ІП: барацьба за выжыванне
Пайшоў другі месяц барацьбы індывідуальных прадпрымальнікаў за выжыванне. Што сёння адбываецца на рынках? Якія настроі пераважаюць у ІП-шнікаў? Якія ёсць сцэнары развіцця сітуацыі?
Форум, мітынг, перамовы
Фактычна ўлады самі справакавалі нявыплату арэнды ды падаткаў у бюджэт, не даўшы РГА «Перспектыва» сабраць чарговы Форум прадпрымальнікаў 25 студзеня. Прадпрымальнікі спадзяваліся на вырашэнне праблемы да гэтага часу, аднак «Перспектыве» не ўдалося знайсці памяшканне ў Мінску. Таму форум прайшоў толькі 1 лютага ў гасцініцы «Пекін». Аднак час сышоў, і большасць прадпрымальнікаў не заплацілі ні арэнду, ні падаткі і за люты.
Па ацэнках прадпрымальнікаў, на форум з’ехаліся больш за 2 тысячы ІП з 41 аднаго горада Беларусі. Калі ў студзені не працавалі каля 90% прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі легпрама, то ў лютым на працу не выйшлі 80% ІП. Каля 20% прадпрымальнікаў працуюць на рынках, але іх сертыфікаты выклікаюць сумнеў нават у калег па прадпрымальніцкім цэху.
«Раней індывідуальныя прадпрымальнікі і гандляры на рынках маглі гандляваць таварам без таварасуправаджальных дакументаў, без накладных, без сертыфікатаў, плацячы адзіны падатак, плюс фіксаваны падатак на дабаўленую вартасць. Такая норма ўведзеная яшчэ ў 1990-я гады. А ўказ №222 змяніў правілы гульні: адмяніў для ІП ільготы — працаваць без дакументаў, і цяпер яны мусяць працаваць, як і ўсе суб’екты гаспадарання, маючы на руках усе таварасуправаджальныя дакументы», — тлумачыць сутнасць праблемы кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.
Патрабаванні прадпрымальнікаў за месяц крыху змяніліся: да ранейшых пунктаў — адмяніць указ № 222, а таксама некаторыя палажэнні ўказа № 48, якія тычацца адміністрацыйнай адказнасці ІП за парушэнне патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў МС і Еўразійскага эканамічнага саюза, — дадалося новае — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Ёсць мясцовыя ўлады, якія адэкватна рэагуюць на праблемы ІП, — сказаў лідар РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. — Але ўсе пытанні можа вырашыць толькі кіраўнік краіны. Мы хочам атрымаць магчымасць працаваць, іншых мэтаў мы не маем. Толькі той, хто падпісаў указ № 222, мае права яго адмяніць. Мы, прадпрымальнікі, заклікаем яго зрабіць працу над памылкамі. Цяпер слова за прэзідэнтам».
Між тым, Аляксандр Лукашэнка праігнараваў запрашэнне на Форум прадпрымальнікаў. Замест кіраўніка дзяржавы аддуваўся выканаўца абавязкаў дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве пры Міністэрстве эканомікі Пётр Арушаньянц. Чыноўнік прапанаваў ІП сустрэцца на гэтым тыдні ў Мінэканомікі, каб абмеркаваць праблемы, якія ўжо пераспелі.
Уключэнне старшыні РГА «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі ў экспертна-кансультацыйны савет пры Мінэканомікі можна лічыць адным з вынікаў форуму. Таксама РГА «Перспектыва» накіравала ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне мітынгу 15 лютага. Вось і ўсё, чаго пакуль дамагліся.
Але Шумчанка лічыць, што вынікі добрыя: «Ужо ёсць дакладная інфармацыя пра тое, што пра наш форум і нашы прапановы было дакладзена на "самы верх". Наша прапанова аб перамовах знайшла падтрымку ва ўладзе. Ужо на гэтым тыдні адбудзецца працоўная група па вырашэнні нашага пытання, як таго патрабавала "Перспектыва". Мы па-ранейшаму перакананыя, што разам з іншымі рэжымамі падаткаабкладання ІП павінна быць магчымасць працы па патэнту — па прынцыпе «заплаціў і забыўся». Думаю, яны не захочуць даводзіць сітуацыю да мітынгу і паспрабуюць вырашыць праблему да 15 лютага. "Перспектыва" да перамоваў гатовая!»
Адмяніць ці зрабіць нікчэмным
«ІП увесь студзень не працавалі і ладзілі стыхійныя акцыі пратэсту ў рэгіёнах. Ці змянілі пратэсты сітуацыю вакол указа №222? Улада стаіць намёртва, — кажа прадпрымальнік са Светлагорска Анатоль Змітровіч. — Але бачныя зрухі. Па шавяленні ў стане вертыкалі відаць, што такое становішча рэчаў далей працягвацца не можа. Калі ў студзені нявыхад прадпрымальнікаў на працу можна было спісаць на «навагодне-калядныя вакацыі» ці «адпачынкі», то ў лютым такія тлумачэнні не пракацяць».
