастаць тэрмітаў з тэрмітнікаў і мёд з дуплаў, і камяні, каб разбіваць арэхі. У сваіх назіраннях за шымпанзэ Джэйн задакументавала прыклады таго, што дзікая жывёла не проста выкарыстоўвае прадмет у якасці прылады, але сапраўды змяняе яго ў адпаведнасці са сваймі патрэбамі, дэманструючы тым самым зародкі вырабу прыладаў. Хоць іншыя жывёлы таксама могуць ужываць інструменты, толькі чалавекападобныя малпы вырабляюць іх – гэтая асаблівасць лічыцца асноўным адрозненнем чалавекападобных малпаў ад іншай жывёлы.
Гудол заўважыла, што шымпанзэ ядуць мяса іншых жывёлінаў, супольна палююць, а таксама ваююць паміж сабой.
Гудол першай стала даваць доследным жывёлінам імёны. Раней навукоўцы асуджалі гэта, бо лічылі, што эмацыйны фактар вядзе да страты аб’ектыўнасці даследавання. Тым не менш, пазней прыкладу Джэйн рушылі іншыя даследчыкі.
Гудол была адной з трох даследчыц, якія распачалі ў пачатку 60-х гадоў працяглыя даследаванні чалавекападобных малпаў – разам з Даян Фос, вядомай сваім жыццём сярод гарыл, і Біруце Галдзікас, якая вывучала арангутанаў.
Хоць Джэйн не вучылася ва ўніверсітэце і не мела нават ступені бакалаўра, яна паспяхова абараніла доктарскую дысертацыю ў 1964 годзе ў Кембрыджы.
У 1977 годзе Гудол заснавала інстытут свайго імя (Jane Goodall Institut) для падтрымання запаведніка Гомбе.
У відэа Google навукоўца кажа, што «нарадзілася, каб любіць жывёлу» ды распавядае, як падчас аднаго дажджлівага дня ў джунглях зразумела, наколькі ўсё ў прыродзе звязана паміж сабой.
«Дзень зямлі – час зрабіць станоўчае намаганне, каб жыць у гармоніі з прыродай», – кажа Гудол.
Дзень Зямлі – штогадовая акцыя ў падтрыманне абароны навакольнага асяроддзя, якая праходзіць 22 красавіка. Упершыню прайшла ў 1970 годзе. Цяпер каардынуецца на глабальным рухам абароны навакольнага асяроддзя «Сетка Дня Зямлі».
Паводле belsat.eu