Як бунтуюць беларускія турмы
Даведзеныя да адчаю людзі здольныя паўставаць нават у самых цяжкіх умовах. Але гэтыя паўстанні не падобныя на тое, што мы сабе ўяўляем.
6 лістапада сацсеткі скалыхнула інфармацыя аб бунце ў Івацэвіцкай калоніі №22 («Ваўчыныя норы»). Паведамлялася, што гэта адбылося ў ноч з суботы на нядзелю, і ў бунце прынялі ўдзел усе асуджаныя ва ўсіх атрадах. Аб самім бунце нічога не вядома, акрамя таго, што былі заблакаваныя дзверы ў атрады (хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе брамкі ў лакальныя ўчасткі баракаў — г.зв. «лакалкі») і што некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі атрымалі траўмы. Патрабаванне — зняць начальства калоніі.
Аб прычынах, справакаваўшых бунт, рэакцыі адміністрацыі і наступствах нам не вядома. Каб рабіць больш-менш абгрунтаваныя здагадкі аб гэтым, трэба паглядзець на сітуацыю праз прызму спецыфікі турэмных бунтаў увогуле.
«Я не буду гэтага рабіць»
Турэмны бунт рэдка прымае форму «масавых беспарадкаў» — ламання чагосьці, падпалаў, нападаў на прадстаўнікоў адміністрацыі. Калі такія напады мелі месца ў ПК-22, то гэта, хутчэй, выключэнне. Прычына простая: турэмныя правілы і ўся турэмная сацыяльная мадэль пабудаваныя на вертыкалі «загад-выкананне». Каб падарваць яе, дастаткова адмовіцца ад выканання загаду. Больш за тое, правілы ўнутранага распарадку дазваляюць супрацоўнікам ПК ужываць сілу супраць зняволеных, якія адмаўляюцца падпарадкоўвацца загадам. Прасцей кажучы, вязня абсалютна легальна могуць збіць, напрыклад, за адмову выходзіць на працу. Ці за адмову прыбіраць туалеты.
Каб бунтаваць у калоніі — шмат не трэба. Дастаткова на патрабаванне афіцэра сказаць: «Я не буду гэтага рабіць».
У 2010 годзе я быў сведкам лакальнага бунту ў ПК-15. Там мясцовая адміністрацыя практыкавала кругавую адказнасць у пакаранні асуджаных і прымушала ўвесь атрад каранціна (каля 50 чалавек) маршыраваць па плацы ўзад-уперад за парушэнне дысцыпліны адным. Прыніжальна, агідна — аднак усе гэта рабілі. Да таго часу як у каранцін заехалі двое палітычных зняволеных.
Аднойчы нас спрабавалі вывесці маршыраваць за тое, што 18-гадовы хлопец паліў уначы ў туалеце. Але гэта выклікала арганізаваны супраціў: загадзя было дамоўлена, што ніхто не маршыруе. Падбухтораны трыма вязнямі, атрад у 50 чалавек адмаўляўся маршыраваць, нягледзячы на крыкі супрацоўнікаў рэжымнага аддзелу. Праўда, роўна да таго моманту, калі гэтых трох не вывялі з шэрагаў, а астатнім не пачалі раздаваць кухталёў.
Але для адміністрацыі гэта было сапраўднае ЧП. І пасля яго падобныя маршыроўкі больш не практыкаваліся.
Бунт вырачаных
Турэмны бунт — гэта амаль заўсёды бунт вырачаных. Вязні жывуць у закрытай прасторы, і яны разумеюць, што ўсім ім яшчэ адбываць тэрмін. Жывучы ўвесь час пад страхам ужывання супраць іх гвалту, пад строгай сістэмай «бізуна і перніка» (дзе бізун — ШІЗА, пазбаўленні спатканняў і перадач, збіцці, а пернік — спатканні, перадачы і УДВ (Умоўна-датэрміновае вызваленне)), не маючы ўстойлівай і, галоўнае, паспяховай гісторыі супраціву (у адрозненні, напрыклад, ад вязняў амерыканскіх турмаў, якія маюць нават свае асацыяцыі і прафсаюзы), яны рэальна не схільныя да бунтаў, бо разумеюць, што перамога — малаверагодная, а пакаранне прыйдзецца панесці ў любым выпадку.
Тое, што бунт будзе падаўлены, зразумела яшчэ да яго пачатку. Бонусы ад палягчэння рэжыму і спынення здзекаў маячаць недзе ўдалечыні, і нават даступныя яны будуць не ўсім, а толькі тым, хто застанецца ў гэтай калоніі і не будзе вывезены пасля падаўлення бунту.
Вязень, які бунтуе, — гэта не хіпстэр, што выйшаў на вуліцу з плакатам, бо ўпэўнены, што на ягоным баку закон і Канстытуцыя. Гэта заўсёды чалавек, даведзены да адчаю. Кожны бунтар у калоніі ўсведамляе, што яму стоадсоткава прыйдзецца панесці пакаранне. У залежнасці ад ступені ўдзела гэта можа быць перавод у «крытую« ці ПКТ, дзесяць, дваццаць і болей сутак ШІЗА. Пра доўгае і працяглае збіццё і гаварыць не прыходзіцца — гэта, так бы мовіць, абавязковы мінімум. Для арганізатараў жа існуюць артыкулы 410 і 411 УК РБ, якія азначаюць што вызваленне адкладаецца яшчэ на доўгія гады.
