БЛУР: ні дапамогі, ні пашаны

У чэрвені 1941 года першы ўдар вермахта сустрэлі не толькі савецкія памежнікі, але і жаўнеры ўмацаванага раёна Чырвонай Арміі, які быў пабудаваны на новай савецка-германскай мяжы. Гераізм гэтых абаронцаў заслугоўвае ўвагі.



«Новая» і «старая» мяжа

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР дзяржаўная мяжа перамясцілася на сотні кіламетраў на Захад, і ўжо там трэба было будаваць абарончыя лініі. Пры гэтым пра ўмацаванні на былой «рыжскай» мяжы быццам бы забылі. Крэмль засяродзіў сваю ўвагу на будаўніцтве ўмацаванняў на захадзе савецкай Беларусі. У гэтым сэнсе брэсцкі накірунак адыгрываў важнейшую ролю. Ужо ў чэрвені 1940 года тут пачалося ўзвядзенне 62-га Брэст-Літоўскага ўмацаванага раёна (БЛУР). Планавалася, што ён будзе прыкрываць 180 кіламетраў памежнай тэрыторыі, а ў яго паласе будзе эфектыўна абараняцца савецкая 4-я армія. У Маскве разлічвалі падрыхтаваць тут каля 400 доўгатэрміновых умацаваных кропак рознага тыпу (у тым ліку і артылерыйскіх паўкапаніраў), аднак удалося пабудаваць толькі палову. Кіраваў гэтай працай геній савецкай фартыфікацыі генерал-лейтэнант Дзмітрый Міхайлавіч Карбышаў, які пасля фінскай кампаніі Чырвонай Арміі быў упэўнены, што добра падрыхтаваныя абарончыя збудаванні могуць стрымаць нават самы моцны ўдар ворага (фінская «Лінія Манергейма» з гэтай роляй выдатна справілася). Камендантам Брэсцкага ўмацраёна быў генерал-маёр Міхаіл Пузыраў.

karta_pamezhnih_bajou_1941_goda_logo.jpg

Карта памежных баёу 1941 года

З чым сустрэлі немцаў

У 62-гі БЛУР, які канчаткова быў сфармаваны 4 чэрвеня 1941 года, уваходзіла тры (16, 17, 18) асобныя кулямётна-артылерыйскія батальёны (АКАБ),  па 350–400 чалавек кожны. 16-ты батальён займаў пазіцыі ля Драгічына, 17-ты — у раёне Сямятыч, 18-ты — у Брэсце (3-я рота з яго складу несла службу ля Воўчына). Штаб умацраёна першапачаткова знаходзіўся ў Брэсце, аднак 20 чэрвеня 1941 года быў пераведзены ў Высока-Літоўскае. ДАКі на новай мяжы былі ўзброены амаль ідэнтычна з тымі, што стаялі пад Мінскам, Полацкам, Мазыром (76 мм і 45 мм гарматы, кулямёты «Максім» і кулямёты Дзегцярова). 

ambrazura_kuljamjotnaga_daku_lja_bresta_logo.jpg

Амбразура кулямётнага ДАКу ля Брэста

Бетонныя ўмацаванні на Бугу былі першымі, хто сустрэў пяхоту вермахта раніцай 22 чэрвеня 1941 года. У раёне Казловічы — Рэчыца мужна змагаліся байцы 18-га кулямётна-артылерыйскага батальёна. Немцы спрабавалі знішчыць гарнізоны савецкіх умацаванняў агнямётамі. Штаб батальёна знаходзіўся на Поўнач ад Брэста, у так званых «чырвоных казармах», і сваёй ролі ў кіраванні абароны не адыграў. Вось як апісваў першыя гадзіны вайны старшы палітрук Фёдар Кокін:

«Калі пачаўся абстрэл горада, я пабег у 18-ты батальён. Гарэлі казармы, склады. З крэпасці беглі жаўнеры, многія ў адной бялізне, без зброі. Хутка пасля мяне ў гарадок прыбег начальнік хімслужбы малодшы лейтэнант Сёмкін. Мы адчынілі склады, выдалі вінтоўкі, гранаты і патроны байцам. Усё гэта адбывалася пад агнём фашыстаў. Хутка з’явіліся немцы. Мы сустрэлі іх агнём. Ворагі заляглі, а нас абстраляла артылерыя».

ambradura_dlja_kuljamjota_dzegcjarova_logo.jpg

Амбрадура для кулямёта Дзегцярова

Самі ж гарнізоны ДАКаў 18-га батальёна, якія не мелі сувязі са штабам, на паўднёвай ускраіне Брэста адбілі 11 нямецкіх атак і знішчылі каля 400 жаўнераў вермахта. Ліквідаваць агнявыя кропкі ўдалося толькі тады, калі ў іх гарнізонаў скончыліся боепрыпасы. Ля вёсак Агароднікі — Арляя — Навасёлкі немцы абстэльвалі савецкія доўгатэрміновыя ўмацаванні з гармат, аднак «кропкі» трымаліся некалькі дзён. Усяго, паводле беларускіх даследчыкаў, з 258 байцоў і камандзіраў 18-га батальёна выжыць і прабіцца да сваіх удалося адзінкам.

