Брэсцкі гарвыканкам не дазволіў пікеты салідарнасці з ІП

Актывісты Брэсцкай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі падалі заяўкі на правядзенне 14 пікетаў у розных месцах горада, аднак улады забаранілі гэтыя акцыі.



zabaronena_.jpg

Фота з сайта spring96.org

Як паведаміў намеснік старшыні АГП Уладзімір Вуек, арганізатары пікетаў меркавалі правесці масавыя мерапрыемствы на пляцоўках каля буйных гандлёвых цэнтраў горада, а таксама побач з ЦУМам, кінатэатрам “Беларусь”, у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне “Лакаматыў” (згаданыя парк і стадыён адмыслова пазначаны ў рашэнні гарвыканкама, дзе можна ладзіць падобныя акцыі). Удзельнікі пікетаванняў збіраліся выказаць сваю падтрымку індывідуальным прадпрымальнікам, прыцягнуць увагу грамадзян да праблемы ціску на прадстаўнікоў малога бізнеса і неабходнасці правядзення рынкавых рэформ.

Брэсцкі гарвыканкам забараніў пікеты, спаслаўшыся на тое, што большасць з іх запланаваны ў месцах, дзе не прадугледжана правядзенне масавых мерапрыемстваў. Што тычыцца стадыёна “Лакаматыў” і парка воінаў-інтэрнацыяналістаў, дык там акцыі не дазволены з прычыны адсутнасці дамоваў з медыкамі, міліцыяй і камунальнымі службамі.

“Мы лічым, што такім чынам у чарговы раз парушана наша канстытуцыйнае права на мірныя сходы, — распавёў Уладзімір Вуек. — Што тычыцца дамоваў, дык мы як падаткаплацельшчыкі ўжо даўно аплацілі працу і міліцыі, і службы аховы здароўя, і камунальнікаў. Таму забаронай пікетаў улады прадэманстравалі, што іх не цікавяць праблемы прадпрымальнікаў і развіццё эканомікі ў нашай краіне, і яны грэбуюць пры гэтым грамадзянскімі і палітычнымі правамі людзей”.


spring96.org