Таму каб бунтаваць у турме, трэба мець рэальную смеласць і адчай.
Бунт ці УДВ?
Турэмны бунт амаль ніколі не бывае падтрыманы ўсімі. Таму паведамленне ў навінах аб тым, што яго падтрымалі «ўсе асуджаныя ва ўсіх атрадах», выклікае сумнеў. Такое магчыма толькі ў адным выпадку — моцная структура нефармальнай улады і салідарнасці між вязнямі, што значыла б для патэнцыйных «штрэйбрэхераў» жорсткія штрафныя меры за спробу адмовіцца ад удзелу ў бунце. Вельмі малаверагодна, каб такая структура існавала ў ПК-22.
Але самае галоўнае — добрых 10-15% турэмнага насельніцтва складаюць г.зв. «казлы» — асуджаныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, маючы ад яе рэальныя прывілеі і, самае галоўнае, — шанец на датэрміновае вызваленне. Звычайна гэта людзі з вялікімі тэрмінамі. Удзел у бунце для іх — значыць паставіць крыж на прывілеях і перспектыве вызваліцца раней. А калі ў чалавека, напрыклад, тэрмін 25 гадоў, для яго ёсць розніца: падтрымаць бунт і выйсці на волю праз 25 год, альбо «заціхарыцца« і вызваліцца, скажам, на 7 гадоў раней — праз васемнаццаць.
Не ведаць не маглі?
Любы бунт робіцца магчымым пры наяўнасці арганізуючай сілы. Нехта мусіць падрыхтаваць дзеянні, дамовіцца з колам удзельнікаў (хаця б першапачатковым). У мінулым гэта былі блатныя: праваднікі «злодзейскай рамантыкі» і нефармальных паняццяў злачыннага міру. З часам, калі культура, этыка і арганізацыйная структура гэтых груп падвергліся значнай эрозіі, усё часцей бунтаваць сталі звычайныя зэкі, маючы на ўвазе не насаджэнне блатных парадкаў, а канкрэтнае паляпшэнне якасці жыцця. Дарэчы, гэтая тэндэнцыя тычыцца не толькі беларускіх турмаў, але і расійскіх, дзе ў «беспредельных» і «катавальных» зонах, у якіх блатных не можа быць па вызначэнню, таксама адбываюцца буйныя выступленні.
Тут важна разумець, што на недапушчэнне «супрацьпраўных дзеянняў» у калоніі працуе цэлы аператыўны аддзел, укамплектаваны афіцэрамі з вышэйшай адукацыяй. У іх абавязкі якраз і ўваходзіць спыняць такія выступы яшчэ да іх пачатку. Праз сваіх «стукачоў» з ліку іншых зняволеных яны атрымліваюць інфармацыю аб падрыхтоўцы любога непадпарадкавання і прымаюць меры: пераводзяць зачыншчыкаў у ШІЗА, у іншую зону і г.д.
Па шэрагу прычын, у тым ліку такіх як заняпад традыцыйнай арыштанцкай культуры, многія асуджаныя ахвотна ідуць на нефармальную падпрацоўку інфарматарамі аператыўнікаў: хто за перспектыву УДВ, хто за пачак цыгарэт. Я ведаў атрады, дзе, па агульным меркаванні, «стучала» да 70% насельніцтва. Зразумела, што ў такіх умовах не ведаць пра нешта, што рыхтуецца, аператыўнікі проста не могуць. Таму калі ў ПК-22 усё ж адбыўся бунт, ды яшчэ такі масавы, гэта значыць, аператыўнікі мелі інфармацыю, але не ўспрынялі яе ўсур'ёз.
І ў гэтай сувязі асабліва цікавым робіцца той факт, што ПК-22 — гэта калонія для асуджаных па наркатычных артыкулах. Прытым для тых, хто раней не адбываў пакаранне. Зборны вобраз жыхара гэтай калоніі: мужчына, чый узрост значна маладзейшы за сярэдні, звычайна з Мінска ці з абласнога цэнтру, дастатак яго сям'і сярэдні ці вышэй. Ён памятае вольнае жыццё, мае вялікі тэрмін, аднак не мае шансаў на датэрміновае вызваленне — яго для «наркатычных» артыкулаў абрэзалі згодна з Дэкрэтам. Дададзім сюды вельмі жорсткі рэжым утрымання ва ўсіх «наркатычных» зонах — як патрабаваў Лукашэнка, «каб смерці прасілі». Менавіта гэтая грымучая сувязь фактараў магла стаць чыннікам, які справакаваў бунт у ПК-22.
Правы вязняў парушаюцца абсалютна паўсюль, аднак на арганізаваны супраціў вырашаюцца нямногія. Калі вязні ПК-22 усё ж даб'юцца выканання хаця б часткі сваіх патрабаванняў, гэта мусіць стаць урокам усім тым, хто працягвае маўкліва цярпець несправядлівасць па абодва бакі плоту.