Стаялі на смерць

У раёне Сямятычы (зараз Польшча) абараняліся жаўнеры 17-га артылерыйска-кулямётнага батальёна, якім камандаваў былы памежнік, капітан Аляксей Паставалаў. Ужо ў першыя гадзіны вайны ротныя ўчасткі абароны апынуліся ў акружэнні. 1-я рота прыкрывала шашу на Сямятычы. У яе склад увайшла група памежнікаў. Байцы аднаго з паўкапаніраў падбілі нямецкі бронецягнік і знішчылі значную колькасць пяхоты праціўніка на чыгуначным мосце. Некаторыя «кропкі» змагаліся тыдзень. Дарэчы, разам з камандзірамі ў ДАКах знаходзіліся іх жонкі і дзеці. Некаторыя з іх загінулі, іншым удалося прабіцца да сваіх. Калі ў 1944 годзе савецкая армія выйшла на лінію дзяржаўнай мяжы пад Брэстам, жаўнеры знайшлі ў разбітых умацаваннях напаўспарахнелыя целы чырвонаармейцаў і камандзіраў у даваенных гімнасцёрках.

znishchani_savecki_tank_bt_7_logo.jpg

Знішчаны савецкі танк БТ-7

 

Немцы высока адзначалі гераізм абаронцаў савецкіх ДАКаў (дарэчы, як на новай мяжы, так і на старой, «рыжскай»). У адным з данясенняў 293-й дывізіі вермахта адзначалася: «На чале гарнізона заўсёды былі афіцэры. Яны і іх падначаленыя абараняліся да апошняга патрона. Адбывалася і так, калі нашыя жаўнеры ўваходзілі ў знішчаны ДАК, яны падвяргаліся абстрэлу. Патрабаванне аб здачы ў палон не аказвала ніякага ўплыву на абаронцаў». Дарэчы, пра ўпартасць баёў на лініі ДАКаў пад Брэстам сведчыць і той факт, што па некаторых дадзеных для знішчэння гарнізонаў умацаванняў на ўчастку 3-й роты 17-га батальёна немцы вымушаны былі выкарыстаць атрутныя газы. Адной з апошніх кропак, якая абаранялася на гэтым участку, быў ДАК «Арол». Яго супраціў быў падаўлены… 3 ліпеня 1941 года. Пасля баёў на месцы знішчанага ўмацавання было знойдзена больш за 20 цел чырвонаармейцаў — іх пахавалі побач з бетоннай крэпасцю, якую яны абаранялі да апошняга.

znak_u_pamjac_gerojay_bresckaga_ura_logo.jpg

Знак у памяць герояў Брэсцкага УРА

 

І адзін воін

Паміж вёскамі Крупіца і Путкавіцы змагаўся 16-ты кулямётна-артылерыйскі батальён. Яго жаўнерам удалося знішчыць некалькі нямецкіх танкаў. Справа ў тым, што тут савецкае камандаванне зрабіла імправізаваныя агнявыя кропкі з укапаных у зямлю танкаў без рухавікоў. Ля вёскі Заенчыкі ў ДАКу абарону трымаў адзін чырвонаармеец. З дапамогай кулямёта «Максім» ён адбіў некалькі нямецкіх атак, але пазней трапіў у палон і быў забіты. Сем дзён змагаўся ДАК ля вёскі Машона Крулеўская. Яго гарнізон складаўся з шасці радавых і 12 маладых лейтэнантаў, якія 21 чэрвеня прыбылі на новае месца службы са Смаленскага пяхотнага вучылішча. Усе яны загінулі.

njameck_kuljamjotchik_lja_znishchanaga_saveckaga_daka_logo.jpg

Нямецкі кулямётчык ля знішчанага савецкага ДАКа

Падчас баёў на лініі дзяржаўнай мяжы пад Брэстам загінуў камендант Брэсцкага ўмацаванага раёну, генерал-маёр Міхаіл Пузыроў. Рэшткі 17 і 18 батальёнаў змаглі адысці на Усход і спалучыліся з 49-й стралковай дывізіяй РСЧА. У жніўні 1941 года савецкае камандаванне спрабавала рэанімаваць 62-і ўмацаваны раён на Поўнач ад Ельні, аднак нямецкае наступленне ў кастрычніку таго ж года канчаткова знішчыла гэтую вайсковую адзінку. Усяго з 1500 байцоў і камандзіраў БЛУРа да канца вайны дайшло не больш за 30 чалавек.

nemci_lja_znishchanaga_saveckaga_daku_logo.jpg

Немцы ля знішчанага савецкага даку

* * *

njameckaja_mapa_saveck_umacavannja_logo.jpg

Нямецкая мапа савецкіх умацаванняў

Часткі вермахта, якія перайшлі савецкую мяжу раніцай 22 чэрвеня 1941 года, не затрымліваліся ля савецкіх ДАКаў і іншых умацаванняў, а ішлі наперад. Пакінутыя ў тыле бетонныя агнявыя кропкі знішчалі сапёры і штурмавыя групы. З другога боку, гарнізоны ДАКаў да канца выканалі загад і на некаторых участках затрымалі прасоўванне вялікіх тактычных адзінак немцаў (нават дывізій). Абаронцы гэтых умацаванняў змагаліся заўзята яшчэ таму, што ў адпаведнасці з абарончымі планамі ім на дапамогу павінны былі прыйсці падраз­дзяленні з эшалону прыкрыцця.

У 1974 годзе Савет ветэранаў былой 4-й арміі спрабаваў дагрукацца да ўладаў у Маскве, каб тыя ўсё ж адзначылі подзвіг абаронцаў ДАКаў і ўзнагародзілі камандзіраў і радавых пасмяротна. Аднак з гэтага нічога не выйшла. Пры гэтым на польскім баку, на адным з ДАКаў мясцовыя жыхары павесілі памятную дошку. Такая ж зараз вісіць на адной з «кропак» і на беларускай частцы былога ўмацаванага раёну.

njamek_vojsk_shturmujuc_saveckdak_logo.jpg

Нямекія войскі штурмуюць савецкі ДАК

Фота з архіву аўтара