Ігар Тышкевіч: «Ад аварыі на якім-небудзь энергетычным абʼекце мы не застрахаваныя»
Вайна на мяжы з Беларуссю, а тут яшчэ і землятрус у Турэччыне… Не дзіва, што людзі заклапаціліся сцэнарамі сваіх дзеянняў на выпадак нечаканага крызісу. Святлана Ціханоўская, напрыклад, звярнулася да беларусаў з просьбай патурбавацца аб сабе і блізкіх на выпадак складанай сітуацыі.
Яна папрасіла «не дазваляць сабе лішняй панікі, прымаць рашэнні спакойна», але, тым не менш, папоўніць аптэчку. У ліку яе парад — назапасіць наяўных грошай у розных валютах, абмеркаваць з дзецьмі сцэнары паводзін, праверыць падвалы і сховішчы. А эксперт украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч, які адзінаццаць месяцаў жыве ва Украіне ва ўмовах вайны, у інтэрв’ю «Філіну» дадаў ад сябе некалькі практычных парад.
— Калі Беларусь будзе ўцягнута ў вайну супраць Украіны менавіта сіламі ўзброеных сіл краіны, то, натуральна, у адказ будуць удары, — адзначыў аналітык. — Але ўсё ж такі варта супакоіць людзей: па стане на сёння, калі разглядаць групоўку расійскіх і нават беларускіх войскаў, верагоднасць наступу беларускай ці расійскай арміі ў бліжэйшыя чатыры тыдні з тэрыторыі Беларусі мінімальная.
Вясной з Беларусі па розных ацэнках заходзілі ад 30 да 50 тысяч вайскоўцаў. Яны ўперліся ў Кіеў і былі вымушаны адкаціцца назад. Таму цяпер лагічна, каб групоўка была больш моцнай. А ў Беларусі цяпер толькі каля 10 тысяч розных вайскоўцаў. Адпаведна, сюды трэба перакінуць яшчэ ад 30 да 40 тысяч чалавек.
Назапашванне такой колькасці тэхнікі і арміі — гэта справа некалькіх тыдняў, калі не адбудзецца нейкі марш-кідок, але і гэта будзе бачна загадзя. Усе астатнія перамяшчэнні — справа няхуткая.
Каб сфарміраваць ударную групоўку ў самой Беларусі, адных сіл спецыяльных аперацый недастаткова. Трэба набраць рэзервістаў, навучыць, правесці баявое зладжванне. Гэта прыблізна месяц.
Але нават пры такім раскладзе аналітык не выключае ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, якая не абавязкова будзе звязана з баявымі дзеяннямі.
— У любым выпадку не зашкодзіць мець «трывожны чамаданчык» і набор неабходнага на розныя здарэнні — ад ракетных удараў да стыхійных бедстваў.
Зыходзячы з гэтага, у вас ёсць два тыпы трывожных набораў, два тыпы падрыхтоўкі.
У выпадку аварыі вам давядзецца выжываць унутры сваёй хаты. Калі, дапусцім, няма электрычнасці, вельмі вялікая верагоднасць таго, што таксама перастануць працаваць водаправод і каналізацыя.
Таму першае, што ў вас павінна быць, — гэта запас пітной вады ў бутэльках, а другое — ёмістасці для вады, пітной і тэхнічнай, каб хадзіць кудысьці набіраць. Пажадана, каб яны закрываліся.
Вільготныя сурвэткі — неабходная ў такіх умовах рэч. Іх трэба мець некалькі вялікіх пачкаў, бо яны спатрэбяцца і для асабістай гігіены, і для нейкай прыборкі.
Вам спатрэбяцца крыніцы святла: лямпачкі на акумулятарах, паўэрбанкі, калі ўзяць наш украінскі вопыт, гэта і сонечныя генератары альбо сонечныя паўэрбанкі, якія можна нават набыць на AliExpress. Калі ёсць лішнія грошы, можна, канешне, пра запас на некалькі сем’яў купіць бензінавы альбо дызельны генератар.
Набор бялізны лепш падрыхтуйце ў непрамакальным пакеце, тры-чатыры змены. У адным месцы збярыце дакументы.
А вось грошы я б захоўваў у розных месцах, у розных валютах, у тым ліку абавязкова і беларускія. Таму што калі ў вас няма святла, вы нідзе не знойдзеце абменнік, які б працаваў.
Ніколі не будзе лішнім запас прадуктаў: крупы, макароны, дэгідраваная ежа. Памятайце, няма электрычнасці — няма вашай маразілкі. Таму трымаць шмат мяса ў лядоўні на нейкі выпадак бессэнсоўна.
Добра, калі ёсць турыстычная газавая гарэлка ці мангал, калі яго ёсць дзе паставіць.
Асобны пункт — лекі. Прынамсі, месячны запас таго, што вы прымаеце рэгулярна, трэба падрыхтаваць. Таксама лепш мець неабходныя медыкаменты на адзін курс ад прастуды і ад хваробы страўніка. Абавязкова перакіс вадароду.
Па вялікім рахунку, на выпадак, калі пачнуцца праблемы з інфраструктурай, гэта ўвесь мінімальны набор.
У выпадку ваенных дзеянняў суразмоўца раіць дадаць некаторыя рэчы, акрамя тых, што пералічыў.
— Калі трэба выжываць, паглядзіце загадзя, дзе паблізу ёсць крыніца вады, гэта можа быць прыватны дом, нейкі калодзеж ці калонка.
Падрыхтуйце зручны абутак і вопратку. Калі гэта халодны час, не трэба спадзявацца на цёплую куртку, лепей шмат слаёў, як капуста, але каб яны не скоўвалі рухі. Тады можна здымаць лішняе і вам будзе камфортна.
Апроч стандартнага набору аўтамабільнай аптэчкі, у аптэчцы першай дапамогі мусіць быць гемастатычны бінт (2 штукі), вельмі зручная рэч, таксама хаця б два кроваспыняльныя бандажы, яны ж турнікеты, на выпадак, калі трэба спыніць крывацёк.
Гэта значна больш бяспечная штука, чым звыклы нам жгут Эсмарха. Тут хачу папярэдзіць, што танныя кітайскія турнікеты зроблены вельмі няякасна.
— Многія апошнім часам пытаюцца пра бамбасховішчы, некаторыя дабраліся да сваіх падвалаў.
— Гэта спатрэбіцца ў тым выпадку, калі баявыя дзеянні ўжо каля твайго горада. Але навесці парадак у падвалах не зашкодзіць, асабліва калі дом мае нармальны фундамент і нармальныя бетонныя перакрыцці. Можна навесці парадак і арганізаваць якія-небудзь месцы для сядзення.
Таксама паглядзіце на сваю кватэру. Ёсць такая рэч — правіла дзвюх сцен. Гэта азначае, што ад вуліцы вас мусіць аддзяляць дзве сцяны, у адной можа быць вакно, калі няма іншых варыянтаў.
І ўсё ж галоўнае, калі вы ведаеце, што да вас набліжаецца зона небяспекі, баявыя дзеянні ці яшчэ што і ў вас ёсць магчымасць адносна бяспечна выехаць загадзя, не чакайце — выязджайце, бо пасля можа быць позна.