Ішоў 33-і год ад нараджэння «святога Ковіда»

Алесь Кіркевіч на budzma.by разважае пра агульнасусветны псіхоз, які быў выкліканы пандэміяй каранавірусу.

covid__1_.png

Што новага мы даведваемся пра сябе падчас псіхозу, звязанага з каранавірусам? Якія старыя сэнсы ажываюць сярод нас? А можа... яны ніколі і не паміралі?
Яшчэ ў кастрычніку мінулага года па НТВ прайшоў даволі бяскрыўдны сюжэт пра вежы 5G для хуткаснага інтэрнэту. Акрамя лёгкага флёру канспіралогіі, пасажаў пра «паўстанне кавамашынаў», апраменьванне і рак — усё ў норме. А вось цяпер ужо не смешна. У Вялікабрытаніі пачаліся падпалы вежаў: у Бірмінгеме, Ліверпулі і Мелінгу. Нават працоўныя, якія кладуць кабелі для вежаў, падлягаюць пераследу і астракізму.
Рэч у тым, што, паводле канспіролагаў, вежы 5G стаялі ва Ухані, адкуль і пайшла страшная зараза. Жанчына, якая прадставілася медсястрой, у эфіры Uckfield FM заявіла, што 5G «высмоктвае кісларод з лёгкіх людзей». З’яўляюцца кам’юніці ў сацсетках, якія настойліва напампоўваюць людзей страшылкамі пра 5G і каранавірус. Пангаліны з кажанамі адпачываюць недзе ўбаку, вінаватыя ўсё ж — сеткі новага пакалення.
Нічога не нагадвае? Вядома, антыўтопіі братоў Стругацкіх: з вежамі, гераічным падполлем, глабальнай сістэмай задурвання мазгоў. Разам з пандэміяй ажываюць міфы ўсіх гатункаў: ад старадаўніх магічных (каму маліцца і якія абярэгі насіць ад заразы) да цалкам мадэрных, падгледжаных у томіках навуковай фантастыкі ды серыялах.
Нечакана выявілася, што людзі ў тэхналагічным грамадстве зусім не змяніліся. Ёсць сітуацыя з інфармацыйнай перапоўненасцю. Мы ўсё ведаем, але нічога не разумеем. Разбірацца няма часу, бо інфармацыі занадта шмат: перачытаць усё да самай смерці не паспееш. Застаецца выбіраць тое, на што актыўней рэагуюць нервовыя канчаткі. Тое, што ўражвае, правакуе. Усё, што «ваў».
Канкрэтна ў беларускай сітуацыі на агульнасусветны псіхоз наклаўся яшчэ шматгадовы крызіс даверу паміж грамадствам і ўладай. Як у тым адэскім анекдоце, калі цёця Цыля стаіць на зялёным сігнале святлафора. «Чаму вы не пераходзіце?» — запытваюць мінакі. «Я ў гэтай краіне ўжо нікому не веру!»
Якія б лічбы ні агучваў міністр Каранік, што б ні казалі дзяржаўныя СМІ, ездзіў бы прэзідэнт надалей з клюшкай на катку або схаваўся б у бункеры — усё дрэнна. Бо народ гадамі навучаны: «Во гэтыя праўды не скажуць, добрага не параяць!» Адзіны ратунак — чытаць сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы, купляць туалетную паперу і рабіць сэлфі ў масцы.
А яшчэ мы назіраем, як чуткі з серыі «адна баба сказала» набываюць новае жыццё. Больш за тое, яны транслююцца ў анлайн-рэжыме і запаўзаюць на старонкі СМІ. Бо СМІ пішуць пра тое, пра што людзі чытаюць. Чытаць пра рэформы, сацыяльныя злыбеды, нават пра мову і «рускі мір» цяпер асабліва ніхто не хоча. А пра COVID-19 — хочуць.