Прадпрымальнік лічыць, што за мінулы месяц істотна змяніліся і настроі ў прадпрымальніцкім асяродку: «Цяпер пачалася фаза актыўнага пратэсту. На маю думку, фазу актыўнага пратэсту трэба падтрымаць, але так, каб з колькаснага ён перарос у якасны. Калі ўлада намёртва ўчапілася ва ўказ №222, мы павінны зрабіць так, каб гэты ўказ стаў дробным нязначным дакументам. Мы павінны трансфармаваць пратэстныя акцыі ў іншыя пратэсты. І мы ўжо рыхтуем у рамках прававога поля шэраг дзеянняў».
Анатоль Змітровіч агучыў тры ініцыятывы, з якімі прадпрымальнікі мусяць выступіць бліжэйшым часам:
— Першае, мы рыхтуем зварот да беларускага народу, які павінен разумець, чаму мы не працуем. Бо прапаганда ўжо пачынае дзейнічаць: нібыта была дамова з прэзідэнтам, якую індывідуальныя прадпрымальнікі адмаўляюцца выконваць. Мы павінны растлумачыць народу, што ж на самай справе адбываецца. Народ спрабуе закупіцца танней, але не можа: рынкі зачыненыя. Інфармацыйнае поле павінна стаць нашым — менавіта ў тым палягае залог нашага поспеху.
Другое, мы звяртаемся ў Еўразійскую эканамічную камісію з просьбай растлумачыць, чаму РБ указам №48 па тэхнічным рэгламенце парушае заканадаўчую базу Мытнага саюза, чаму яна падмяняе паняцці. Прадстаўнік амбасады Расіі, які прысутнічаў на форуме, не ў курсе, што такое тэхнічны рэгламент і якія суб'екты гаспадарання павінны мець сертыфікаты.
Трэцяе, мы збіраемся звярнуцца ў Еўрапарламент з просьбай правесці расследаванне — калі, каму і ў якіх аб’ёмах выдзяляліся гранты беларускаму ўраду на развіццё малога бізнесу. Працавалі цэлыя праграмы. На распрацоўку закона аб прыватна-дзяржаўным партнёрстве выдзелены 1 мільён 80 тысяч еўра, законапраект пісаўся тры гады. А вось нікому не патрэбны ўказ №222 зрабілі за тры тыдні.
На развіццё рэгіянальнага бізнесу, на развіццё дзяржаўных праграм развіцця бізнесу таксама вылучаліся сродкі — куды яны дзеліся? І чаму ў Беларусі пагоршыліся ўмовы вядзення бізнесу?
Больш за тое, мы павінны ўвязаць просьбу беларускага кіраўніцтва да МВФ аб выдзяленні крэдыту з тым, што дзяржава, не вычарпаўшы ўнутраныя рэзервы, адмаўляючыся ад падаткаў ІП, просіць крэдыт. Трэба ўвязаць выдачу крэдыту МВФ з магчымасцямі індывідуальных прадпрымальнікаў плаціць падаткі, ад якіх адмаўляецца дзяржава, — падкрэсліў Анатоль Змітровіч.
Прапановы вартыя ўвагі, толькі ці прынясуць яны плён? Еўразійская эканамічная камісія ды Еўрапарламент уяўляюць сабой непаваротлівыя бюракратычныя машыны, якія вельмі павольна варушацца, таму нікому не вядома, колькі часу зойме разгляд праблемаў ды прыняцце канкрэтных рашэнняў. Ці дажывуць індывідуальныя прадпрымальнікі да таго светлага часу?
Тры сцэнары
Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін бачыць тры магчымыя сцэнары развязкі праблемы. Прычым адзін з іх — абсалютна фантастычны, на ягоную думку.
— Першы сцэнар — ніхто нічога не мяняе. Нічога не вядома нават пра намеры мяняць указ №222. Індывідуальныя прадпрымальнікі прыстасоўваюцца да сітуацыі, частка з іх паступова сыходзіць. Гэта найбольш верагодны варыянт.
Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынках, не валодаюць сур’ёзнай палітычнай і эканамічнай вагай, ні палітычных, ні эканамічных праблем для беларускай улады яны стварыць не могуць. Нават калі яны спыняць сваю дзейнасць, для ўлады гэта не стане праблемай. Прыйсці на біржу працы яны не змогуць — чалавека, зарэгістраванага ІП, беспрацоўным прызнаць нельга, а працэс спынення прадпрымальніцкай дзейнасці досыць працяглы.
Трэба ўлічваць абсалютную бездапаможнасць і непісьменнасць у эканамічных пытаннях так званых прадпрымальніцкіх лідараў. Гучныя лозунгі выкрыкваць навучыліся, арганізоўваць рознага кшталту сходы і маршы больш-менш насабачыліся, а вось навыкаў апаратнай барацьбы, разумення праблем гаспадарчага права і эканомікі ў іх няма і не прадбачыцца. Таму чыноўнікі элементарна абводзяць іх вакол пальца.
Другі сцэнар менш верагодны, аднак магчымы, зыходзячы з мінулага вопыту. Прадпрымальнікам у чарговы раз працягнуць ранейшы рэжым працы: падымуць адзіны падатак з фіксаваным падаткам на дабаўленую вартасць і дадуць магчымасць нейкі час прадаваць астаткі тавараў.
І, нарэшце, трэці варыянт — фантастычны: прадпрымальнікі арганізуюцца і робяць буржуазную рэвалюцыю.