IBB: 20 год у Беларусі
4 кастрычніка спаўняецца 20 год ад дня адкрыццыя ў беларускай сталіцы Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (ММАЦ) (Minsker Internationale Begegnungs- und Bildungsstelle (IBB)) імя Яханэса Раў. З нагоды юбілея 2 кастрычніка ў ММАЦ прайшло ўрачыстае мерапрыемства «Мінскі МАЦ на шляху да агульнаеўрапейскага дома». Перад пачаткам імпрэзы кіраўнікі ІВВ з Беларусі і Германіі сустрэліся з журналістамі.

ММАЦ — гэта адукацыйны і канферэнц-цэнтр для прадстаўнікоў Усхода і Захада, месца сустрэчы для бізнесоўцаў, грамадскіх арганізацыяў, творчых людзей, прадстаўнікоў розных канфесіяў. Гэта лабараторыя ідэяў у галіне гісторыі, эканомікі, палітыкі і аховы навакольнага асяроддзя. На базе ММАЦ штогод аддбываецца каля тысячы мерапрыемстваў, каля 20.000 чалавек бяруць удзел у адукацыйных праграмах, 4.000 гасцей наведваюць гатэль ІВВ.
Цягам усіх дваццаці год ММАЦ працуе на стварэнне новай агульнаеўрапейскай культуры, у якой недапушчальна ўзнікненне войнаў і фармуецца агульнае разуменне праблемы захавання свету, у якім людзі на Усходзе і Захадзе імкнуцца да стварэння роўных сацыяльных умоваў для развіцця асобы, а сумесныя высілкі накіраваны на захаванне навакольнага асяроддзя.
Як адзначыў старшыня рады дырэктароў ІВВ Маціяс Цюмпель, за плячыма ММАЦ доўгі дваццацігадовы шлях. «Мы адправіліся ў гэты шлях, каб паказаць усім і кожнаму, што замірэнне немагчымае без памяці, каб паказаць, што Германія з жахам узгадвае пра тыя бедствы, якія былі прычыненыя народу Беларусі. Ніводная краіна ў свеце не пацярпела так моцна ад Германіі, як Беларусь. Мы прасілі, каб нам працягнулі руку, каб Беларусь адкрылася для сумеснага дыялога на тэму таго, як можа выглядаць Еўропа — наш агульны дом. Прайшло дваццаць год, і мы вельмі ўдзячныя ўсім тым людзям і арганізацыям, якія адправіліся з намі ў гэты шлях», — падкрэсліў Маціяс Цюмпель.

Па яго словах, за гэты час ІВВ знайшоў вельмі шмат сяброў і партнёраў, суразмоўцаў. Спадар Цюмпель выказаў асаблівую падзяку цэрквам, якія суправаджалі дзейнасць ІВВ, габрэйскім абшчынам і аб’яднанням, а таксама тым многім асобным людзям і арганізацыям, дзяржаўным і недзяржаўным, якія спрычыніліся да дзейнасці ММАЦ і да наладжвання дыялогу паміж Беларуссю і Германіяй. «Вось гэты вельмі шырокі спектр і яўяўляе сабою сапраўдны профіль Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра», — сказаў прамоўца.
Патронам ММАЦ з’яўляецца былы прэм’ер-міністр федэральнай зямлі «Брандэнбург» Маціяс Плацэк, які адмыслова прыляцеў у Мінск, каб павіншаваць ІВВ з юбілеем. «Двацаць год — немалы час. Яшчэ на пасадзе прэм’ер-міністра зямлі Брандэнбург я падтрымліваў цесныя кантакты з Беларуссю, бо, на маё перакананне, Беларусь належыць да ядра еўрапейскіх краінаў. Я вельмі ўдзячны Мінскаму МАЦ за вялікі ўнёсак ва ўзаемаразуменне паміж народамі Еўропы, які ўжо зроблены і які працягвае рабіцца. ММАЦ ажыццяўляе тую ідэю, у правільнасці якой я таксама ўпэўнены: без узгадвання і асэнсавання мінуўшчыны немагчыма будаваць будучыню», — сказаў Маціяс Плацэк.
Кіраўнік справаў Дортмундскага ІВВ Петэр Юнгэ-Вэнтруп нагадаў, што 1990-1994-я гады былі часам заканчэння канфлікту паміж Усходам і Захадам. «У той час мы казалі, што нам патрэбны агульны дом, і гэты агульны дом — Еўропа. І калі памятаць пра гэтую мэту, то можна казаць, што мы не дасягнулі поспеху. У Еўропе зноў ідзе вайна паміж Расіяй і Украінай, наспявае новае ваеннае супрацьстаянне і гонка ўзбраенняў, ствараецца атмасфера ўзаемнага недаверу і вобразаў ворага, шавінізма і нянавісці паміж народамі. Ідэя «Еўропы як агульнага дома» без ідэалагічных і нацыянальных межаў адсоўваецца ў далечыню, бо ніхто не працуе над гэтай перспектывай», — канстатаваў Петэр Юнгэ-Вэнтруп, які прэзентаваў не толькі асабісты пункт гледжання, але і агульную пазіцыю Дортмундскага МАЦ.
Гэтая арганізацыя нават падрыхтавала адмысловы зварот. «У гэтай сітуацыі мы, грамадзяне і прадстаўнікі еўрапейскай грамадзянскай супольнасці, уздымаем наш голас супраць разбуральнай логікі вайны, супраць палітыкі гонкі ўзбраенняў і стварэння вобраза ворага. Доўгатэрміновае рашэнне канфліктаў і мірныя перспектывы магчымы толькі ў партнёрскім дыялогу і супрацоўніцтве», — гавороыцца ў дакуменце. Аўтары звароту заклікалі грамадзянскія супольнасці і палітычныя ўлады да працы над перспектывай «Еўропы як агульнага дома» на аснове дэмакратычных каштоўнасцяў.
«Прычынаю вяртання вобразаў ворага ёсць недастатковае асэнсаванне таталітарнай мінуўшчыны ХХ-га стагоддзя. У выніку выкарыстоўваюцца гістарычныя і нацыянальныя клішэ, людзі кляймяцца як «фашысты» і «тэрарысты» замест таго, каб шукаць шляхі да сумеснай мірнай будучыні. Толькі сумеснае асэнсаванне гісторыі, якое ахоплівае розныя пакаленні і краіны, можа прывесці да працэсаў замірэння», — упэўнены Петэр Юнгэ-Вэнтруп. З яго меркавання, замест новых праграм узбраення патрэбны сумесныя праграмы абменаў паміж школьнікамі, студэнтамі, журналістамі, гісторыкамі і палітыкамі. Беларусь і Мінск могуць зрабіцца месцам сустрэчаў і ўзаемаразумення.
Кажучы пра планы на будучыню, Петэр Юнгэ-Вэнтруп паведаміў, што на наступны год Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтрам сумесна з партнёрамі запланавана каля 150 мерапрыемстваў, у тым ліку і падрыхтоўка выставы, прысвечанай лагеру смерці «Трасцянец», працяг рэалізацыі мемарыяльнага праекта ва ўрочышчы Благаўшчына. Федэральны ўрад Германіі выдаткоўвае на 21 праект ІВВ каля 1 мільёна еўра штогод. Беларускі дырэктар ММАЦ Віктар Балакіраў дадаў, што на 2015 год таксама запланавана актыўная праца ІВВ з журналістамі, у тым ліку шэраг семінараў на тэму культуры памяці.