Неяк пісаў пра дыялог у чарзе паштовага аддзялення. Натоўп бабулек распавядае жахі пра вірус (ніхто не ў масцы, дарэчы). Тут мужчына перадпенсійнага ўзросту кідае рэпліку: «Памідоры ставіце? Нууу, закаткі-кансервы?..» Жанчыны ў шоку: «Дык яно праз памідоры ідзе! Ці... праз спецыі?! Божа-божа...» Мужчына з сумам: «Ды не, я тэму проста хацеў змяніць. Пра добрае што паразмаўляць».
І так ва ўсім. З тыдзень таму напісаў журналіст: «Перакрываюць горад, трэба ехаць здымаць!» Выявілася, што вайскоўцы проста пераганялі нейкі транспарт. Днямі новая інфармацыя: міліцыя на роварах патрулюе лясы і запытвае ў людзей, што яны там робяць. Маўляў, тэстуюць перакрыццё любой сцяжынкі з горада, рыхтуюцца да каранціну! Аказалася, што патруль проста некага перапытаў: «Ну як адпачываецца, усё добра?»
Заўтра можна сказаць, што COVID-19 справакавалі сантэхнікі, якія ставяць няправільныя краны, а мы пасля п’ём няправільную ваду. Ці армяне. Ці ІТшнікі. Ці эколагі. Хто заўгодна. Міфалагічнае мысленне нікуды не падзелася. Старыя сэнсы не знікаюць — яны наслойваюцца. Чалавек карыстаецца айфонам апошняй мадэлі, а ўсярэдзіне — такі самы цемрашал, які цягнуў на вогнішча ведзьму гадоў 300-400 таму.
Ну, ездзілі, прыкладам, нашы суайчыннікі ў Індыю ды на Гоа па «прасвятленне» і прыгожыя фота. Свет адкрыты, усе ўсміхаюцца, «я веру ў Ісуса Хрыста, веру ў Гаўтаму Буду...» і г. д. А тут індыйцы ўводзяць каранцін. Б’юць палкамі і суайчыннікаў, і прыхадняў. Турыстаў нібыта нават больш старанна: яны ж, «белыя д’яблы», прынеслі заразу! Вось мы і бачым: банкаўскія карткі Visa, фастфуд, вай-фай ды іншыя даброты цывілізацыі — усяго толькі танюткае шалупінне, пад якім схаваны сапраўдны чалавек. Архаічны і агрэсіўны.
Самае страшнае, відаць, тое, што чакае нас у светлым заўтра. Адурэлыя ад штодзённага псіхозу, чутак і банальнага дамаседства-самаізаляцыі людзі ўсё ж некалі выйдуць на вуліцы. Выйдуць — і жахнуцца. Бо там — эканамічная разруха, закрытыя межы, трубы заводаў без звыклай стужачкі дыму. Пачнецца сапраўдная марціновічаўская «Ноч» сярод белага дня. Толькі ў якасці валюты — пляшачкі антысептыку, а не батарэйкі.На яшчэ цёплыя папялішчы з прахам праціўнікаў каранціну пацягнуць тых, хто за гэты самы каранцін агітаваў. Бо калі COVID перамог цывілізацыю — значыць, боства на алтары мае змяніцца. Хто моцны, таго і рацыя.
Планета адродзіцца, вікінгі вярнуцца ў Балтыйскае мора, а летазлічэнне абнуліцца. Ішоў, прыкладам, 33-і год ад нараджэння «святога Ковіда». Хто ці што такое COVID, з часам таксама забудуць, але жыццёвы шлях ды Ягоныя запаветы неўзабаве напішуць. Накрэсляць чарнілам на паперы або выдрапаюць цвічком на плоскім корпусе непатрэбнага ўжо ноўтбука, усярэдзіне якога заснуць вечным сном тысячы анлайнаў, пастоў у Facebook ды хэштэгаў.
Алесь Кіркевіч, budzma.by